Кацярына Васільеўна Білакур
Кацярына Васільеўна Білакур (укр.: Катери́на Васи́лівна Білоку́р; 24 лістапада (7 снежня) 1900, Багданіўка, Палтаўская губерня, Расійская імперыя — 10 чэрвеня 1961, Багданіўка, Ягатынскі раён, Кіеўская вобласць, УССР) — украінская мастачка жанру наіўнага мастацтва, майстар народнага дэкаратыўнага жывапісу. Народны мастак Украінскай ССР (1956). БіяграфіяНарадзілася 24 лістапада (7 снежня) 1900 года ў в. Багданіўка Палтаўскай губерні Расійскай імперыі. Бацька, Васіль Іосіфавіч Білакур, быў даволі заможным чалавекам, меў 2,5 дзесяціны ворнай зямлі, трымаў жывёлу. Мела братоў Рыгора і Паўла. У 6—7 гадоў Кацярына Білакур навучылася чытаць, аднак на сямейным савеце вырашылі не аддаваць дачку ў школу, каб зэканоміць на вопратцы і абутку. Маляваць пачала з ранніх гадоў, аднак бацькі не ўхвалялі гэты занятак і забаранялі ім займацца, бо ён адцягваў ад працы па гаспадарцы і мог пашкодзіць замужжу. Кацярына працягвала маляваць цішком ад родных, выкарыстоўваючы палатно і вугаль. Малявала дэкарацыі для драмгуртка, створанага суседам і сваяком Білакураў — Мікітай Танканогам. Пазней Білакур таксама іграла на сцэне гэтага тэатра. У 1922—1923 гадах даведалася пра Міргародскі тэхнікум мастацкай керамікі. Адправілася ў Міргарад, маючы пры сабе два малюнкі: «копія з нейкай карцінкі» і малюнак дзедаўскай хаты з натуры, выкананыя ўжо не на палатне, а на спецыяльна для гэтага прыдбанай паперы. У тэхнікум Білакур не прынялі з-за адсутнасці дакумента аб заканчэнні сямігодкі. Уражаная адмовай, яна вярнулася дадому пешшу. Маляваць не пакідала і пасля пачала наведваць драматычны гурток, арганізаваны сужэнцамі настаўнікамі Калітамі. Бацькі пагадзіліся на ўдзел дачкі ў спектаклях, але пры ўмове, што драмгурток не будзе перашкаджаць рабоце па гаспадарцы. У гуртку ставілі «Наталку Палтаўку» І. Катлярэўскага, «Сватаўства на Ганчароўцы» Р. Квіткі-Аснаўяненкі, «Наймічку» і «Безталанна» І. Карпенкі-Карага, «Маці-наймічку» І. Тагабочнага (інсцэнізацыю «Наймічкі» Т. Шаўчэнкі) і г.д. У свае 24-26 гадоў Білакур пераважна гуляла «маладзіц». У 1928 годзе, даведаўшыся аб наборы студэнтаў у Кіеўскі тэатральны тэхнікум, вырашыла паспрабаваць свае сілы. Але сітуацыя паўтарылася: ёй зноў адмовілі з той жа прычыны. Восенню 1934 года спрабавала ўтапіцца ў рацэ Чумгак, у выніку чаго затудзіла ногі. Пасля спробы самагубства бацька з праклёнамі пагадзіўся на занятак дачкі маляваннем. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны сям’я Білакур стала калгаснікамі. У 1948 годзе памёр бацька мастачкі. Кацярына некаторы час жыла з хворай маці, а пазней да яе пераехаў яе брат Рыгор з жонкай і пяццю дзецьмі. У сям’і пачаліся шматлікія зваркі. Вясной 1961 года да боляў у нагах дадаліся моцныя болі ў страўніку. Хатнія сродкі не дапамагалі, а ў аптэцы Багданіўкі не было неабходных лекаў. У пачатку чэрвеня 1961 года памерла маці мастчкі. Праз некалькі дзён Кацярыну Білакур даставілі ў Ягоцінскую раённую бальніцу, дзе 10 чэрвеня ёй зрабілі аперацыю, якая не дапамагла. У гэты ж дзень мастачка памерла. Пахавана ў в. Багданіўка, аўтар надмагільнага помніка — скульптар Іван Ганчар. ТворчасцьУвесну 1940 года Білакур пачула па радыё песню «Чи я в лузі не калина була» ў выкананні Аксаны Петрусенка і звярнулася да спявачкі з лістом, дадаўшы да яго малюнак каліны на шматочку палатна. Малюнак уразіў Петрусенка. Параіўшыся з сябрамі Васілём Касіянам і Паўлам Тычынай, яна звярнулася ў Цэнтр народнай творчасці, пасля чаго ў абласны цэнтр паступіла распараджэнне знайсці Кацярыну Білакур і пацікавіцца яе працамі. Багданаўку наведаў Уладзімір Хіцько, які ўзначальваў тады мастацка-метадычны савет абласнога Дома народнай творчасці. Некалькі карцін ён паказаў у Палтаве мастаку Мацвею Данцову. У 1940 годзе ў Палтаўскім доме народнай творчасці была адкрыта персанальная выстава мастачкі-самавучкі з Багданаўкі, якая ў той час складалася з 11 карцін. Выстава мела вялікі поспех. Мастачку прэміравалі паездкай да Масквы. У суправаджэнні Уладзіміра Хіцько яна наведала Траццякоўскую галерэю, Пушкінскі музей. У 1944 годзе Багданаўку наведаў дырэктар Дзяржаўнага музея ўкраінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва Васіль Нагай. Ён прапанаваў Білакур зладзіць выставу і набыць яе карціны. Дзякуючы яму Музей украінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва мае найлепшую калекцыю твораў Білакур. У 1949 годзе стала членам Саюза мастакоў Украіны. Работы Кацярыны Білакур рэгулярна экспанаваліся на выставах у Палтаве, Кіеве, Маскве і іншых гарадах. Тры карціны Білакур — «Цар-Колас», «Бярозка» і «Калгаснае поле» былі ўведзены ў склад экспазіцыі савецкага мастацтва на Міжнароднай выставе ў Парыжы (1954). Білакур параўноўвалі з іншай прадстаўніцай «наіўнага мастацтва» — Серафінай Луі. У мастачцы з’явіліся шматлікія сябры, перш за ўсё мастакі і мастацтвазнаўцы, сярод якіх яна знайшла разуменне і павагу. Акрамя сустрэч, яна вяла з імі працяглую перапіску з Багданаўкі. Сярод яе адрасатаў — паэт Павел Тычына і яго жонка Лідзія Пятроўна Папарук, мастацтвазнаўца Стэфан Таранушэнка, дырэктар Музея ўкраінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва Васіль Нагай, мастакі і мастачкі Алена Кульчыцкая, Мацвей Данцоў, Эма Гуровіч. У Багданаўцы ў Белакур з’яаілія вучаніцы: Вольга Бінчук, Тамара Ганжа, Ганна Самарская. У асноўным Кацярына Білакур малявала кветкі. Нярэдка ў адной карціне спалучала вясновыя і восеньскія — такая карціна малявалася з вясны да восені. 6 вяргінь на карціне «Калгаснае поле» малявала тры тыдні. Акрамя кветак Кацярына Белакур малявала краявіды і партрэты. Некалькі разоў звярталася да сюжэту бусла, які прыносіць дзіця, але адмовілася ад гэтай ідэі са здзіўлення і неразумення навакольных. Акварэллю і алоўкам працавала мала, мастачку больш прыцягвалі алейныя фарбы. Сама рабіла пэндзлі — выбірала з кацінага хваста валасінкі аднолькавай даўжыні. Для кожнай фарбы — свой пэндзаль. Самастойна авалодала тэхнікай грунтоўкі палатна. Спіс карцін
Галерэя
Узнагароды
Ушанаванне памяці
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia