Манькавіцкая сядзіба
Манькавіцкая сядзіба — сядзібна-паркавы комплекс, які існаваў у канцы XVIII — першай палове XX ст. у в. Манькавічы (Пастаўскі раён). Належаў Хлявінскай, потым Друцкім-Любецкім. Уключаў гасподу, гаспадарчыя пабудовы, парк, капліцу-пахавальню. Гаспода — прамавугольны ў плане драўляны аднапавярховы будынак з мезанінам у цэнтры. Стаяў на каменным падмурку. Быў накрыты мансардавым ламаным дахам з круглымі люкарнамі. Меў рысы пераходнай архітэктуры — ад позняга барока да класіцызму. Гарызантальна ашаляваныя звонку сцены прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны фасад вылучаны двух'ярусным чатырохкалонным порцікам (у ніжнім ярусе калоны ў сячэнні круглыя, у верхнім, надбудаваным пазней, — квадратныя) з ажурнай агароджай галерэі ў другім ярусе і разным франтонам у завяршэнні. Планіроўка анфіладная. Сярод гаспадарчых пабудоў манументальнасцю вылучаўся вырашаны ў стылі ампір мураваны свіран — прамавугольны ў плане на высокім бутавым цокалі цагляны будынак, накрыты двухсхільным дахам. Вуглы сцен аздобленыя рустам, галоўны падоўжаны фасад быў вырашаны галерэяй-каланадай тасканскага ордара. Захаваліся: капліца-пахавальня ў стылі позняга класіцызму, размешчаная ў лесапаркавым масіве на супрацьлеглым ад гасподы ўзгорыстым беразе става; бутавы свіран; млын. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia