Літаратурная кансервацыя

Літаратурная кансервацыя — распрацаваны С. Л. Гараніным[1] і агульнапрыняты ў беларускім літаратуразнаўстве[заўв 1] тэрмін для абазначэння пераходнага этапу (а таксама працэсаў у развіцці літаратуры, звязаных з гэтым этапам) у гісторыі старажытнарускай і старабеларускай літаратуры (прыкладна другая палова XIII — першая палова XIV стагоддзя), у межах якога найбольш распаўсюджанай формай літаратурнага жыцця стала капіраванне, захаванне і кампіляцыя ранейшых тэкстаў без істотнага творчага пераасэнсавання[2]. Паняцце літаратурнай кансервацыі можа таксама абазначацца як феномен кансерватыўнага традыцыяналізму ва ўсходнеславянскай сярэднявечнай культуры (паводле Л. В. Ляўшун), акамяненне (па А. Н. Весялоўскаму) альбо фармалізацыя (па Дз. С. Ліхачову)[3]. У працэсе літаратурнай кансервацыі выразна праяўляецца імкненне захаваць традыцыю ва ўмовах культурна-грамадскага крызісу, выкліканага знешнімі пагрозамі (мангола-татарскім нашэсцем, крыжацкай агрэсіяй), палітычнай дэзынтэграцыяй і заняпадам дзяржаўных інстытутаў[2].

Прыкметы літаратурнай кансервацыі

С. Л. Гараніным вылучаюцца наступныя прыкметы літаратурнага працэсу перыяду літаратурнай кансервацыі[2]:

  • Спыненне працэсу творчага развіцця літаратуры (перавага перапісвання і кампіляцыі над стварэннем арыгінальнага)
  • Імкненне да літаральнага захавання тэкстаў (у тым ліку на ўзроўні падабенства ў афармленні літар)
    • Святое Пісанне, у прыватнасці, разумелася літаральна, а ягоны тэкст успрымаўся як сакральны аб’ект, дзе кожная літара мае глыбокае значэнне[2].
  • Містычнае ўспрыманне кананічных тэкстаў як носьбітаў найвышэйшай Ісціны
    • У аснове ўспрымання літаратурных тэкстаў падчас літаратурнай кансервацыі ляжыць рэлігійная ідэя аб тым, што тэкст — гэта непасрэдны носьбіт Божай праўды[2].
  • Кананізацыя літаратурных прыёмаў і формаў мінулага (Дз. С. Ліхачоў вызначае гэты працэс як «застывание в декоративности и повторяющихся формальных приемах»[4])
    • Напрыклад, Галіцка-Валынскі летапіс перарабляецца з хронікі на тыповы летапісны звод накшталт Кіеўскага, г. зн. рэдактар «па ўзоры» старажытных летапісных зводаў разбівае цэльнае белетрызаванае апавяданне Галіцка-Валынскага летапісу на пагадовыя артыкулы, не клапоцячыся пры гэтым ні пра дакладнасць саміх дат, ні пра сувязь паміж артыкуламі[3].

Значэнне для літаратурнага працэсу

Хоць "літаратурная кансервацыя" абмяжоўвала арыгінальную творчасць, але не была застойнай з'явай у гісторыі беларускай літаратуры. Яна захавала і структуравала традыцыю пісьменства, забяспечыўшы пераемнасць літаратурнай культуры і падрыхтаваўшы глебу для росквіту літаратуры ў канцы XIV — XV стагоддзях[2].

Заўвагі

  1. Выкарыстанне тэрміна ў шматаўтарскім выданні (у т. л. пры ўдзеле такіх аўтарытэтных даследчыкаў перыяду Сярэднявечча, як В. А. Чамярыцкі, Л. В. Ляўшун, Т. П. Казакова) Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў, падрыхтаваным Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ў 2007 годзе, дазваляе меркаваць аб агульнапрынятасці тэрміна ў гісторыі беларускай літаратуры.

Зноскі

  1. Гл.: Гаранін С. Л. Шляхамі даўніх вандраванняў… С. 51; Яго ж: Літаратурны працэс на мяжы эпох: ад ранняга да позняга Сярэднявечча // Роднае слова, 2002, № 2. С. 14 – 19; № 3. С. 25 – 28. Яго ж: Літаратура ранняга сярэднявечча // Гісторыя беларускай літаратуры: У 2 тамах. Т. 1.
  2. а б в г д е ГБЛ 2007.
  3. а б Л. Левшун 2009.
  4. Д. Лихачев 1998.

Літаратура

  • Рэд.: В. А. Чамярыцкі. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — Т. 1. — С. 84—93.
  • Левшун Л. В. О слове преображенном и Слове преображающем. Теоретико-аналитический очерк истории восточнославянского книжного слова XI–XVII веков (руск.). — Мн.: Белорусская православная церковь, 2009. — 896 с.
  • Лихачев, Д. С. Развитие русской литературы X-XVII веков (руск.). — 3-е выд. — СПб.: Наука, 1998. — 204 с. — ISBN 5-02-028379-7.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya