Мілыя косці (фільм)
«Мілыя косці» (англ.: The Lovely Bones) — фэнтэзійна-драматычны фільм 2009 года рэжысёра Пітэра Джэксана. Галоўныя ролі выканалі Сірша Ронан, Стэнлі Тучы, Марк Уолберг, Рэйчэл Вайс і С’юзан Сарандан. Прэм’ера фільма адбылася 24 лістапада 2009 года ў Вялікабрытаніі. Па ўсім свеце фільм сабраў 93.6 мільёна долараў пры бюджэце ў 65 мільёнаў. Карціна атрымала неадназначную рэакцыю крытыкаў; гісторыя і яе пасланне ў цэлым крытыкаваліся, але візуальныя эфекты, рэжысура Пітэра Джэксана і ігра Ронан і Тучы атрымалі высокую ацэнку. Фільм атрымаў шэраг узнагарод, у тым ліку намінацыю на «Оскар» за Найлепшую мужчынскую ролю другога плана для Стэнлі Тучы. СюжэтДзеянне фільма адбываецца ў 1973 і 1974 гадах у невялікім мястэчку ў штаце Пенсільванія. Апавяданне вядзецца ад асобы забітай 14-гадовай дзяўчыны Сюзі Сэлман. Сюзі жыве звычайным палдлеткавым жыццём з бацькамі Джэкам і Эбігейл, малодшай сястрой Ліндсі і маленькім братам Баклі. Аднаго разу ў прадуктовай краме Сюзі бачыць брытанца Рэя; ён падабаецца ёй, і гэта заўважае яе бабуля Лін. Яна распавядае Сюзі аб сваім першым пацалунку як аб адным з найлепшых успамінаў у жыцці. Пасля прагляду фільма «Атэла» ў школьным кінаклубе Сюзі нечакана сустракае Рэя ў калідоры, і ён прызначае ёй спатканне ў суботу. Аднак па дарозе дадому праз кукурузнае поле Сюзі сустракае суседскага мужчыну Джорджа Харві, які хоча паказаць ёй «сховішча» — домік пад зямлёй, нібыта пабудаваны ім для дзіцячых гульняў. Сюзі аглядае домік, але калі яна хоча пайсці, Харві забівае яе. Пакідаючы гэты свет, душа Сюзі дакранаецца да дзяўчыны Рут, якая пасля гэтага пачынае адчуваць прысутнасць Сюзі. У суботу Рут прыходзіць на алею, дзе Рэй чакае Сюзі; пасля гэтага Рут і Рэй пачынаюць сустракацца. Душа Сюзі павінна адправіцца ў рай, але яна застаецца ў нейкім прамежкавым свеце, паколькі не жадае пакідаць сваіх родных. Са свайго «асабістага раю» яна назірае за сваёй сям’ёй і містэрам Харві, пры гэтым члены сям’і Сюзі час ад часу адчуваюць яе прысутнасць. Следства па справе аб забойстве Сюзі заходзіць у тупік (труп не знойдзены, паколькі Харві хавае яго ў сейфе ў склепе), бацька і маці Сюзі не могуць ачуняць ад гора, пры гэтым бацька спрабуе знайсці забойцу, мяркуючы, што гэта павінен быць хтосьці, каго ведала Сюзі. Маці Сюзі не вытрымлівае і па парадзе бабулі з’яжджае ў Каліфорнію, дзе ўладкоўваецца на новую працу. Бабуля Лін пераязджае да Сэлманаў і наглядае за дзецьмі. Між тым Сюзі хоча пакараць свайго забойцу. Яе бацька паступова праяўляе фотастужкі, знятыя калісьці Сюзі, і на адной з фатаграфій заўважае Харві. Інтуітыўна ён разумее, што забойцам з’яўляецца Харві, і спрабуе напасці на яго, аднак следчы папярэджвае, што пры адсутнасці доказаў праблемы могуць быць у самога Джэка Сэлмана. Аднойчы, убачыўшы, як Харві ідзе на кукурузнае поле, Джэк кідаецца за ім з бейсбольнай бітай, аднак выпадкова нападае на парачку закаханых і яго моцна збіваюць. Ліндсі, сястра Сюзі, таксама падазрае Харві; між тым, Харві адчувае новае жаданне забіць і выношвае планы забойства Ліндсі. Тым часам Сюзі ў сваім свеце даведаецца, што яна была далёка не першай ахвярай Харві, да яе ён ужо забіў некалькіх дзяўчынак. Ліндсі пранікае ў хату Харві і знаходзіць сшытак з малюнкамі, у якім Харві вёў дзённік забойства Сюзі. Забойца заўважае яе, але не паспявае дагнаць. Ліндсі вяртаецца дадому і бачыць, што вярнулася яе маці. Не жадаючы псаваць шчаслівы момант уз’яднання сваіх бацькоў, яна аддае дзённік Харві бабулі. Харві паспешна з’яжджае з горада і скідвае сейф з целам Сюзі ў яму на ўскраіне, прычым Рут і Рэй бачаць яго, і Рут разумее, што гэта звязана з Сюзі. На нябёсах Сюзі сустракае душы іншых забітых дзяўчынак, і яны клічуць яе з сабой у рай. Але яна вяртаецца ў апошні раз, усяляючыся ў цела Рут, каб адчуць свой першы пацалунак з Рэем. Пасля гэтага яна назаўжды сыходзіць са свету жывых. У сям’і Сюзі паступова запаноўвае спакой, яе сястра Ліндсі чакае дзіця. Пазней Харві, які пазбег правасуддзя і пасяліўся ў іншым горадзе, гіне, сарваўшыся са стромкага абрыву з-за выпадкова ўпалага на яго ледзяша. Акцёрскі склад
Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia