Лабрадор (паўвостраў)
Лабрадор[1] (фр.: péninsule du Labrador, англ.: Labrador Peninsula) — паўвостраў на ўсходзе Канады. Займае правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор і Квебек. Лабрадор (Labrador, ад парт.: Lavrador — земляроб). Абмываецца водамі Атлантычнага акіяна, заліў Святога Лаўрэнція[1], Гудзонава праліва[1] і Гудзонава заліва[1]. Берагі на поўначы і захадзе пераважна нізкія, месцамі шхерныя. Усходняе ўзбярэжжа высокае, берагі фіёрдавыя, на поўдні — просталінейныя. Плошча больш за 1,6 млн км². Складзены дакембрыйскі пародамі (граніты, гнейс, габра). У геалагічным дачыненні — частка Канадскага шчыта[1], араграфічным — усходняя вобласць Лаўрэнційскага ўзвышша[1]. Паверхня ўзгорыстая са слядамі чацвярцічнага зледзянення. Усходні край прыпадняты (горы Торнгат[1], 1621 м), у цэнтры — шырокае Азёрнае плато[1] вышынёй 500—800 м. З поўначы на поўдзень працягваецца адна з найбуйнейшых у свеце руданосных зон (гл. жалезарудны пояс Лабрадор[1]). Клімат субарктычны і ўмераны; знаходзіцца пад моцным уплывам Паўночнага Ледавітага акіяна (Гудзонава заліва) і халоднага Лабрадорскага цячэння[1]. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −28 °C на паўночным захадзе да −12 °C на паўднёвым усходзе, ліпеня — ад 7 °C на поўначы да 18 °C на поўдні. Ападкаў ад 250 мм у год на поўначы да 1200 мм на поўдні. На большай частцы тэрыторыі Лабрадора распаўсюджаны шматгадовамёрзлыя грунты. Рэкі парожыстыя, несуднаходныя (самая буйная — Чэрчыль); шмат азёр (Містасіні, Смолвуд і інш), балот. Пераважная расліннасць — лесатундра і рэдкастойныя лясы з чорнай і белай елі, бальзамічнай піхты і лістоўніцы. На поўдні — тайговыя лясы, месцамі з прымешкай ліставых парод. Значныя пушныя рэсурсы (куніца, лісіца, рысь, андатра). Населена галоўным чынам узбярэжжа. Здабыча жалезнай руды. Пушны і рыбны промыслы. Гарады: Сет-Іль[1], Шэфервіл[1], Кууджуак[1], Лабрадор-Сіці[1]. У гонар паўвострава названы аднайменны мінерал. На паўвостраве знаходзіцца крайні ўсходні пункт Паўночнай Амерыкі — мыс Сент-Чарльз[2]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia