Старэўскі шклозавод
Старэ́ўскі шклозавод[1] — колішняе прамысловае прадпрыемства, якое дзейнічала ў 1897—1925 гадах на паўднёвы ўсход побач вёскі Старэва Бабруйскага павета (цяпер у Слуцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі). Пры заводзе быў рабочы пасёлак Завод Старэва. Напэўна, кіраўніком завода быў купец Файнберг. У 1913—1916 гадах прадпрыемства належала «Таварыству Старэўскага хрустальнага і лесапільнага заводаў». Завод вырабляў шкляныя лямпы выдзіманыя і прасаваныя, лямпавае шкло, чарніліцы, бутэлькі, слоікі, хрустальныя вырабы. Пад уплывам амерыканскага мастака па шкле Луіса Камфара Ціфані завод вырабляў розныя рэчы з пакрыццём срэбнай фольгай (куфлі, чаркі, вазы для кветак, цукарніцы і інш.). Працавалі мясцовыя майстры, сярод якіх былі нашчадкі ўрэцкага роду гравіроўшчыкаў XVIII стагоддзя Рымашэўскіх — Іосіф Іванавіч з сынам, а таксама чэхі, немцы і бельгійцы[2]. На Старэўскім шклозаводзе неаднаразова адбываліся забастоўкі рабочых. У жніўні 1905 года забастоўшчыкі прад’явілі патрабаванні аб паляпшэнні іх побыту, аднак, як адзначана ў данясенні мінскага губернатара, уладальнік завода спадзяваўся аб мірным урэгуляванні патрабаванняў стачачнікаў. У кастрычніку 1907 года каля 100 рабочых шклозавода спынілі працу і запатрабавалі ад кіраўніцтва павелічэння заработнай платы. Забастоўка працягвалася 4 дні і скончылася 27 кастрычніка, калі рабочыя дамовіліся з уладальнікам і працягнулі працу[3]. У 1908 годзе на міжнароднай выстаўцы ў Марселі (Францыя) прадукцыя завода была адзначана гран-пры. Па звестках 1910 года, завод меў паравы рухавік і паравы кацёл, у 1913 годзе працавала 108 рабочых. Вырабы Старэўскага шклозавода прадстаўлены ў экспазіцыі Слуцкага краязнаўчага музея[4]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia