Палац Тышкевічаў (Вільнюс)
Палац Тышкевічаў (літ.: Tiškevičių rūmai) — палац у стылі класіцызму ў Старым горадзе Вільні, які выходзіць сваімі фасадамі на вуліцы Завальную (Pylimo g. 26), Троцкую (Trakų g. 1) і Кейданскую (Kėdainių g.). З’яўляецца адной са славутасцей Вільні; помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння (AtR 63)[1], код 768 у Рэестры культурных каштоўнасцей Літоўскай Рэспублікі[2]. У наш час у палацы Тышкевічаў размяшчаецца архітэктурны факультэт Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта Гедыміна. Гісторыя![]() З XV стагоддзя ў гэтым месцы стаяў дом паноў Жылінскіх, пазней — будынак, які належаў роду Карпаў. У 1783 годзе палац рэканструяваны ў стылі позняга класіцызму па праекце архітэктара Лаўрына Гуцэвіча. Зрэшты, гісторык Тэрэсе Дамбраўскайтэ даказвала, што звесткі аб тым, што Гуцэвіч рэканструяваў будынак, не знаходзяць дакументальнага пацверджання[3]. Пасля таго, як Іаана Карп выйшла замуж за Міхала Юзафа Тышкевіча, які паклаў пачатак біржанскай галіны Тышкевічаў, палац каля 1790 года перайшоў ва ўласнасць Тышкевічаў. З 1839 года ўладальнікам палаца быў Юзаф Міхал Тышкевіч, пасля смерці якога палац атрымаў у спадчыну яго сын Юзаф Тышкевіч. У 1840 годзе архітэктар Томаш Тышэцкі рэканструяваў будынак. Паводле меркавання Уладаса Дрэмы, рэканструкцыя Тышэцкага ў модным тады эклектычным стылі сапсавала пабудову Гуцэвіча, якая адрознівалася арыгінальнасцю[4] У сярэдзіне XIX стагоддзя па праекце архітэктара Мікалая Чагіна збудаваны партал з балконам над ім, які падтрымліваюць два атланты (скульптары Франчэска Андрыёлі і яго вучань Юзаф Казлоўскі)[1]. У палацы жылі Канстанцін Тышкевіч, Яўстах Тышкевіч, Юрый Тышкевіч. Да заснавання Віленскага музея старажытнасцей Яўстах Тышкевіч захоўваў у палацы частку сваіх калекцый. У палацы ладзіліся канцэрты і сходы. Тут праходзілі тайныя сходы ўдзельнікаў паўстання 1863 года. Пасля яго задушэння расійскія ўлады секвестравалі палац. У канцы XIX стагоддзя палац набыў Адольф Вендарф. Пасля Першай сусветнай вайны ўладальнікам палаца быў старшыня сіндыката працаўнікоў друку Канстанцін Буконскі, жанаты з дачкой Вендарфа. У будынку размяшчалася пякарня Рэзніка і хлебная крама. У 1944—1991 гадах у гэтым будынку працавала Вільнюская спецыяльная сярэдняя школа падрыхтоўкі начальніцкага складу МУС СССР вучылішча імя Юозаса Барташунаса. Пазней тут размяшчалася Вільнюскае вучылішча права (1991—1997), а ў цокальным паверсе з боку Завальнай вуліцы — аптэка і кавярня. У наш час у будынку размяшчаецца архітэктурны факультэт Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта Гедыміна. Архітэктура![]() Двухпавярховыя карпусы палаца з трох бакоў атачаюць прадаўгаваты замкнёны ўнутраны двор. З паўднёва-ўсходняга боку двор закрываюць іншыя будынкі; у адным з іх ёсць уезд у двор палаца Тышкевічаў. Фрагменты гатычнага мура захаваліся ў сцяне ўсходняга корпуса, які выходзіць на вуліцу Кейданскую. Сцены цокальнага паверха аздоблены рустам. Плоскасці сцен другога паверха расчлянёныя паўкалонамі тасканскага ордара з канелюрамі. У авальныя нішы пад вокнамі другога паверха ўмантаваны гарэльефныя мужчынскія і жаночыя галовы. Галоўны паўночны фасад выходзіць на вуліцу Троцкую. Уваход акцэнтаваны парталам з паўкруглай аркай і балконам над уваходам; балкон падтрымліваюць атланты. Над карнізам па цэнтры галоўнага фасада, над парталам, узвышаецца франтон хвалістай лініі з гербам Тышкевічаў «Ляліва». Крыты дахоўкай. У інтэр’еры захаваліся элементы дэкору ў стылі класіцызму. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia