Мір (арбітальная станцыя)![]() «Мір» (руск.: «Мир», «Салют-8») — савецкая (пазней расійская) арбітальная станцыя трэцяга пакалення[1], якая ўяўляла сабою складаны шматмэтавы навукова-даследчы комплекс. Станцыя была выведзена на арбіту ў лютым 1986 года, 23 сакавіка 2001 года затоплена ў Ціхім акіяне. Зборка станцыі на арбіце працягвалася да 1996 года. «Мір» стаў першай модульнай касмічнай станцыяй і меў найбольшую масу сярод караблёў, пабываўшых у космасе, пакуль не быў заменены МКС. Станцыя дзейнічала як мікрагравітацыйная даследчая лабараторыя, у якой члены каманды ажыццяўлялі эксперыменты ў галіне біялогіі і біялогіі чалавека, фізіцы, астраноміі, метэаралогіі, а таксама далейшае ўдасканаленне сістэм і прылад, неабходных для сталай прысутнасці ў космасе. Станцыя стала першай даследчай лабараторыяй у космасе з доўгатэрміновай прысутнасцю людзей на борце. Праца на станцыі ажыццяўлялася доўгатэрміновымі камандамі. Праграма «Мір» трымала рэкорд па бесперапыннай прысутнасці чалавека ў космасе, які быў роўны 3644 дням, пакуль той не быў пабіты 23 кастрычніка 2010 года МКС[2], але і цяпер Валерыю Палякову належыць рэкорд па працягласці касмічнага палёту чалавека — 437 дзён і 18 гадзін. «Мір» быў населены ўсяго 12 з паловай гадоў з яго 15-гадовага тэрміна службы. На борце станцыі маглі адначасова знаходзіцца тры чалавекі, на кароткі час дазвалялася прысутнасць і большага складу. Пасля поспеху праграмы «Салют» «Мір» стаў новай ступенню ў праграме касмічных станцый СССР. Першы модуль станцыі, вядомы як базавы блок, быў выведзены на арбіту ў 1986 годзе, да якога пазней былі далучаныя яшчэ 6 модуляў — усе выведзеныя ракетай-носьбітам «Пратон» (акрамя стыкавога модулю). Па завяршэнні мантажу станцыя складалася з сямі модуляў з атмасферай і некалькіх модуляў без атмасферы. Электраэнергіяй станцыя жывілася ад сонечных панэлей, замацаваных на модулях. Станцыя ўтрымлівалася на арбіце ад 296 да 412 км і рухалася з сярэдняй скорасцю 27700 км/с, тым самым робячы 15,7 віткоў вакол Зямлі ў дзень[3][4]. Станцыя была часткай праграмы пілатуемых касмічных палётаў СССР. Па развале СССР кіраванне праграмай перайшло да Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі (РКА). З гэтага вынікае, што большасць каманды «Міра» паходзіла з Савецкага Саюза. Але, дзякуючы такім міжнародным праграмам, як Інтэркосмас, Euromir і Мір — Шатл, станцыя стала даступнай для касманаўтаў з Паўночнай Амерыкі, краін Еўропы і Японіі. Паводле ацэнкі былога генеральнага дырэктара РКА, Юрыя Копцева, кошт праграмы склаў $4,2 млрд за ўвесь час вядзення праграмы (распрацоўка, зборка і эксплуатацыя)[5]. Станцыю абслугоўвалі касмічныя караблі «Саюз», грузавы «Прагрэс» і караблі праграмы «Спэйс шатл». «Мір» наведалі 104 чалавекі з 12 краін свету[6]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia