Станіслаў Ягадынскі
Станісла́ў Серафі́н Ягады́нскі (польск.: Stanisław Serafin Jagodyński; 1590 ці 1594/1595 — каля 1644) — паэт, перакладчык, педагог, знаўца геральдыкі. Пісаў на польскай і лацінскай мовах. БіяграфіяСын збяднелага шляхціца са Жмудзі гербу «Корвін». Наконт месца нараджэння існуюць тры версіі: Жамойць, Гродзеншчына або мястэчка Шарашова Берасцейскага павета. У 1613—1618 быў вучнем Віленскай езуіцкай акадэміі. Дзякуючы падтрымцы шляхціцаў Халецкіх у 1619 паступіў на факультэт права ў Кракаўскі ўніверсітэт, які скончыў у 1620 годзе. У 1622 працягнуў навучанне ва ўніверсітэтах Падуі і Балонні. У 1624—1625 суправаджаў каралевіча Уладзіслава Вазу ў яго падарожжы па Германіі, Бельгіі і Італіі. 3 лютага 1625 прысутнічаў з ім на пастаноўцы оперы «Выратаванне Руджэра…» ва Фларэнцыі. Пасля гэтых падзей паступіў на службу да троцкага кашталяна і нясвіжскага ардыната Яна Ежы Радзівіла і жыў пры яго двары ў Нясвіжы. Пасля смерці Радзівіла пэўны час (1627—1629) працаваў на двары кракаўскага біскупа Марціна Шышкоўскага. Пад канец жыцця служыў у каралеўскім маёнтку Шарашова, дзе, верагодна, і скончыў жыццё. ТворчасцьПершымі творамі, напісанымі падчас вучобы ў Віленскай езуіцкай акадэміі, сталі панегірыкі, прысвечаныя прадстаўнікам уплывовай беларускай знаці. Пазней пісаў панегірыкі таксама сваім апекунам-патронам Халецкім. Захаваліся некаторыя такія працы на польскай і лацінскай мовах з немалой прысутнасцю беларускіх словаў і выразаў, што і дало даследчыкам падставу меркаваць пра яго беларускае паходжанне. Падчас пражывання ў Італіі авалодаў італьянскай мовай, дзякуючы чаму ў 1628 годзе пераклаў на польскую мову лібрэта оперы Франчэска Сарачынелі «Выратаванне Руджэра». Акрамя гэтага, перакладаў таксама «Трыумф кахання» Петраркі і Дзю Бартаса[2]. Аднак найперш Станіслаў Ягадынскі вызначыўся як польскі паэт-сатырык XVII стагоддзя. Вялікай папулярнасцю карысталіся яго зборнікі сатырычных эпіграм («Маскі масленічныя і паўсюдныя…» (1619), «Грош пад заслонай і аздобай крылаў караля птушак арла князёў Радзівілаў…» (1620), «Дваранкі» (1621), «Каталіцкія песні» (1638) і інш.) Сярод магнацтва найбольш быў вядомы як знаўца законаў геральдыкі, афармляў гербы для шматлікіх ліцвінскіх і польскіх родаў. Склаў гербоўнік дваранства: «Сумарыуш кляйнотаў або гербаў дзяржавы і рыцарства Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага з розных аўтараў, а менавіта з Бельскага, з Папроцкага і запісаў С. С. Ягадынскага сабраны» (1621). Ягадынскаму таксама прыпісваюць аўтарства першага польскага падручніка па каліграфіі «Каліграфія, або Канцылярыя» (1640, 1695). Бібліяграфія
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia