Свята-Троіцкая царква (Саматэвічы)
Свя́та-Тро́іцкая царква́ — мураваны праваслаўны храм у вёсцы Саматэвічах Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. ГісторыяПершыя ўзгадкі пра праваслаўны храм у Саматэвічах, які пабудаваў памешчык Галынскі, адносяцца да 1668 года. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў мястэчку ўжо дзейнічала драўляная царква, якая згарэла ў 1834 годзе. Тагачасны ўладальнік паселішча Іван Галынскі ў памяць аб памерлай жонцы Анастасіі на наступны год распачаў будаўніцтва новага мураванага храма ў вёсцы і запрасіў для гэтага дойлідаў з Санкт-Пецярбурга. Цэгла для пабудовы выраблялася на мясцовай цагельні па старажытным рэцэпце: у раствор дадавалі курыныя яйкі і потым, апаліўшы, узважвалі на шалях і апускалі на 10 дзён у ваду. Па заканчэнні гэтага тэрміну кожную цагліну зноў узважвалі, і калі яна не дадавала вагі, ішла на будоўлю царквы. Згодна з паданнем, пляцоўка для будаўніцтва была абрана на тым месцы, куды занесла ветрам крыжы ў час пажару, калі згарэла першая царква. Пецярбургскія дойліды скончылі ўзвядзенне храма да ўзроўню купалоў, а завяршэннем будоўлі займаўся запрошаны з Масквы архітэктар. За працу яму было насыпана золата столькі, колькі змясціў яго капялюш[1] Дабудаваная царква была асвячона ў 1842 годзе ў гонар Святой Тройцы з прыбудоўкамі Святых прарока Ільі і мучаніцы Анастасіі. Пасля заканчэння будоўлі ў царкоўны склеп быў перанесены прах памерлай жонкі Івана Галынскага. У 1864 годзе пры царкве было заснавана народнае вучылішча. За савецкім часам Свята-Троіцкая царква была зачынена і ператворана ў зернесховішча, а праз некаторы час стала выкарыстоўвацца як лядоўня, дзе хавалі тушы забітых калгасных жывёл. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселена, храм апынуўся закінутым. У 2008 годзе ў будынку адбыўся пажар, які знішчыў унутраныя драўляныя канструкцыі[2]. АрхітэктураРазмешчаны на колішняй галоўнай плошчы мястэчка. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Адносіцца да тыпу крыжова-купальных храмаў з паўкруглай апсідай і прамавугольным прытворам. Кубападобны аб’ём завершаны 5 цыбулепадобнымі купаламі на цыліндрычных барабанах. Цэнтры бакавых фасадаў вылучаны рызалітамі з вуглавымі гранёнымі пілонамі. Паўцыркульныя арачныя аконныя праёмы размешчаны ў верхняй частцы сцен, упрыгожаны пластычнымі ліштвамі з кілепадобнымі сандрыкамі, пілястрамі, кілепадобнымі арачкамі і прафіляванымі падваконнікамі. Высокі цокаль вылучаны арнаментальным рабрыстым поясам і крапаваны філёнгамі[3]. У асноўную прастору вядуць тры ўваходы, над якімі чыгуннымі літарамі былі выкладзены надпісы. На адным з іх змешчаны наступны тэкст: «В память в Бозь почившей матери от Благодарныхъ 23 марта 1842 год…»[2]. У інтэр’еры 4 магутныя слупы, злучаныя падпружнымі аркамі, падтрымліваюць высокі светлавы барабан купала. Сем бакавых квадратных у плане, вылучаных аркамі частак малітоўнай залы перакрыты цыліндрычнымі з распалубкамі і крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам на двух драўляных іанічных калонах размешчаны хоры, якія адкрываюцца ў залу арачнымі прасветамі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia