Станіслаў Станіслававіч Богуш-Сестранцэвіч
Станіслаў Станіслававіч Богуш-Сестранцэвіч (1869, Вільня — 1927, Варшава) — беларускі і польскі[3] графік і жывапісец[4]. БіяграфіяНарадзіўся ў 1869 годзе ў Вільні на Зарэччы ў збяднелай шляхецкай сям’і[5]. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, пазней — рысавальную школу Трутнева[5]. Вучыўся ў 1889—1894 гадах у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве[6]. У 1890 годзе атрымаў малы сярэбраны медаль за эцюд каня[7] «Шэрага ў яблыках»[5]. Падчас навучання ў Акадэміі юнак хварэў на сухоты. Станіслаў вучыўся на выдатна, але ў 1892 годзе быў выключаны з трэцяга курса «за непаспяховасць», пазней у яго папрасілі прабачэння і аднавілі ў правах студэнта[5]. Неўзабаве ён сам «не пажадаў працягваць навучанне ў Імператарскай акадэміі мастацтваў» і вярнуўся ў Вільню[5]. Удасканальваў сваё майстэрства ў Парыжы ў прыватнай Акадэміі Жуліяна (Academia Julian). Працягваў сваё навучанне ў Мюнхене ў майстэрні мастака-рэаліста Юзафа Бранта (1841—1915), які даводзіўся яму цесцем[5]. У 1897 годзе зноў вярнуўся ў Вільню, дзе прыняў удзел у вясновай выставе «тэракотаў і гіпсаў» былога вучня школы малюнка — Баляслава Балзукевіча, якая прайшла ў будынку цырка на Лукішках, а ўвосень — у маштабнай выстаўцы са 150 твораў. У тым жа годзе ў складзе мюнхенскай групы «Sezession» ён са сваёй работай «З поля» удзельнічаў у міжнароднай выстаўцы. На першым конкурсе тэатральнай фатаграфіі ў Варшаве Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч заняў 4-е месца. У 1899 годзе прыняў удзел у другой віленскай выстаўцы[5]. Паводле меркавання гісторыка і краязнаўцы Г. Каханоўскага Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч пад псеўданімам Яніслаў Валакіта з’яўляецца аўтарам ілюстрацый да выдання апавядання М. Горкага «Дзед Архіп і Лявонка» (пераклад Тэрэзы Гардзялкоўскай, Вільня, «Наша хата», 1910). Аднак мастацтвазнаўца Н. Усава слушна заўважае, што ілюстрацыі да твора М. Горкага пры ўсіх іх несумненных мастацкіх якасцях усё ж наўрад ці належаць высокапрафесійнаму мастаку з акадэмічнай адукацыяй. На яе думку, ілюстрацыі да «Дзеда Архіпа і Лявонкі» выканаў вядомы паэт і драматург Альберт Паўловіч[8]. Удзельнік выставак Санкт-Пецярбургскага таварыства мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911)[4]. У кастрычніку 1919 года быў адноўлены Віленскі ўніверсітэт. Першы дэкан і рупліўца мастацкага факультэта, прафесар Фердынанд Рушчыц даверыў Станіславу Богуш-Сестранцэвічу кіраванне майстэрняй натуры і даў беспрытульнаму мастаку пакойчык пры факультэце[5]. З-за пагрозы чырвонай акупацыі практычна ўвесь першы склад факультэта пакінуў горад, Богуш-Сестранцэвіч перабраўся у Варшаву[5]. ![]() Памёр Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч 24 мая 1927 года. Хаўтурнымі клопатамі па ім, з-за адсутнасці нашчадкаў, займалася былая жонка — Крысціна Бранд-Тышкевіч. Пахаваны адпаведна тэстаманту 28 мая ў Вільні на Евангелічна-рэфармацкіх могілках, зруйнаваных у 1956 годзе[5]. Магіла перанесена на могілкі Роса. ТворчасцьТворчасць звязана з мастацкім жыццём Літвы і Беларусі[4]. У жанравых творах адлюстроўваў побыт беларускіх і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан[6][4]. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), ілюстрацый да апавядання Э. Ажэшкі «Гэдалі» (1907)[4][6]. Як мастак-анімаліст С. Богуш-Сестранцэвіч праявіў сябе яшчэ падчас навучання ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў[7]. Выявы свойскіх і дзікіх жывёл: коней, валоў, сабак, свіней, нават зайцаў і курэй, намаляваныя ва ўдала падгледжаных выпадковых рухах і ракурсах, з’яўляюцца неад’емным і характэрным элементам яго сюжэтных твораў. Адлюстраванню жывёл мастак часта адводзіць цэнтральнае, першапланавае месца, акцэнтуючы ўвагу на іх натуральнай прыгажосці і норавах («На торгу». «Выпадак»). Часам натуральныя замалёўкі асобных жывёл перарастаюць у самастойныя сюжэтныя кампазіцыі анімалістычнага жанру («Зграя сабак», «Коні ў стойле»), але ніколі вобразы жывёл не набываюць карыкатурных рыс, што нагадваюць звычкі людзей. У гэтым жанры мастак моцна трымаўся акадэмічных традыцый, з’яўляючыся творчым пераемнікам выдатных рускіх і польскіх рысавальшчыкаў папярэдніх часоў[9][7]. Галерэя
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia