Галіцка-Валынскі летапіс
Галіцка-Валынскі летапіс — трэцяя частка Іпацьеўскага летапісу, летапісны звод галіцка-валынскага паходжання (адсюль назва). Магчыма, што апошнія артыкулы, якія датычаць апошняй чвэрці 13 ст., пісаліся ў Турава-Пінскім княстве[заўв 1]. Звод ахоплівае падзеі ад пачатку да канца 13 ст. (дакладней, 1201—1292). Летапіс удзяляе шмат увагі тагачасным падзеям у Панямонні: войнам з яцвягамі, літоўцамі, дамове групы літоўскіх князёў з валынянамі (1219) і пад. Галіцка-Валынскі звод не меў уласнага падзелу на гадавыя запісы. Больш позняя разбіўка на гады аказалася недакладнай, і была выпраўлена М. Грушэўскім (1901). Летапіс з'яўляецца самай каштоўнай першакрыніцай па дзяржаваўтварэнню ВКЛ, і адной з дзвюх асноўных першакрыніц на гэтую тэму (Гл. таксама: Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка). СтруктураЛетапіс складаецца з дзвюх частак[1][2]. Першая з іх і найбольш вядомая — «Летапісец Данілы Галіцкага», створаны паміж 1256 і 1258 гадамі ў горадзе Холм пры мясцовай епіскапскай кафедры. Летапісец займае прыкладна дзве трэція ўсяго тэксту летапісу і прысвечаны дзейнасці князя Данілы Раманавіча. Твор вылучаецца свецкім характарам аповеду і адназвязнасцю матэрыялу (праз адсутнасць пагадовай разбіўкі, якая была зроблена пазней, верагодна, пры ўкладанні твора ў Іпацьеўскі збор). Прычынна-выніковы аповед, што змяніў традыцыйную для жанру летапісу пагадовую структуру, сведчыць пра разбурэнне рэлігійнага прынцыпу летапісання[заўв 2] і ўзнікненне на Русі новага тыпу гістарычнай прозы, набліжанага да заходнееўрапейскіх хронік. Другой часткай Галіцка-Валынскага летапісу з'яўляецца так званы «Валынскі летапіс», створаны ў 90-х гадах XIII стагоддзя. Як і «Летапісец Данілы Галіцкага», ён не меў пагадовай структуры, аднак выкладанне ўсё ж падпарадкоўвалася храналагічнай паслядоўнасці падзей. «Валынскі летапіс», у адрозненне ад Летапісца, мае больш лакальны, рэгіянальна абмежаваны характар і вылучаецца лаканічнасцю апавядання. Мастацкія асаблівасціСтыль летапісу адметны маляўнічасцю, багаццем вобразна-паэтычнай мовы, выкарыстаннем метафар, параўнанняў, эмацыянальных воклічаў. Асаблівая ўвага надаецца апісанню бітваў, паходаў, зброі, што парадняе твор са свецкімі хронікамі заходнееўрапейскага тыпу. Значэнне для беларускай гістарыяграфіі і літаратурыУ Галіцка-Валынскім летапісе змяшчаюцца каштоўныя звесткі пра гісторыю беларускіх гарадоў, такіх як Навагрудак, Гродна, Тураў, Пінск, Брэст, Ваўкавыск, Слонім, а таксама пра палітычныя падзеі ў Верхнім Панямонні і дзейнасць такіх дзеячаў, як Міндоўг, Войшалк і Трайдзень. Нягледзячы на падачу матэрыялу з пагляду інтарэсаў Галіцка-Валынскага княства, летапіс змог стварыць выразныя вобразы літоўска-беларускіх уладароў і ў цэлым аб'ектыўна адлюстраваць працэс фарміравання дзяржаўнасці літоўскага і беларускага народаў. Летапіс стаў шырока вядомым беларускім кніжнікам у XV—XVI стагоддзях і паўплываў на стварэнне «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і «Хронікі Быхаўца». Форма і стыль апавядання Галіцка-Валынскага летапісу сталі ўзорам для «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», складзенага каля 1430 года. ЗноскіЗаўвагі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia