Куклі (археалагічны помнік)
Куклі (мясцовая назва — Баярскія магілы) — археалагічны помнік: каменны могільнік каля в. Куклі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. За 1,5 — 2 км на захад ад вёскі, на пагорку сярод поля. Паходжанне могільніка мясцовыя жыхары тлумачаць як вынік вайны баяр з крыжакамі. Выявіла ў 1982 г. і абследавала ў 1988 — 1989 гг. А. В. Квяткоўская (48 пахаванняў), абследаваў у 1984 г. Я. Г. Звяруга. Магілы згрупаваны па 2 — 3, цягнуцца няроўнымі радамі з поўначы на поўдзень. Больш старажытныя чаргуюцца з пазнейшымі, ёсць падзахаванні. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў чатырохвугольных ямах глыбінёй 0,8 — 1,3 м галавой на поўдзень ці паўднёвы захад. Каменныя вымасткі авальнай і падоўжана-авальнай формы (2,1х1,5х0,25 м, 2,7х1,7х0,25 м) з камянёў сярэдніх і малых памераў, часткова ці поўнасцю разбураны. У галаве пахаванняў — большыя камяні. Пад вымасткамі выяўлены вуглі і фрагменты непаліванай ганчарнай керамікі чырвонага і брудна-жоўтага колераў. Чырвоныя гаршкі з невысокім, крыху адагнутым венчыкам, лінейным ці хвалістым арнаментам патулаве; выраблены з дрэнна перамяшанай гліны і слаба абпалены. Датуюцца XII — XIII стст. Брудна-жоўтыя гаршкі слоікападобныя, з ледзь прыкметным рабром, па плечуках арнаментаваны перакрыжаванымі лініямі; выраблены з добра перамяшанай гліны, раўнамерна абпалены. Датуюцца XI — XIII стст. Аналагі абодвух відаў гаршкоў у пахаваннях на паўднёвым усходзе Літвы, у курганным могільніку Пуцілкавічы (Ушацкі раён). У запаўненні магілы знойдзены фрагменты керамікі, у слаі гумусу — жалезныя нажы, бронзавыя і медныя пярсцёнкі, бронзавая бразготка, двухлязовае крэсіва, паясное кольца, кавалак жалезнай пласціны і медная бляшка ад рыштунку каня. Пад вымасткамі на глыбіні каля 0,3 м сляды вогнішчаў, якія не дасягалі касцей. У большасці пахаванняў выяўлены рэшткі дамавін. Іх інвентар: медныя бляшкі ад галаўнога ўбору, шматпацеркавыя скроневыя кольцы з медзі і серабра, рознакаляровыя шкляныя пацеркі, бронзавыя бразготкі, медны крыжык, ракавіны кауры, сімвалічныя ключы, завушніцы, пярсцёнкі, грошы і інш. У 6 магілах без інвентару на заходнем ускрайку могільніка пахавальны абрад вызначаецца наяўнасцю керамікі ў вогнішчах пад вымасткамі, дамавіны абмазаны глінай. Адноўлены з фрагментаў гаршчок мае тонкі прамы венчык, датуецца XVII — XVIII стст. Яго аналаг у каменным могільніку Коматава (Гродзенскі раён). Могільнік датуецца XII — XIII стст. і канцом XIV — пачатку XVII стст. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia