Мята перцавая
Мя́та пе́рцавая (Méntha piperíta) — шматгадовая травяністая расліна роду Мята сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae). Культурная расліна — расце ў садах і гародах, дужа пахучая. Батанічнае апісанне![]() Расліна з гарызантальным карэннем і шматлікімі галінастымі сцёбламі. Колер сцёблаў цёмна-фіялетавы з багатымі кропкавымі залозкамі, голымі ці злёгку апушанымі[1]. Лісце накрыж-супрацьлеглае, яйцападобнае альбо ланцэтападобнае, па краю востразубчастае. Кветкі дробныя, светла-ліловыя, сабраныя на верхавіне сцябла і ветак у галоўка-калосападобныя суквецці. У адрозненне ад іншых ясноткакветных яны не двугубыя, а амаль правільныя[1]. Пах пры расціранні моцны, своеасаблівы, духмяны; смак пякучы, пры жаванні з’яўляецца працяглае адчуванне холаду ў роце. Расліна цвіце ўсё лета. Хімічны складУ раслінах утрымліваюцца эфірны алей (2,4 — 2,75 % у лісце, у суквеццях 4 — 6 %), дубільныя і смалістыя рэчывы, каратын (0,007 — 0,0075 %, у лісце 0,0105 — 0,012), гесперыдын, аскарбінавая (0,0095 %), хлорагенавая (0,7 %), кававая (0,5 — 2 %), урсолавая (0,3 %) і алеанолавая (0,12 %) кіслоты, рутын (0,014 %), бетаін, аргінін, нейтральныя сапаніны, глюкоза, рамноза, фітастэрын[2]. У насенні знойдзены тлусты алей (20 %). Алей мяты перцавай бясколерны, з жаўтлявым ці зелянявым адценнем, прыемным крамяным густам і пахам. Пры адстойванні гусцее і цямнее. Асноўнай складовай часткай эфірнага алею з’яўляецца другасны спірт l-ментол (45—92 %). У алеі лісця ўтрымліваюцца таксама эфіры метолу з воцатнай і валерыянавай кіслотамі, α- і β- пінен, ліманен, дыпентэн, феландрэн, цыніёл, цытраль, гераніёл, карвон, дыгідракарвон[2]. ВыкарыстаннеУ медыцыне ўжываецца лісце і эфірны алей перцавай мяты (Folia et oleum Menthae piperitae). Эфірны алей ужываюць вонкава як болесуцішальны сродак і антысептык пры неўралгічных і раматусных болях, пры хваробах верхніх дыхальных шляхоў, пры катары. Ужываюць унутр — пры стэнакардыі, страўнікавых болях і як антысептык пры страўніка-кішачнай павольнасці (лякса). Настойка і настой з лісця мяты ўжываюцца як сродак супраць млоснасці і ваніты, таксама дзеля паляпшэння стрававання. Мятная вада, якую атрымліваюць пры перагонцы мяты ці пры растварэнні эфірнага алею, выкарыстоўваецца для змянення смаку і паху лекаў і як дэзадаруючае пры пялесканні ротавай поласці. У народнай медыцыне ўзвары травы п’юць пры болях у жываце, ляксе, кашалі, млоснасці, пякотцы; зялёнае лісце прыкладваюць праз зрэбную анучку на апёкі, валасень[1]. КрыніцыСпасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia