Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч

Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч
Дата нараджэння 13 кастрычніка 1938(1938-10-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 30 лістапада 2017(2017-11-30) (79 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці марфолаг, анатам, выкладчык універсітэта, загадчык кафедры
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат медыцынскіх навук[1] (1971)
Навуковае званне
Альма-матар
Узнагароды
медаль «Ветэран працы»
Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР

Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч (13 кастрычніка 1938, в. Уселюб, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць — 30 лістапада 2017) — беларускі ўрач-марфолаг. Кандыдат медыцынскіх навук (1971), дацэнт (1983)[2].

Біяграфія

Нарадзіўся 13 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і селяніна[3]. Паходзіў са шляхецкага роду Шабуневічаў-Ярашэвічаў. Католік[4].

Скончыў у 1957 годзе Навагрудскае медыцынскае вучылішча. У 1957—1958 гадах рэнтген-лабарант Гродзенскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера. Скончыў у 1964 годзе Мінскі медыцынскі інстытут. У 1964—1967 гадах аспірант аддзела марфалогіі Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі Мінскага медыцынскага інстытута, у 1967—1978 гадах старэйшы навуковы супрацоўнік ЦНДЛ[3].

У 1972 прысуджана навуковая ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1978—1982 гадах асістэнт кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута, у 1982—1996 гадах дацэнт кафедры. З 1996 года загадчык кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута[3].

У 1975—1984 гадах старшыня прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў МДМІ[3].

Памёр 30 лістапада 2017 года[2].

Навуковая дзейнасць

Навукова-даследчай працай пачаў займацца ў студэнцкія гады. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці — праблемы гістафізіялогіі, марфалогіі, морфагенезу цэнтральнай нервовай сістэмы. Вывучаў гістафізіялогію кары наднырачнікаў пад уплывам фізічных нагрузак («Аб утрыманні аскарбінавай і нуклеінавых кіслот у наднырачніках трусоў рознага ўзросту пры фізіялагічнай нагрузцы», з сааўт., 1966; «Гістахімічныя зрухі ў кары наднырачнікаў у жывёл рознага ўзросту пры фізіялагічнай фізічнай нагрузцы», 1967). У гэтай групе даследаванняў вялікае навукова-практычнае значэнне маюць працы пра прыстасавальніцкія рэакцыі арганізма да фізічных нагрузак, напрыклад, «Некаторыя гіста- і біяхімічныя паказчыкі трэніраванасці арганізма, які расце» (з сааўт., 1967)[3].

Вывучаў марфалогію і морфагенез цэнтральнай нервовай сістэмы («Актыўнасць дэгідрагеназ і тэтразолійрэдуктаз у ядрах перагародкі галаўнога мозгу белых пацукоў», 1981; «Размеркаванне актыўнасці некаторых акісляльна-аднаўленчых ферментаў у ядрах пярэдняй вобласці гіпаталамуса белых пацукоў», 1990). Удзельнік комплекснага даследавання фармакалагічных уласцівасцяў сінтэтычнай камфары і мясцовых мінеральных вод («Некаторыя фармакалагічныя ўласцівасці сінтэтычнай камфары, атрыманай з жывіцы іглічных дрэў», з сааўт., 1979)[3].

Асобныя даследаванні прысвяціў пытанням выкладання нармальнай анатоміі ў медыцынскіх вну («Прыкладныя аспекты ў выкладанні нармальнай анатоміі чалавека», з сааўт., 1992; «Пытанні экалогіі ў выкладанні анатоміі чалавека», 1992; «Анатомія чалавека ў сістэме праблемнаарыентаванага навучання», 1996)[3].

Аўтар 73 навуковых прац, сааўтар 2 навучальных дапаможнікаў: «Праводзячыя шляхі галаўнога і спіннога мозгу», 1993; «Анатомія зубоў», 1995. Браў удзел у працы 3 міжнародных навуковых з’ездаў і шэрагу канферэнцый[3].

Распрацоўка беларускай наменклатуры

Станіслаў Ярашэвіч першым пачаў выкладаць анатомію на беларускай мове. Па ініцыятыве Ярашэвіча было распачата складанне спісу беларускамоўных эквівалентаў анатамічных тэрмінаў[4]. Сааўтар распрацоўкі анатамічнай наменклатуры на беларускай мове («Распрацоўка беларускіх марфалагічных наменклатур як аснова стварэння навуковай медыцынскай тэрміналогіі», з сааўт., 1993)[3].

Вынікі шматгадовых даследаванняў па выкарыстанні беларускай мовы ў медыцынскай адукацыі, распрацоўцы і станаўленні беларускай анатамічнай тэрміналогіі і выданні вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове сталі асновай для стварэння анатамічнага слоўніка. «Анатамічны слоўнік» (1998 г.) складаецца з трох частак: руска-беларуска-лацінскай, беларуска-лацінскай і лацінска-беларускай. У аўтарскі калектыў слоўніка таксама ўваходзілі выкладчыкі кафедры нармальнай анатоміі БДМУ Л. М. Байцоў, Д. В. Кавалёва, П. І. Лабко[4].

Слоўнік стаў першым этапам у распрацоўцы нацыянальнай анатамічнай наменклатуры, пасля чаго былі падрыхтаваны да выдання беларускамоўныя эквіваленты да «Міжнароднай анатамічнай тэрміналогіі», а ў 2016 годзе быў выдадзены слоўнік «Анатомія. Слоўнік», у якім прыведзены спіс анатамічных тэрмінаў на лацінскай, рускай і беларускай мовах, размешчаных адпаведна па сістэмах арганізма і органах[4].

Узнагароды

Узнагароджаны Ганаровай граматай ВС БССР (1981)[3][2].

Крыніцы

  1. а б http://unicat.nlb.by/opac/pls/dict.prn_ref?tu=r&tq=v0&name_view=va_aall&a001=BY-NLB-ar10498170&strq=l_siz=20
  2. а б в Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч у базе даных «Вучоныя Беларусі» (руск.)
  3. а б в г д е ё ж з і Ярошевич Станислав Петрович. www.bsmu.by. Праверана 2 студзеня 2025.
  4. а б в г Ю. А. Гусева, Н. А. Трушель, В. В. Руденок, В. А. Филонюк, Л. Д. Чайка, Г. Е. Конопелько, Л. А. Давыдова Гуманист, ученый, педагог (к 85-летию со дня рождения доцента Станислава Петровича Ярошевича)(руск.). — 2023.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya