Мацвей Кузьміч Любаўскі
Мацвей Кузьміч Любаўскі — рускі гісторык, выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмік АН СССР. Аўтар прац па гісторыі ВКЛ, гісторыі заходніх славян, гістарычнай геаграфіі Расійскай імперыі. БіяграфіяМацвей Кузьміч Любаўскі нарадзіўся 1(14) жніўня ў вёсцы Вялікія Можары Сапажкоўскага павета, Разанскай губерні ў сям’і дзячка. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў ад свайго дзеда, які навучаў унука царкоўнай азбуцы і чытанню. Дзядзька Мацвея, святар вёскі Меншыя Можары, вучыў яго арыфметыцы і граматыцы. У 1870 годзе Любаўскі паступае ў Сапажкоўскае духоўнае вучылішча, а ў 1874 годзе працягвае навучанне ў Разанскай духоўнай семінарыі. Пасля выдатнага яе заканчэння Любаўскі едзе ў Маскву. Спрыт і працавітасць дапамаглі яму ўладкавацца на новым месцы і ў 1878 годзе паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. На юнака тады мелі ўплыў выкладчык рускай гісторыі Папоў, дацэнт кафедры рускай гісторыі Ключэўскі і выкладчык усеагульнай гісторыі Гер’е. У 1882 годзе пад кіраўніцтвам Ніла Папова Любаўскі стварае працу «Дворяне и дети боярские в Московском государстве», за якую атрымлівае званне кандыдата, залаты медаль і прэмію імя Ісакава. У верасні 1886 года Мацвей Любаўскі ўладкоўваецца настаўнікам гісторыі ў прыватную гімназію. З 1887 года дае ўрокі геаграфіі ў 2-й жаночай гімназіі і Марыінскім вучылішчы. У 1892 годзе ён надрукаваў дысертацыю «Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута». Гэтая фундаментальная праца па Вялікім Княстве Літоўскім была прысвечана памяці Н. Папова. 31 траўня 1894 года Любаўскі атрымаў званне магістра і месца ў Маскоўскім універсітэце, дзе працаваў да 1930 года. 28 траўня 1901 года за працу «Литовско-русский сейм» Любаўскаму наданае званне доктара рускай гісторыі. А ў 1902 ён стаў пераемнікам Ключэўскага на кафедры. У 1908 годзе Любаўскі абраны дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта. На той час прыпаў новы рэвалюцыйны ўздым, і міністр народнай асветы Касо забараніў любыя студэнцкія зборы, акрамя навуковых. Мацвей Кузьміч, прыхільнік «партыі 17 кастрычніка», спрабаваў спыніць выкладчыкаў, што ішлі ў адстаўку ў знак пратэсту, бараніў студэнтаў. Мерапрыемствы, скіраваныя на захаванне ладу ва ўніверсітэце, узнялі аўтарытэт вучонага. У 1911—1917 гадах ён двойчы быў абраны на рэктара. З прац Любаўскага ў гэты час трэба адзначыць «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» (1910), што стаў адным з падмуркаў далейшых даследванняў на гэтую тэму і быў прызнаны важкім унёскам у гістарычную навуку сучаснымі яму і пазнейшымі гісторыкамі, у прыватнасці Пашутам; і «Историю западных славян» (1917). Любаўскі адмоўна ставіўся да бальшавіцкай рэвалюцыі, але і ў гэты цяжкі час працягваў чытаць лекцыі ва ўніверсітэце, клапаціўся пра вывучэнне і захаванне архіўных матэрыялаў. За дасягненні ў архіўнай справе і свае ранейшыя даследаванні Любаўскі ў 1929 годзе атрымаў званне Акадэміка Навук СССР. У 1930 годзе Мацвей Любаўскі разам з іншымі вучонымі быў рэпрэсаваны па «справе акадэміка Платонава» і на 5 гадоў сасланы ва Уфу. Нават там Любаўскі працягваў сваю дзейнасць і вывучаў гісторыю Башкірыі. 22 кастрычніка 1936 года ён памёр. У 1967 годзе гісторык быў рэабілітаваны і адноўлены ў званні Акадэміка. Сям’яУ 1891 годзе ажаніўся з Наталляй Валярыянаўнай Зызыкінай, выпускніцай прыватнай гімназіі Вінаградскай, дзе ён быў настаўнікам. З ёю нарадзіў 6 дзяцей. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia