Сусветны атлас моўных структур

The World Atlas of Language Structures (WALS)
Выява лагатыпа
URL wals.info
Камерцыйны Не
Тып сайта Лінгвістычны (база даных)
Рэгістрацыя Не
Уладальнік Таварыства Макса Планка
Аўтар калектыў (55 чалавек)
Пачатак працы 2008
Рэйтынг Alexa 311 955[1]

«Сусветны атлас моўных структур» (англ.: The World Atlas of Language Structures, WALS) — адна з найбуйнейшых адкрытых баз даных у галіне лінгвістычнай тыпалогіі, якая ўключае інфармацыю пра размеркаванне вялікай колькасці фаналагічных, граматычных, лексічных і іншых з’яў у мовах свету. Упершыню апублікаваны ў выглядзе кнігі ў 2005 годзе з дадаткам CD-дыска; у красавіку 2008 года другое выданне базы стала даступным у сеціве (на англійскай мове). База створана вялікім аўтарскім калектывам, у ролі рэдактараў выступілі Марцін Хаспельмат  (англ.), Мэцью Драер  (англ.), Давід Гіл  (англ.) і Бернард Комры.

Карты распаўсюджання моўных з’яў былі створаны на аснове Google Maps. Інфармацыя на сайце праекта апублікавана пад ліцэнзіяй Creative Commons.

Гісторыя

Упершыню «Атлас» быў апублікаваны выдавецтвам Oxford University Press у выглядзе кнігі ў 2005 годзе з дадаткам CD-дыска[2]. У красавіку 2008 года ён быў запушчаны ў выглядзе інтэрнэт-сайта. Анлайн-версія была дапрацавана ў красавіку 2011 года.

Змест базы даных

Атлас змяшчае інфармацыю аб геаграфічным размеркаванні найважнейшых структурных моўных прыкмет. Ён уключае 144 раздзелы, кожны з якіх прысвечаны адной прыкмеце, і 160 карт з выявай геаграфічнага размеркавання. Колькасць запісаў у базе даных (гэта значыць індывідуальных пар «мова — значэнне прыкметы, якое рэалізуецца ў мове») у версіі 2005 года склала 58000[3], у дапоўненай анлайн-версіі — 76492. Усяго моў — 2679[4]

Ядро «Атласа» складаюць раздзелы, прысвечаныя граматычным прыкметам, якія ўтвараюць восем асноўных секцый: фаналогія, марфалогія, катэгорыі імені, сінтаксіс імені, катэгорыі дзеяслова, парадак слоў, просты сказ, складаны сказ. Адзін раздзел прадстаўляе лексічную тыпалогію, аднак не сістэматычным чынам. Таксама ёсць раздзелы, прысвечаныя жэставым мовам, паралінгвістычным гукам і сістэмам пісьма.

Крыніцамі даных паслужылі граматыкі і слоўнікі, лінгвістычныя манаграфіі, дысертацыі і артыкулы, палявыя запісы (адказы на спецыяльна распрацаваныя анкеты) і меркаванні моўных кансультантаў. Колькасць кніг і артыкулаў, з якіх была запазычана інфармацыя, склала 6700, а ў якасці экспертаў па тых ці іншых мовах былі прыцягнуты 83 чалавекі.

Прадстаўленне даных

Інфармацыя пра кожную з разглядаемых прыкмет прадстаўлена на сайце праекта ў некалькіх відах:

  • Кожнай прыкмеце прысвечана асобная старонка, на якой пазначаны значэнні прыкметы і прыводзіцца спіс моў, якія рэалізуюць кожнае са значэнняў.
  • Кожнай прыкмеце прысвечаны апісальны раздзел, у якім пра прыкмету, яе значэнні і іх размеркаванне па мовах расказваецца ў выглядзе тэксту (з прыкладамі з моў).
  • Размеркаванне значэнняў прыкмет можна таксама паглядзець на карце, дзе кожнае значэнне адлюстроўваецца спецыяльным знакам.

Таксама ёсць раздзелы, прысвечаныя:

  • мовам: для кожнай мовы прыводзіцца асноўная інфармацыя пра яе, а таксама спіс значэнняў усіх прыкмет для гэтай мовы;
  • аўтарам: прыводзіцца спіс аўтараў з указаннем тых прыкмет, якія былі даследаваны імі для праекта;
  • крыніцам: прыводзіцца агульны бібліяграфічны спіс з магчымасцю экспарту бібліяграфічных апісанняў літаратурных крыніц у розныя фарматы (BibTeX  (англ.), RIS  (англ.), EndNote  (англ.), XML і інш.);
  • навінам і абнаўленням.

На сайце ёсць магчымасць пакінуць каментарый да апісання пэўнай прыкметы або канкрэтнага запісу ў базе даных. Таксама карыстальнік можа ствараць уласныя карты, камбінуючы на адной карце некалькі прыкмет. Ёсць налады знешняга выгляду карт, а таксама экспарт даных у розных фарматах.

Мовы

Агульная колькасць моў, якія так ці інакш прыцягваюцца да разгляду, складае 2676 (у версіі 2011 года — 2678): кожная з гэтых моў паказана хаця б на адной карце. Паколькі падрабязныя даныя былі даступныя далёка не для ўсіх з іх, некаторыя мовы (усяго 262) паказаны толькі на адной карце, тады як іншыя (такія, як англійская) — амаль на ўсіх картах. Была таксама вылучана рэпрэзентатыўная выбарка са 100 моў, якія павінны былі быць прадстаўлены на ўсіх картах (і яшчэ 100 моў, для якіх гэта было пажадана).

Колькасць моў, даследаваных для канкрэтнай прыкметы і адлюстраваных на карце, выбіралася аўтарам адпаведнага раздзела. Складанне ж спецыяльных выбарак у 100 і 200 моў ставіла сваёй задачай забяспечыць рэпрэзентатыўнасць. У выпадку, калі б пераважала інфармацыя пра мовы, генетычна блізкія (напрыклад, індаеўрапейскія) або распаўсюджаныя ў адным арэале (напрыклад, у Еўразіі), сказілася б карціна частотнасці тых ці іншых моўных з’яў. Выбаркі ў 100 і 200 моў былі створаны так, каб прадставіць моўную разнастайнасць у максімальна збалансаваным выглядзе, без перакосаў у які-небудзь бок. На складанне гэтых выбарак часткова паўплывала таксама даступнасць даных пра мову. Пры гэтым у выбарку са 100 моў трапілі больш вядомыя і больш добра вывучаныя мовы ў параўнанні з мовамі з тых жа сем’яў/арэалаў, якія былі адабраны ў пашыраную выбарку.

Аўтары

Аўтарскі калектыў «Атласа» ўключае 55 чалавек, спецыялістаў па граматычнай і лексічнай тыпалогіі з розных краін свету. Сярод аўтараў такія навукоўцы з сусветным імем, як Б. Бікель, Г. Корбет  (англ.), Э. Даль  (англ.), І. Мэдысан, Дж. Нікалс  (англ.), А. Сіверска, Л. Стасен, Ё. ван дэр Аувера і інш. Рэдактарамі (а таксама аднымі з аўтараў) з’яўляюцца Марцін Хаспельмат  (англ.), Мэцью Драер  (англ.), Давід Гіл  (англ.) і Бернард Комры.

Прыклады прыкмет

  • Фаналогія
    • інвентар зычных
    • суадносіны зычных і галосных
    • увулярныя зычныя
    • глаталізаваныя зычныя
    • размяшчэнне фіксаванага націску
  • Парадак слоў
    • парадак дзейніка і дзеяслова
    • парадак прыметніка і імені
    • парадак адмаўлення і дзеяслова
  • Складаны сказ
    • рэлятывізацыя дзейніка
    • мэтавы сказ
  • Лексіка
    • колераабазначэнні
    • назвы чаю

Гл. таксама

Зноскі

  1. https://www.alexa.com/siteinfo/wals.info Праверана 10 студзеня 2019.
  2. The World Atlas of Language Structures (Oxford University Press). Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2012. Праверана 19 кастрычніка 2012.
  3. Comrie, Bernard & Dryer, Matthew S. & Gil, David & Haspelmath, Martin. 2011. Introduction. In: Dryer, Matthew S. & Haspelmath, Martin (eds.) The World Atlas of Language Structures Online. Munich: Max Planck Digital Library, supplement 1. (англ.) Архіўная копія ад 17 кастрычніка 2012 на Wayback Machine
  4. WALS Online - Languages. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2021. Праверана 10 красавіка 2018.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya