Міхаіл Аляксеевіч Дзмітрыеў
Міхаіл Аляксеевіч Дзмітрыеў (1832, Пецярбург — 14 (26) мая 1873, Гродна) — этнограф, фалькларыст, педагог. Дырэктар народных вучылішчаў Гродзенскай губерні, стацкі саветнік. ЖыццяпісСкончыў Галоўны педагагічны інстытут у Пецярбургу. З 1853 настаўнік Навагрудскага дваранскага вучылішча, затым дырэктар Навагрудскай гімназіі. Першы дырэктар Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішч (1867—1873). Член Рускага геаграфічнага таварыства. Пахаваны ў Гродна на праваслаўных могілках каля Свята-Марфінскай царквы[1], злева ад яе алтарнай часткі, на вуліцы Іерусалімскай (цяпер вул. Антонава). ДзейнасцьДаследаваў матэрыяльную і духоўную культуру сялян Гродзенскай губерні. Збіраць фальклор пачаў у 1850-я гады, М. А. Дзмітрыеў аўтар рукапісу Імператарскай Акадэміі навук «Алфавітны паказальнік асаблівых слоў і казак сялян Навагрудскага павета» (1858). Работа М. А. Дзмітрыева як фалькларыста-збіральніка была даволі плённай, з 1860-х вялікая колькасць артыкулаў з яго матэрыяламі ў друку, яны выходзілі ў рэгіянальных губернскіх ведамасцях, у т. л. і ў Гродзенскіх губернскіх ведамасцях. Шырока вядомы сталі працы М. А. Дзмітрыева: «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», «Некалькі звестак пра дамашні побыт сялян Паўночна-Заходніх губерняў» (яе якасць і каштоўнасць адзначыў Я. Карскі), «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (Вільня, 1869), «Абрады і звычаі заходне-рускіх сялян», «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю». Казкі, сабраныя Дзмітрыевым, былі ўключаны ў самы аўтарытэтны зборнік народных казак «Рускія народныя казкі» А. М. Афанасьева (напрыклад, № 5, 26, 91, 126, 134). Частка рукапісаў М. Дзмітрыева зберагаецца ў архіве Рускага геаграфічнага таварыства, бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу і ў Цэнтральным гістарычным архіве Літвы (Вільнюс). Асобныя адбіткі артыкулаў Дзмітрыева з Гродзенскіх губернскіх ведамасцей зберагаюцца ў Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу і Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве. ПрызнаннеЗа навуковую дзейнасць М. Дзмітрыеў узнагароджаны срэбным медалём Рускага Імператарскага геаграфічнага таварыства. Бібліяграфія
ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia