Пінскі Варварынскі манастыр
Пінскі Свята-Варварынскі манастыр — праваслаўны манастыр у Пінску ў імя Варвары-мучаніцы. ГісторыяУ XVI стагоддзі ў Пінску былі тры праваслаўныя манастыры — Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі. Варварынскі манастыр узнік пры Прачысценскай царкве, якая стаяла ўжо ў 1513 годзе ў Старым горадзе на захад ад замка[1]. Упершыню згадваецца пад 1520 годам пры вялікім князю Жыгімонце Старым. У 1521 годзе князем пінскім і клецкім Фёдарам Іванавічам Яраславічам пры Варварынскай царкве былі пастаўлены драўляныя будынкі. Тады ж Фёдар Яраславіч надаў манастыру дворышча Піскалаўшчына «ў Асабовічах». Манастыру таксама былі нададзены вёскі Гольцы, Крайнавічы, Завідчыцы, Жыткавічы, Высокае, Гай[2]. Паводле рэвізіі 1595 года, манастыр складаўся з пяці будынкаў. Уваходам на тэрыторыю былі брама-званіца з трыма званамі. У драўлянай царкве св. мучаніцы Варвары іканастас меў 10 вялікіх і 10 малых абразоў, сярод іх два асабліва багата ўпрыгожаныя, у сярэбраных акладах з чаканкай—абраз св. мучаніцы Варвары і Прачыстай Дзевы Марыі. У царскіх, паўднёвых і паўночных брамах былі абразы на палатне. Манастыр быў абнесены высокай агароджай з дубовага бярвення[3]. З увядзеннем уніі манастыр у 1596 годзе ператвораны ва ўніяцкі і перададзены каралём ігуменні Еўфрасінні Трызне. Манастыр валодаў 32 валокамі зямлі і 732 душамі[4]. Праваслаўныя манашкі з манастыра (ігумення Яўфімія (Людміла Сноўская)) былі прагнаны. Зрэшты, некаторы час ім дазволілі жыць у Пінску. У 1633 годзе загадам караля Уладзіслава IV пры актыўным удзеле ўніяцкага біскупа Лявонція Пелчынскага манастыр аддадзены ордэну бернардзінцаў. У 1635 годзе каралеўскай граматай забаронена пінскаму магістрату прымаць у горадзе праваслаўных манашак, якія мелі намер заснаваць новы манастыр[5]. Пасля Полацкага царкоўнага сабора ў 1839 годзе манастыр зноў стаў праваслаўным. У гэты час Варварынская царква мела 56 абразоў, сярэбраны пазалочаны крыж з часціцамі Жыватворнага Крыжа Гасподняга, упрыгожаны чэшскім крышталём і фігурамі Хрыста і Маці Божай, сярэбраны крыж, падораны грэчаскімі святарамі. Галоўнай святыняй царквы з’яўляліся мошчы (палец) св. Варвары ў пазалочанай рацы. У манастыры была вялікая бібліятэка, дзе знаходзіліся і рукапісныя кнігі. Працавала школа для дзяўчатак, там вучылі чытанню, пісьму, лічэнню, рукадзеллю. У 1858 годзе ў праваслаўную царкву, цяпер вядомую як Варварынская, быў пераасвечаны касцёл бернардзінцаў, пабудаваны ў 1786. У 1865 годзе над ім усталяваны вялікі купал. Гэта прамавугольны ў плане аднанефны каменны храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем размешчаны ў два ярусы. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі[6]. На другім паверсе манаскага будынка адкрылася цёплая царква. У 1874 годзе насельнікаў манастыра (ігумення Назарэта, 5 манашак і 4 паслушніцы) перавялі ў новазаснаваны Мінскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, які існаваў да 1925. Там у храме Праабражэння Гасподняга быў зроблены прыдзел ў імя св. мучаніцы Варвары і захоўваліся яе мошчы. У пінскіх манастырскіх будынках гарадскія ўлады размясцілі лячэбніцу. Манастырская ж царква св. Варвары была зроблена прыходскаю ды прыпісана да пінскага Ляшчынскага манастыра, аднаго з самых старажытных у Беларусі, які знаходзіўся ў прадмесці Пінска Лешчы[7]. Манастыр зноў адкрыты ў чэрвені 1993 рашэннем Сінода Беларускага Экзархата. Знаходзіцца на тэрыторыі Пінскага епархіяльнага ўпраўлення, разам з Упраўленнем уяўляе адзіны архітэктурны ансамбль. Належыць да Пінскай епархіі. Манастыру аддадзены былы кінатэатр, які стаяў на месцы Фёдараўскай царквы. Яго перабудавалі ў храм у імя Уваскрэсення Гасподняга. Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia