Спораўская полька

Спораўская полька — парна-гуртавы побытавы танец, які склаўся і практыкуецца па сёння ў в. Спорава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Апісанне

Спораўская полька мае больш чым стогадовую гісторыю і адметная шэрагам характэрных асаблівасцяў. Танец вылучаецца павольнасцю рухаў пар, якая, аднак, не ўплывае на яго рытмічнасць і гуллівы характар. У класічным разуменні полька надзелена шматлікімі скачковымі элементамі, але пры выкананні менавіта спораўскай полькі ўдзельнікі амаль не адрываюць ногі ад падлогі. Каманды (аб’явы), якія гучаць ад аднаго з танцораў ці ад вядучага, азначаюць розныя элементы полькі. Колькасць каманд неабмежаваная, але пачынаецца ад дванаццаці, што падкрэслівае шматфігурнасць танца. Пэўнага парадку, у якім ідуць гэтыя аб’явы, няма, гэта робіць спораўскую польку сапраўдным танцам-гульнёй. Ён заўсёды суправаджаецца жыццярадаснай музыкай. Ні адно свята ці ўрачыстая цырымонія ў Спораве не абыходзяць бокам выкананне мясцовай полькі, якая з’яўляецца адметнай рысай мерапрыемстваў.

Паходжанне элемента

Запісана ад мясцовай жыхаркі Пашкевіч Алёны Паўлаўны, 1949 г. н.: «Польку» (з камандамі) ў в. Спорава танцавалі з даўніны. Яшчэ бацька Пашкевіч Алёны Паўлаўны, Лютыч Павел Васільевіч (1902 г. н.) танцаваў гэтую польку на вечарынах, разам з аднавяскоўцамі. Паміж мясцовымі жыхарамі яна так і называлася – «Полька». Са слоў мясцовай жыхаркі Пашкевіч Вольгі Ануфрыеўны (1937 г. н.) вядома, што на гулянках, вяселлях, «вячорках» гулялі польку: адзін мужчына аддаваў «каманды», а ўсе астатнія іх выконвалі. Пры гэтым часцей за ўсё прысутнічалі дзеці, якія назіралі за старэйшымі і вучыліся. Ніводныя танцы моладзі не абходзіліся без полькі. А калі ў 1972 г. быў створаны ансамбль «Жураўка», а ў 1992 г. была прысуджана яму званне «народны», польцы, якой надалі назву «Спораўская полька», пачалі навучаць усіх удзельнікаў ансамбля. Акампаніруюць танцорам: гармонь, бубен, а ў апошні час – і баян.

Актуальныя сацыяльныя і культурныя функцыі

Побытавы танец «Спораўская полька» выконвае сацыялізуючую, крэатыўную, культурна-этнічную і пластычна-вобразную функцыі. Сацыялізуючая функцыя полькі — гэта далучэнне дзяцей і моладзі да агульначалавечага і этнічнага вопыту, да народнай культуры сваёй радзімы, да сродкаў выражэння ўнутранага свету і выхавання, якія ўласцівыя для нацыянальнай культуры. Крэатыўная функцыя — гэта здольнасць развіць і рэалізаваць творчы патэнцыял асобы, яе вобразнае і абстрактнае мысленне. Добра вывучаныя рухі і разуменне сутнасці полькі актуалізуе ўсе органы пачуццяў чалавека, і гэта з’яўляецца асновай для стварэння ўсіх відаў, жанраў, тыпаў творчасці. Культурна-этнічная функцыя — гэта далучэнне чалавека праз танец да гістарычнага вопыту свайго народа, да яго этнічнай культуры. Пластычна-вобразная функцыя — гэта фарміраванне пластычнай культуры асобы, выхаванне здольнасці авалодваць шматзначнасцю і мастацка-вобразным багаццем харэаграфічнага малюнка

Традыцыя сёння

Мясцовая танцавальная традыцыя «Спораўская полька» актыўна захоўваецца і перадаецца жыхарамі вёскі. Амаль усе вяскоўцы, у тым ліку моладзь, валодаюць майстэрствам яе выканання. Вялікую ролю ў папулярызацыі традыцыі выконвае фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Жураўка» і дзіцячы гурт «Жаўручкі». Дзякуючы павазе да сваёй спадчыны з боку мясцовай супольнасці, спораўская полька не толькі існуе па сённяшні дзень, але і мае вялікі патэнцыял далейшай перадачы ад пакалення да пакалення.

Прызнанне традыцыі

У 2014 г. Спораўская полька па рашэнню Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць (шыфр 13Б0000076).

Літаратура

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya