Сяргей Васільевіч Гапоненка
Сяргей Васільевіч Гапоненка (нар. 5 чэрвеня 1958, Мінск) — беларускі фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; член-карэспандэнт з 2004), доктар фізіка-матэматычных навук (1996), прафесар (2008). БіяграфіяСкончыў Белдзяржуніверсітэт (1980). З 1980 года ў Інстытуце фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1997—1999 гадах — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 1999—2000 гадах — в.а. дырэктара, у 2000—2007 гадах — дырэктар і адначасова з 2001 года загадчык лабараторыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2007 года — загадчык лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1]. Адначасова з 2014 года — старшыня навуковага савета, дырэктар Выканаўчай дырэкцыі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў[2], з чэрвеня 2023 года — дырэктар Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі[3]. УзнагародыПрэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2010 года, медаль Францыска Скарыны (2017). Навуковая дзейнасцьНавуковыя даследаванні ў галіне фізікі і оптыкі нанаструктур кандэнсаваных асяроддзяў. Устанавіў ролю прымеснай рэкамбінацыі ў фарміраванні нелінейных аптычных уласцівасцяў паўправадніковых крышталяў. Упершыню выявіў і даследаваў неаднароднае пашырэнне аптычных спектраў паўправадніковых нанакрышталёў у дыэлектрычных матрыцах, усталяваў шэраг прынцыповых заканамернасцяў эвалюцыі уласцівасцяў наначасціц пры пераходзе ад малаатамных кластараў да аб’ёмных цвёрдых целаў. Даследаваў узаемадзеянне электрамагнітнага выпраменьвання з квантавымі сістэмамі ва ўмовах прасторавага абмежавання электрамагнітных хваль. Прапанаваў выкарыстоўваць коллоідныя крышталічныя нанаструктуры ў якасці прататыпа для стварэння «фатонных крышталяў», выявіў і даследаваў змену верагоднасці квантавых пераходаў малекул у такіх наноструктурах, абумоўленае змяненнем шчыльнасці фатонных станаў. На аснове аналізу квантавых працэсаў працэсаў у нанаструктурах прапанаваў механізм узмацнення рэзананснага і камбінацыйнага рассейвання святла ў нанаструктурах, а таксама практычныя метады павышэння адчувальнасці спектраскапіі гіганцкага камбінацыйнага рассейвання і эфектыўнасці святловыпрамяняльных цвёрдацельных структур. Устанавіў асноўныя заканамернасці распаўсюджвання выпраменьвання ў наноструктурах з фрактальнай геаметрыяй, прапанаваў прынцыпы кадавання інфармацыі на аснове характарыстычных спектраў класічных хваль і квантавых часціц у наноструктурах. Аўтар каля 200 навуковых прац, у т. л. 3 манаграфій. Пад яго рэдакцыяй замежнымі выдавецтвамі апублікавана 6 зборнікаў навуковых прац па фізіцы нанаструктур. Бібліяграфія
КрыніцыСпасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia