Нябесны замак Лапута
«Нябе́сны за́мак Лапу́та» (яп.: 天空の城ラピュタ Тэнку: но сіро Рапюта) — японскі анімацыйны прыгодніцкі фэнтэзі-фільм 1986 года рэжысёра Хаяо Міядзакі. Прадзюсарам фільма выступіў Іса Такахата, анімацыяй замайлася студыя «Гіблі », а дыстрыбуцыяй — кампанія «Toei ». У арыгінальнай японскай версіі ў агучцы прынялі ўдзел Маюмі Танака, Кэйко Ёкодзава , Катоэ Хацуі і Міноры Тэрада . Падзеі фільма разгортваюцца ў альтэрнатыўнай рэальнасці, якая адпавядае пачатку XX стагоддзя. У руках дзяўчынкі Сіты апынаецца Лятучы камень, за якім палююць паветраныя піраты, войска і ўрадавыя агенты. Спрабуючы ўцячы ад пераследнікаў, Сіта сустракае хлопчыка Пазу, свайго аднагодку, які працуе ў шахцёрскім пасёлку. Разам дзеці высвятляюць, што Камень уяўляе вялізную каштоўнасць, бо здольны паказаць шлях да легендарнага лятучага вострава — Лапуты. «Нябесны замак Лапута» — першы анімацыйны фільм студыі «Гіблі »[16]. Новаўтвораная студыя ставіла сваёй задачай стварэнне арыгінальных поўнаметражных фільмаў без страты якасці. У творчую каманду студыі ўвайшлі многія даўнія паплечнікі Міядзакі, якія пазней працягвалі супрацоўнічаць са студыяй на працягу наступных трох дзесяцігоддзяў. Ідэю Лапуты Міядзакі запазычыў з кнігі Джонатана Свіфта «Падарожжы Гулівера», дзе фігуруе аднайменны лятучы востраў[17], аднак увесь астатні сюжэт цалкам арыгінальны. Сярод крыніц натхнення для фільма заўважнае месца займалі паездкі Міядзакі ў Уэльс, дзе ён назіраў за наступствамі забастоўкі шахцёраў. Уражанні ад гэтых паездак выразіліся ў вобразе шахцёрскага пасёлка, дзе жыве хлопчык Пазу. Вобраз вострава Лапуты ў стужцы выкарыстоўваецца для даследавання адносін між чалавецтвам, прыродай і тэхналогіямі, а сама стужка сярод іншага ўяўляе сабой адлюстраванне экалагічнай філасофіі Міядзакі. Юныя героі карціны прадстаўляюць унікальны пункт гледжання на апавяданне, што з’яўляецца следствам жадання Міядзакі адлюстраваць «праўдзівасць і дабрыню дзяцей у сваіх працах»[18][19]. Многія аспекты рэтрафутурыстычнага стылю фільма — у прыватнасці, лятальныя апараты, — навеяны ідэямі XIX стагоддзя, што прынесла фільму вядомасць у сучасным жанры стымпанка. Фільм выйшаў у японскіх кінатэатрах 2 жніўня 1986 года. Яго касавыя зборы апынуліся ніжэй за чаканыя, аднак пазней ён дасягнуў камерцыйнага поспеху дзякуючы перавыпускам. На 2021 год зборы фільма склалі 157 мільёнаў долараў[20]. Англійскі дубляж, створаны «Токума Сётэн » у 1988 годзе, распаўсюджваўся ў Паўночнай Амерыцы кампаніяй «Streamline Pictures », а іншы дубляж быў створаны «Disney» у 1998 годзе і выпушчаны за мяжой кампаніяй «Buena Vista » у 2003 годзе. Музыку да фільма напісаў Дзё Хісаісі , які стаў блізкім паплечнікам Міядзакі; Хісаісі таксама напісаў перапрацаваны саўндтрэк да англійскага дубляжа 2003 года. Крытыкі ў цэлым станоўча ацанілі стужку, хаця англійскі дубляж 2003 года атрымаў змяшаныя водгукі. Фільм быў добра прыняты гледачамі і пазней быў прызнаны адным з найвялікшых анімацыйных прац усіх часоў. Карціна таксама атрымаў некалькі заўважных узнагарод. З часам «Нябесны замак Лапута» набыў «культавы статус»[21] і аказаў уплыў на некалькіх вядомых мастакоў з розных сфер мастацтва. СюжэтНа дырыжабль, які перавозіць Сіту — дзяўчынку-сірату, выкрадзеную ўрадавым агентам Мускам, — нападаюць паветраныя піраты Дора і яе банда, якія палююць за кулонам Сіты. Спрабуючы ўратавацца і ад піратаў, і ад Мускі, Сіта падае з борта карабля і ў палёце траціць прытомнасць. Раптам кулон пачынае свяціцца, а падзенне становіцца плаўным. На зямлі яе заўважае і ловіць хлопец Пазу, сірата, які працуе механікам у шахцёрскім мястэчку. Ён забірае дзяўчынку да сябе дадому, і ранкам яна прыходзіць у сябе. Пазу апавядае ёй, што бачыў дзіўнае свячэнне кулона і яшчэ больш дзіўнае яе плаўнае падзенне. Ён таксама паказвае Сіце фотаздымак, зроблены яго бацькам. На ім выяўлена Лапута — міфічны замак на лятучым востраве, які Пазу хоча аднойчы адшукаць. Зранку ў шахцёрскі пасёлак прыбывае банда Доры і салдаты Мускі. Яны хутка выходзяць на след Сіты і пачынаюць пераслед. Падчас пагоні Пазу і Сіта падаюць у шахту, але іх зноў ратуе сіла кулона. У тунэлях яны сустракаюць дзядзечку Пома, які паказвае ім паклады мінерала этэрыума, які ў цемры свеціцца. Апынаецца, што гэта той жа матэрыял, што і крышталь у кулоне Сіты. Дзяўчынка адкрывае Пазу, што міф пра Лапуту праўдзівы і што ў яе ёсць таемнае імя, якое злучае яе з лятучым востравам. Урэшце, ваенныя бяруць Пазу і Сіту ў палон і замыкаюць іх у крэпасці. Муска паказвае Сіце мёртвага робата, які ўпаў з неба. На ім ёсць той жа знак, што і на крышталі ў кулоне Сіты. Муска тлумачыць, што яна — спадчынніца трона Лапуты. У абмен на тое, што Сіта прывядзе Муску і яго войска на лятучы востраў, ён адпускае Пазу. Хлопец вяртаецца дадому, але трапляе ў палон да банды Доры, якая рыхтуе налёт на крэпасць, каб здабыць крышталь. Хочучы выратаваць Сіту, Пазу далучаецца да іх. Тым часам дзяўчынка ў крэпасці вымаўляе старажытны заклён, якому яе навучыла маці, і гэта актывуе магію крышталя, ажыўляючы робата. Робат абараняе Сіту ад войска і разбурае крэпасць сваёй зброяй, але яго знішчае ваенны дырыжабль «Галіяф». Ва ўсім гэтым хаосе Пазу і Дора прылятаюць і ратуюць Сіту. Аднак крышталь застаецца ў крэпасці, а яго магія ўсё яшчэ ў дзеянні, і гэта дазваляе Муску выкарыстоўваць яго для падарожжа на Лапуту. Уцякаючы з крэпасці, Сіта і Пазу паспяваюць запомніць накірунак, які паказваў крышталь. Яны ўгаворваюць Дору адвезці іх на Лапуту ў абмен на часовае далучэнне да яе каманды. Пасярод ночы Сіта і Пазу вядуць назіранне з варонінага гнязда , калі на дырыжабль Доры нападае «Галіяф». Дора адлучае вароніна гняздо, якое таксама выконвае функцыю планёра, прымацаванага тросам да карабля. Пазу заўважае вялізнае воблака, у якім, як ён лічыць, ягоны бацька бачыў Лапуту. Дора спрабуе накіраваць карабель у воблака, але яго спыняе моцны вецер. «Галіяф» разбурае дырыжабль Доры, а лін, які злучае планёр з дырыжаблем, абрываецца. Сіта і Пазу ляцяць на планёры праз жудасную навальніцу. Сіта і Пазу ачынаюцца на Лапуце. Лятучы востраў бязлюдны, тут жывуць толькі некалькіх прадстаўнікоў фаўны і адзін мірны робат. Сам замак ляжыць у руінах, а на вяршыні вострава расце гіганцкае дрэва. Неўзабаве сумную ідылію перарывае прыбыццё войскаў Мускі. Ваенныя, захапіўшы ў палон банду Доры, пачынаюць рабаваць замак. Аднак Муска мае свой план: ён і яго саўдзельнікі здраджваюць войску. Яны перарываюць сувязь ваенных з Зямлёй, захопліваюць Сіту і адпраўляюцца ў ядро замка. Пазу вызваляе банду Доры ад кайданоў і пераследуе Муску. Высвятляецца, што ядро замка — гэта цэнтр старажытных ведаў і зброі Лапуты. Муска актывуе яго пры дапамозе крышталя Сіты. Ён прызнаецца, што таксама паходзіць з каралеўскага роду Лапуты і мае сваё таемнае імя. Муска дэманструе сілу Лапуты, выклікаючы магутны выбух над акіянам і знішчаючы «Галіяф». Ён заяўляе аб сваім намеры моцай Лапуты знішчыць чалавецтва. У жаху Сіта выхоплівае крышталь і кідаецца на ўцёкі, але ў троннай залі Лапуты апынаецца загнанай у кут Маскам. З’яўляецца Пазу і дамаўляецца аб кароткім перамір’і. Сіта вучыць Пазу яшчэ аднаму старажытнаму заклёну — заклёну разбурэння. Калі яны разам прамаўляюць гэтыя словы, Лапута пачынае разбурацца. Святло ад заклёну асляпляе Муску, і ён зрываецца ўніз, а Сіта і Пазу ратуюцца, схапіўшыся за карані гіганцкага дрэва. У той час як ніжняя частка Лапуты абвальваецца, астатні замак разам з планёрам Доры застаецца на месцы, а востраў пачынае паднімацца ў космас. Сіце, Пазу і бандзе Доры ўдаецца выратавацца. Дзеці адпраўляюцца сваім шляхам, а піраты радуюцца, што дасягнулі свайго: ім удалося сцягнуць з лятучага вострава крыху скарбаў. Акцёры агучкі
Гісторыя стварэння![]() Назва фільма з’яўляецца алюзіяй да сатырычнага твора «Падарожжы Гулівера» англійскага пісьменніка Джонатана Свіфта. У трэцяй частцы кнігі Лемюэль Гулівер дасягае лятучага вострава Лапута, які трымаецца ў небе пры дапамозе вялікага магніта і жыхары якога прысвяцілі сябе філасофіі. Гэтая кніга заахвоціла Міядзакі да стварэння фільма[21], а адсылка да яе зместу ёсць у фільме — Пазу кажа Сіце, што ў кнізе Свіфта ўсё выдумка, заснаваная на легендах, а яго бацька бачыў сапраўдную Лапуту. Назва вострава ў Свіфта паходзіць ад ісп.: la puta — «шлюха», пра што Міядзакі, паводле яго слоў, не меў паняцця, калі даваў назву анімэ[22]. Апроч кнігі «Падарожжы Гулівера», Міядзакі натхняла манга, якую ён чытаў у дзяцінстве — «Sabaku no Mao»[23]. Пры стварэнні фільма Міядзакі знаходзіўся пад моцным уражаннем ад паездкі ў Уэльс у 1985 годзе, якую ён здзейсніў неўзабаве пасля перыяду забастовак брытанскіх шахцёраў. У 1999 годзе ў інтэрв’ю рэжысёр выказваў сваё захапленне супольнасцю шахцёраў, якія змагаліся з мэтай абароны сваіх працоўных месцаў; менавіта таму ён хацеў, каб яго герой, юны Пазу, быў звязаны з шахцёрскай супольнасцю[24]. Адно з бачаных Міядзакі мястэчак стала мадэллю для горада, у якім жыве Пазу[22]. Падчас гэтай паездкі рэжысёр таксама быў уражаны руінамі прамысловых прадпрыемстваў, пакінутых шахцёрамі; руіны нагадалі яму пра катастрофу дырыжабля «Гіндэнбург»[25]. Ствараючы архітэктуру лятучага вострава, які складаецца з трох колаў сцен, цытадэлі , увянчанай гіганцкім дрэвам, і шклянога купала ў садзе, Міядзакі знаходзіўся пад уплывам карціны «Вавілонская вежа» мастака Пітэра Брэйгеля Старэйшага і знятага ў 1927 годзе фільма «Метраполіс» Фрыца Ланга. Фільм ствараўся з 15 ліпеня 1985 года па 23 ліпеня 1986 года; яго канчатковая даўжыня складала 124 хвіліны, пры гэтым усяго налічвалася 69 262 малюнкі, зробленыя з выкарыстаннем 381 рознага колеру[26]. Музычнае аздабленнеМузыка да фільма была напісана вядомым кампазітарам Дзё Хісаісі. Саўндтрэк быў выпушчаны ў Японіі фірмай «Tokuma Japan Communications» 25 верасня 1986 года[27]. Для амерыканскай дубляванай версіі ад «Дысней», якая выйшла ў 1999 годзе, Дзё Хісаісі перазапісаў частку саўндтрэку, пашырыўшы яго да 90 хвілін і дадаўшы трэкі з сімфанічным аркестрам[28][22].
Таксама было выпушчана яшчэ некалькі саўндтрэкаў і альбомаў, звязаных з фільмам[28]:
Прэм’ера і пракатФільм «Нябесны замак Лапута» быў паказаны ў кінатэатрах Японіі 2 жніўня 1986 года[26]. Фільм быў выпушчаны на DVD у Японіі 4 кастрычніка 2002 года кампаніяй «Walt Disney Studios Home Entertainment » стандартнай і калекцыйнай версіямі, на японскай і англійскай мовах з субтытрамі[29][30]. У фармаце Blu-ray фільм быў выпушчаны 22 снежня 2010 года[31], а на HD DVD — 16 ліпеня 2014 года[32]. Прэм’ера ў Вялікабрытаніі адбылася 12 жніўня 1987 года на тэлеканале «MTV Europe » ва ўласным дубляжы[33]. Узнагароды
Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia