Мікалай Іванавіч Івуценка
Мікалай Іванавіч Івуценка (19 мая 1921, вёска Утра, Чавускі раён, Магілёўская вобласць — 27 красавіка 1945, Германія) — савецкі вайсковец, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы, камандзір гарматы 44-га гвардзейскага стралковага палка, гвардыі старшына — на момант прадстаўлення да ўзнагароджання ордэнам Славы 1-й ступені. БіяграфіяНарадзіўся 19 мая 1921 года ў вёсцы Утра Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Беларус. Член ВКП/КПСС з 1944 года. Быў брыгадзірам у калгасе. У Чырвонай Арміі з 1940 года. На фронце ў Вялікую Айчынную вайну з верасня 1941 года. Ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Варонежскім, 3-м і 1-м Украінскіх франтах. Камандзір 45-міліметровай гарматы 44-га гвардзейскага стралковага палка 15-й гвардзейскай стралковай дывізіі 37-й арміі 3-га Украінскага фронту гвардыі старшы сяржант Івуценка 30 студзеня 1944 года ля вёскі Вадзяное выкаціў гармату на прамую наводку і знішчыў гармату, тры кулямёты і каля дваццаці салдат і афіцэраў праціўніка. Загадам камандзіра 15-й гвардзейскай стралковай дывізіі № 015 ад 13 лютага 1944 года гвардыі старшы сяржант Івуценка Мікалай Іванавіч узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені[1]. Камандзір гарматы таго ж палка і дывізіі гвардыі старшына Івуценка 12 студзеня 1945 года, удзельнічаючы ў разведцы боем у раёне населенага пункта Шчэглін, прамой наводкай падавіў пяць кулямётных кропак праціўніка. 26 студзеня 1945 года ў баі каля населенага пункта Хальбендорф, ведучы агонь прамой наводкай, падавіў тры станковыя кулямёты і знішчыў каля дваццаці салдат праціўніка і тым самым дапамог стралковаму падраздзяленню вырвацца з акружэння. 27 красавіка 1945 года загадам № 034 па 5-й гвардзейскай арміі за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, гвардыі старшына Івуценка Мікалай Іванавіч узнагароджаны ордэнам Славы 2-й ступені[1]. 15 красавіка 1945 года пры прарыве варожай абароны ў раёне горада Мускаў Івуценка прыцэльным агнём знішчыў супрацьтанкавую гармату, чатыры станковыя кулямёты і вывеў са строю больш за трыццаць салдат і афіцэраў праціўніка. Паспяхова адбіваючы контратакі праціўніка ў раёне вёскі Мюльрозе, агнём з гарматы пабіў тры кулямёты і да пятнаццаці праціўнікаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года за мужнасць, адвагу і гераізм, гвардыі старшына Івуценка Мікалай Іванавіч узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені[1]. Загінуў у баі 27 красавіка 1945 года. Пахаваны пад Берлінам. Узнагароджаны трыма ордэнамі Славы, медалём. Імем Івуценкі названая вуліца ў горадзе Чавусы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia