Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Шарашова)
Царква Раства Багародзіцы — царква ў Шарашове. Вядома з пачатку XVI стагоддзя, у 1760 годзе перабудавана. Зруйнавана ў савецкі час. Была выдатным помнікам драўлянага дойлідства Беларусі. ГісторыяПершыя звесткі пра царкву адносяцца да 1517 года, калі берасцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласніка Шарашова Юрыя Ільініча, надаў царкве ўклад. У 1760 годзе царква перабудавана. У 1803 годзе згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Прыбышэвіча (па-польску: Antoni Przybyszewicz) і князя Адама Чартарыйскага яна была адноўлена. У 1818 годзе царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красніку і Ялове. З 1833 года на працягу 15 гадоў у царкве вёў богаслужэнні на беларускай мове выкладчык Віленскага ўніверсітэта Міхась Баброўскі. У гэты час напрастольным тут было рукапіснае Евангелле канца XV — пачатку XVI стагоддзяў. Цяпер гэтае Евангелле разам з абразамі з іканастаса царквы захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. З 1839 года шарашоўская парафія пераведзена ў праваслаўе, а царква пераасвечана ў гонар Успення Багародзіцы[1]. У польскі час закінута[2]. У пачатку 1960-х гадоў зруйнавана савецкай уладай, а дошкі з яе былі выкарыстаны пры будаўніцтве хат у Пружанах[3]. АпісаннеУ апісанні за 1725 год пазначаны добры стан драўляных сцен, новы гонтавы дах і купал з вялікім крыжам; вакол будынка разьбяны кружганак «старасвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічаныя пазалочаны дэісус, разныя царскія вароты з евангелістамі і выявай Тайнай Вячэры. Па левым баку разны алтар з абразамі Святых Пятра і Паўла; Вялікі алтар з абразом трох свяціцеляў ; а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне[4]. У апісанні за 1757 год называюцца разны алтар Пятра і Паўла са слупкамі, карнізамі, двума анёлкамі і іншай разьбой. Уяўленне пра выгляд царквы пасля перабудовы можна атрымаць з візіты 1809 года: мела шэсць калон, купал-сігнатурку, пакрыты гонтам. Уваход у царкву праз адну з дзвюх сакрысцій. Перад прэзбітэрыем галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной работы пастаўлены разны вялікі алтар у ківорыі. Алтар распісаны рознымі фарбамі, па левым яго баку знаходзіцца ахвярнік (менса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разныя, пазалочаныя і месцамі пасярэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох евангелістаў і Благавешчання. Каля варот знаходзяцца два разныя алтары з менсамі: правы з абразом Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Багародзіцы[4]. Рэліквіі![]() ![]() Напрастольнае Евангелле і амаль поўны царкоўны іканастас XVIII стагоддзя з Прачысценскай царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Апошні мае мясцовы і апостальскі рады, унікальны па колькасці сюжэтаў (іх 24) рад свят Гасподніх, царскія і бакавыя вароты. Іканастас царквы, неўзабаве разбуранай, быў перавезены ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР у 1958 годзе, падчас першай музейнай экспедыцыі па выяўленні і збіранні помнікаў сакральнага мастацтва. Пачалася планамерная рэстаўрацыя і вывучэнне помнікаў. З 1969 года такую ж працу праводзіла Акадэмія навук, у структуры якой ужо ў 1979 годзе быў адкрыты Музей старажытнабеларускай культуры[5]. Уяўляе цікавасць абраз тыпу «Нараджэнне Хрыстова», якое трактуецца як «Пакланенне вешчуноў». Яслі з Дзіцем пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой намаляваны Іосіф. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны[6]. Незвычайна трактавана таксама Благавешчанне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзвеставанне». На ім намалявана Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль з вясёлкавай дугі выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігур традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Святога Духа[7]. Званіца![]() У 1799 годзе ля царквы паўстала званіца, збудаваная без адзінага цвіка. На ёй выбіты надпіс з часам збудавання: «Roku 1799 mca iula dnia 27». Званіца — помнік архітэктуры ў стылі класіцызм, уяўляе сабой двух’яруснае квадратнае ў плане (5,3×5,6 м) збудаванне вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоем з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай[8]. З 1990 года знаходзіцца на кансервацыі. Унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia