Паўстанне Камвіны Нсапу
Паўстанне Камвіны Нсапу, таксама сустракаецца напісанне Камуіна Нсапу — паўстанне, узнятае апалчэннем Камвіна Нсапу супраць сіл дзяржаўнай бяспекі[12] ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якое ахапіла правінцыі Лулуа, Касаі, Усходняе Касаі, Ламамі і Санкуру[9][13]. Баі пачаліся пасля таго, як у жніўні 2016 года міліцыя на чале з Камвінай Нсапу напала на сілавікоў. Канфлікт меў этнічную падаплёку; апалчэнцы з’яўляліся прадстаўнікамі народа луба[12] і здзяйснялі забойствы на глебе міжнацыянальнай нянавісці[14]. ПрычыныУ 2011 годзе Жан-П’ер Мпандзі быў прызначаны шостым кіраўніком клана Баджылы Касанджы пасля вяртання з Паўднёвай Афрыкі[13], дзе ён адшукваўся за незаконны гандаль алмазамі. Яго племянное імя было Камвіна Нсапу, што азначала «чорны мураш». Ён меў значны кантроль над зямлёй і павінен быў атрымаць прызнанне цэнтральнай уладай, нават калі ён абраны ў адпаведнасці з традыцыямі племя. Дадзеная ўмова змушала папярэдніх правадыроў падтрымаць урад ДРК, каб атрымаць яго адабрэнне[13]. Так як рэгіён Камвіна Нсапу падтрымаў апазіцыю на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, то на асноўныя пасады ў мясцовай уладзе ўрад прызначыў сваіх прыхільнікаў, а не абраных правадыроў племён[7][15]. Цэнтральны ўрад таксама адмовіўся прызнаць прызначэнне Камвіну Нсапу мясцовым лідарам з-за яго пазіцыі адносна прэзідэнта Жазефа Кабіла. Гэта прымусіла правадыра аспрэчыць уладу цэнтральнага ўрада. У чэрвені 2016 года ён пачаў заклікаць да паўстання[7][16]. Камвіна Нсапу падбухторваў сваіх людзей ксенафобскай прапагандай, называючы ўрадавыя сілы бяспекі «замежнымі наймітамі і акупацыйнымі войскамі»[7]. ПаўстаннеКамвіна Нспау сабраў апалчэнне і 8 жніўня 2016 года здзейсніў напад на паліцыю[16]. 12 жніўня лідар баевікоў быў забіты разам з васьмі іншымі апалчэнцамі і 11 паліцыянтамі ў Цхімбулу[17]. Кангалезская абсерваторыя па правах чалавека асудзіла яго забойства і выказала здагадку, што Нсапу павінен быў быць арыштаваны[18]. Некалькі яго паслядоўнікаў адмовіліся верыць, што ён памёр, узмацніўшы свае напады на сілы бяспекі[7]. Па меры таго, як гвалт з боку апалчэння Камвіны Нсапу ўзрос, паўстанне пашырылася, і ўсё большая колькасць мясцовых жыхароў паднімалася супраць урада. Аднак са смерцю Камвіны Нсапу паўстанне разбілася на шматлікія рухі, якія змагаліся за розныя мэты[6]. 23 верасня паўстанцы напалі на аэрапорт у горадзе Кананга. Па выніку бою дзесяць вайскоўцаў і каля сарака мяцежнікаў былі забіты[19]. 28 студзеня 2017 года падчас сутычкі чатыры апалчэнцы былі забіты і два паліцыянты паранены[20]. Тым часам паўстанцы заклікалі адхіліць губернатара Алекса Кандэ і выказалі пратэст супраць візіту прэм’ер-міністра Самі Бадыбанга ў рэгіён паўстання[20]. 31 студзеня рымска-каталіцкі святар з парафіі святога Альфонса ў горадзе Кананга, які спрабаваў перашкодзіць баевікам прымаць дзяцей са школ у свае атрады, быў выкрадзены, але пасля быў вызвалены[21]. 9 лютага ў Цхімбулу пачаліся баі паміж апалчэнцамі і ўзброенымі сіламі ў выніку этнічных рэпрэсій з боку мяцежнікаў. У баях як мінімум шэсць чалавек загінулі, у тым ліку адзін мірны жыхар. На наступны дзень сутычак узброенымі сіламі зафіксавана ад 60 да 75 забітых. Таксама як мінімум два вайскоўцы паранены[22]. 14 лютага прэс-сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Ліз Тросэл абвясціла, што паміж 9 і 13 лютага ўрадавымі сіламі былі забіты па меншай меры 101 чалавек[23]. Праз некалькі дзён было выкладзена відэа, дзе кангалезскія вайскоўцы забіваюць мірных жыхароў у вёсцы Мванза Ломба[24][25]. Міністр правоў чалавека Мары-Анжэ Мушобеква заявіла, што відэа не было праверана аўтэнтыфікацыяй[26], а міністр сувязі Ламберт Мендэ Амаланга заявіў, што яго здымалі ў іншай краіне, каб нашкодзіць рэпутацыі арміі ДРК. Адначасна паведамлялася, што два журналісты нібыта атрымалі пагрозы смерці за асвятленне канфлікту[27]. 18 лютага баевікі атакавалі Вялікую Малорскую семінарыю[28][29]. Гэта быў першы раз, калі яны напалі на католікаў[30]. Неўзабаве пасля нападу абодва біскупа Лвізы, фельчан Мванамы Галумбулула і архіепіскап Кіншасы Ларан Монсэнва Пасіня, асудзілі гвалт[30], а віцэ-губернатар Лулуа Джасцін Мілонга заклікаў паўстанцаў пачаць мірныя перамовы з урадам[31]. Між тым міратворчыя войскі MONUSCO ўвайшлі ў Нганзу і Малале ў Кананзе, каб аднавіць парадак[28]. З-за сутычак многія бацькі перасталі адпраўляць дзяцей у школы. Аднак 26 лютага віцэ-губернатар Лулуа Джасцін Мілонга заявіў, што «маразм» трэба скончыць і дзеці павінны вярнуцца да навучальных заняткаў[32]. 26 сакавіка паўстанцы захапілі 46 паліцэйскіх. Шасцярых з захопленых баевікі адпусцілі, таму што тыя гаварылі на мясцовай гаворцы, а астатніх — абезгаловілі. Зброя і транспарт паліцэйскіх былі таксама захоплены[33]. Да пачатку 2018 года ўрад вызваліў большасць раёнаў у Касаі і прылеглых да іх рэгіёнах, якія раней знаходзіліся за паўстанцамі. Тым не менш баі працягваліся, і новы ўсплёск гвалту ў лютым 2018 года прымусіў каля 11 тысяч чалавек у дадзенай правінцыі пакінуць свае дамы[11]. 15 верасня Ндаэ Калонга Нсабанга, лідар паўстанцкай кааліцыі, здаўся ўраду ў Кананзе. Большасць яго сіл, у тым ліку 7 камандзіраў, а таксама 600 байцоў, таксама склалі зброю[34]. Паводле ацэнак Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у выніку баявых дзеянняў да жніўня 2018 года было забіта каля 5000 чалавек[5]. Пасля ўсеагульных выбараў 30 снежня 2018 года, на якіх перамог Фелікс Чысекеды, каля 743 паўстанцаў Камвіны Нсапу разам з трыма іх камандзірамі (у тым ліку Лаканда Луакатэбуа і Мубіай Дэвей) здаліся ў студзені 2019 года ўладам. Такім чынам мяцежнікі паказалі, што яны прызналі Чысекеды новым прэзідэнтам і гатовы падтрымаць яго на фоне бягучых палітычных спрэчак[35]. НаступствыСітуацыя з бяспекай у рэгіёне зноў пагоршылася ў маі 2019 г. Незадаволеныя тым, што новая ўлада не выканала сваіх абяцанняў, некаторыя з паўстанцаў аднавілі супраціў. Горад Кананга асабліва пацярпеў ад уздыму гвалту[36]. Тут адбылася серыя буйных сутычак, падчас якіх некалькі байцоў Камвіна Нсапу здолелі выратавацца, у тым ліку чатыры баевікі, якія падазраваліся ў забойстве двух экспертаў ААН. Паводле Дзіцячага фонду ААН, у рэгіёне Касаі 653 школы і 223 паліклінікі былі разрабаваны на фоне новых баёў паміж паўстанцамі і ўрадавымі сіламі[37]. ЗлачынствыКанфлікт паступова ператварыўся з антыўрадавага паўстання ў міжэтнічнае супрацьстаянне[13]. Большасць людзей у апалчэнні Камвіна Нсапу паходзілі з народа луба[12] і, як паведамляецца, тэрарызавалі пэндэ і чоквэ[13]. 24 сакавіка 2017 года апалчэнцы забілі і абезгалоўлілі па меншай меры 40 паліцэйскіх і пашкадавалі шасцярых, якія размаўлялі на мясцовай мове[14][38]. Апалчэнне «Бана Мура», якая складалася з прадстаўнікоў чоквэ, здзейсніла шэраг нападаў на вёскі луба і лулуа. Паведамлялася, што армія і паліцыя суправаджалі апалчэнне падчас этнічных чыстак[13]. Ахвярам атакі адсякалі канечнасці. Таксама атрады «Бана Мура» нападалі на цяжарных жанчын[39]. Іх вінавацяць у масавым забойстве 49 непаўналетніх у 2017 годзе[2]. Таксама паведамляецца, што палова членаў апалчэння Камвіна Нсапу на момант удзелу ў паўстанні знаходзілася ва ўзросце да 14 гадоў[17], некаторыя з іх да 5 гадоў[7], а ўлады ДР Конга сцвярджалі, што гэта дзеці-салдаты ваявалі пад уздзеяннем наркотыкаў[17]. Рэакцыя11 лютага 2017 года Місія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па стабілізацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (MONUSCO) заявіла ў сваёй заяве, што «занепакоена канфліктам у Касаі»[40]. Яна асудзіла «вербаванне і выкарыстанне дзяцей-салдат» мяцежнікамі і «непрапарцыйнае выкарыстанне сілы» кангалезскімі войскамі[40]. У сваім ангеле 16 лютага 2017 г. Папа Францішак заклікаў спыніць гвалт, асабліва з выкарыстаннем дзяцей-салдат[41][42]. Ён сказаў: «Я глыбока пакутую за ахвяры, асабліва за дзяцей, вырваных з сем’яў і школ, каб яны выкарыстоўваліся як салдаты»[43]. 19 лютага 2017 года намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Марк К. Тонер заклікаў правесці расследаванне відэазапісу меркаванай расправы з жыхарамі вёскі Мванза Ломба[25][44]. Міністэрства замежных спраў і міжнароднага развіцця Францыі таксама заклікала правесці расследаванне па відэа[45][46]. У афіцыйнай заяве гаворыцца, што «Францыя асуджае крывавы гвалт, які разгарэўся ў рэгіёне». Краіна заклікала ўлады Конга і сілы бяспекі ўзяць на сябе асноўную адказнасць за абарону грамадзянскага насельніцтва[47]. 13 сакавіка 2017 года ў Касаі былі забіты два следчыя ААН. І ўрады Конга, і апалчэненне Камвіны Нсапу абвінавацілі адзін аднаго ў інцыдэнце. Відэа, апублікаванае кангалезскім урадам 24 красавіка, паказвае на датычнасць апалчэння[48]. Гл. таксамаЗноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia