Марыліза Ксенаянакапулу
Марыя-Эліза (Марыліза) Ксенаянакопулу (грэч. Μαρία-Ελίζα (Μαριλίζα) Ξενογιαννακοπούλου, нар. 20 лютага 1963, Афіны, Грэцыя) — грэчаскі юрыст, палітычны і дзяржаўны дзеяч. Сябра партыі СІРЫЗА. Дзеючы дэпутат парламента Грэцыі з 7 ліпеня 2019 года. У мінулым — міністр адміністрацыйнай рэформы (2018—2019), першы намеснік міністра замежных спраў Грэцыі (2010—2012), міністр аховы здароўя і сацыяльнай салідарнасці (2009—2010), дэпутат парламента Грэцыі (2007—2012), дэпутат Еўрапейскага парламента (2004—2007). БіяграфіяНарадзілася 20 лютага 1963 ў Афінах. У 1985 годзе скончыла юрыдычны факультэт Афінскага ўніверсітэта. У 1986 годзе атрымала дыплом DEA па публічным праве ва Універсітэце Парыж I Пантэон-Сарбона. Шмат гадоў працавала ў еўрапейскіх інстытутах у Бруселі, у Еўрапейскім парламенце, у Сакратарыяце Сацыялістычнай групы (1986—1995) і ў Еўрапейскай камісіі (1995—1999)[1]. Па выніках выбараў у Еўрапейскі парламент 2004 года абраная дэпутатам, пакінула Еўрапарламент у верасні 2007 года пасля абрання ў парламент Грэцыі, яе замяніла Ані Падымата. З юнацтва актыўна ўдзельнічала ў студэнцкім руху, у ПАСП і ПАСОК. Член аддзела міжнародных сувязяў моладзевага камітэта ПАСОК (1983—1985) і член праўлення Асацыяцыі студэнтаў-юрыстаў (1982—1983). Была членам аддзела міжнародных адносін ПАСОК (1985—1999) і намеснікам сакратара сектара мясцовага самакіравання (1999—2005). Прадстаўнік ПАСОК ў Сацыялістычным Інтэрнацыянале (1990—1992) і ў Бюро Саюза еўрапейскіх сацыялістычных партый (1989—1991). У 1994—2005 гадах — член ЦК ПАСОК, у 2005—2012 гадах — член Нацыянальнага савета ПАСОК, у 2005—2006 гадах — сакратар Нацыянальнага савета ПАСОК[1]. Па выніках парламенцкіх выбараў 2007 года упершыню абраная дэпутатам парламента ад ПАСОК у выбарчай акрузе Афіны Б. Пераабраная на выбарах 2009 года. 7 кастрычніка 2009 года атрымала партфель міністра аховы здароўя ва ўрадзе Ёргаса Папандрэў. Пасля перастановак 7 верасня 2010 года[2] уступіла на пасаду першага намесніка міністра замежных спраў па еўрапейскіх справах. Захавала пасаду ва ўрадзе Лукаса Пападзімаса[1]. У знак пратэсту супраць крэдытнага пагаднення з Еўрапейскім Саюзам, якое ўрад Пападзімаса планаваў правесці праз парламент у нядзелю, 12 лютага 2012 года, падала ў пятніцу, 10 лютага прашэнне аб адстаўцы[3]. Усяго з урада сышлі шэсць членаў. Парламент у панядзелак, 13 лютага ўхваліў шматгадовую праграму бюджэтнай эканоміі і скарачэння выдаткаў, у абмен «тройка» міжнародных крэдытораў (Еўракамісія, ЕЦБ і МВФ) далі другі пакет дапамогі на 130 мільярдаў еўра[4]. 44 дэпутаты кіруючай кааліцыі (ПАСОК і «Новая дэмакратыя») прагаласавалі супраць гэтага Пагаднення і, як следства, былі выключаныя са сваіх фракцый за парушэнне партыйнай дысцыпліны[5]. Сярод іх — Марыліза Ксенаяннакапулу[1]. У панядзелак, 5 лістапада 2012 года прэм’ер-міністр Антоніс Самарас унёс законапраект, які прадугледжвае скарачэнне выдаткаў на 13,5 мільярда еўра ў абмен на чарговы транш крэдытаў аб’ёмам у 31,5 мільярда еўра ад ЕС і МВФ. Законапраект прадугледжваў зніжэнне заробкаў і пенсій[6], перагляд сістэмы сацыяльнага забеспячэння і звальненне дзяржслужачых[7]. У чацвер, 8 лістапада парламент прыняў законапраект[8]. Перад галасаваннем Марыліза Ксенаяннакапулу выйшла з партыі ПАСОК[1]. Пасля перастановак ва ўрадзе Алексіса Цыпраса (СІРЫЗА) 28 жніўня 2018 года Марыліза Ксенаянакопулу стала міністрам адміністрацыйнай рэформы і змяніла Вольгу Геравасілі, прызначаную міністрам абароны грамадзян[9]. Знаходзілася на пасадзе да заканчэння паўнамоцтваў урада ў ліпені 2019 года[1]. Па выніках парламенцкіх выбараў 2019 года абраная ў выбарчай акрузе Б1 паўночных Афін дэпутатам парламента ад партыі СІРЫЗА[1]. Валодае англійскай і французскай мовамі[1]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia