Свята-Пакроўская царква (Гарадзечна)
Царква́ Пакрова Прасвятой Багародзіцы — праваслаўная царква ў Гарадзечне Пружанскага раёна, збудаваная ў памяць бітвы паміж расійскімі і напалеонаўскімі войскамі ў 1812 годзе. Помнік архітэктуры з элементамі класіцызму. Гісторыя![]() На сустрэчах і ў ліставанні з гродзенскім губернатарам генерал Аляксандр Тармасаў неаднаразова выказваў думкі пра неабходнасць ушанавання памяці Гарадзечанскай бітвы. Фундатарам пабудовы стаў уласнік Гарадзечны і Плянты Войцех Пуслоўскі, былы маршалак Слонімскага павета, а будаўніком — памешчык Шэмет. Збудаваная ўніяцкай[2] царква была адчынена на свята Пакрова 1825 года і атрымала назву Свята-Пакроўскай[3]. Пазней царква пераўтваралася то ў каталіцкую, то ў праваслаўную, то назад ва ўніяцкую. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе ў царкве быў усталяваны іканастас[4], а па здушэнні паўстання 1863 года яна была канчаткова перададзеная праваслаўным[5]. 6 лютага 1963 года Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце міністраў СССР прыняў рашэнне аб ліквідацыі прыхода ў вёсцы Гарадзечна. У будынку царквы пэўны час размяшчалася калгаснае зернясховішча і школьная спартыўная зала. Паступова ў царкве праржавеў дах, уваходная арка і каменная агароджа былі разабраны, сам будынак храма знаходзіўся ў поўным запусценні[4]. У 1990 годзе царква была вернута праваслаўным. Да гэтай пары яна практычна была пазбаўлена даху, а з чатырох каменных слупоў, якія падпіралі скляпенні, застаўся толькі адзін. Дзякуючы намаганням ураджэнца гэтых мясцін Леаніда Несцерчука і пры падтрымцы грамадскасці і мясцовых уладаў пачалася рэстаўрацыя храма. Дзякуючы таму, што захаваліся гістарычныя дакументы, ён быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе. Праект аднаўлення выканаў архітэктар з Брэста Рыгор Будзька, рэстаўрацыйныя працы здзейсніла брыгада з Валыні[4]. 12 кастрычніка 1991 года на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы царкву асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін[6]. Архітэктура![]() Будынак прамавугольны ў плане, над уваходам вежа-званіца. Асноўны трохнефавы аб'ём накрыты двухсхільным дахам, у цэнтры якога размешчаны васьмігранны светлавы барабан. На галоўным фасадзе накладны порцік. Вокны акаймаваны простымі ліштвамі. Асаблівую велічнасць храму надавалі 12 калон (дзве пры ўваходзе і 10 унутры), якія сімвалізавалі «12-ы год»[3]. Першапачаткова царква мела выгляд велізарнага свірна; не было ні купала, ні званіцы[4]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia