Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты
![]() ![]() Сярэдзіннаакіяні́чныя хрыбты́[1], сярэ́дзінна-акіяні́чныя хрыбты́ — найбуйнейшыя формы рэльефу дна Сусветнага акіяна, лінейныя падводныя ўзняцці ложа акіянаў у зонах актыўнага рассоўвання (дывергенцыі) літасферных пліт і фарміравання новай зямной кары акіянічнага тыпу. Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты вядомыя ва ўсіх акіянах і ўтвараюць планетарную сістэму агульнай працягласцю больш за 60 тыс. км[2][3] (каля 75 тыс. км[1], з адгалінаваннямі да 80 тыс. км[2][3]), якая займае 1/3 паверхні дна акіянаў. Маюць шырыню ад некалькіх соцень да 1000—1500 км (да 2000 км[2][1]) і ўзвышаюцца над акіянскімі катлавінамі на 3—4 км. Асобныя вяршыні дасягаюць узроўню акіяна і нават выступаюць над вадой у выглядзе астравоў (Бувэ, востраў Святой Алены, Трыстан-да-Кунья, востраў Пасхі, Азорскія астравы і іншыя). Часам у акіяне сустракаюцца падводныя горы, частка якіх амаль дасягае паверхні, сярод якіх гара Кобб паблізу берагоў Паўночнай Амерыкі (глыбіня яе вяршыні 33 м пры вышыні гары каля 2800 м), гара Ампер (глыбіня вяршыні каля 50—60 м), гара Жазэфіна (глыбіня вяршыні каля 110 м) у Атлантычным акіяне (прыкладна за 400 міль ад Гібралтара)[4]. Зона сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў характарызуецца рэзка раздзеленым рэльефам, развіццём разрыўных парушэнняў зямной кары, папярочнымі разломамі і зрухамі, актыўным вулканізмам і павышанай сейсмічнай актыўнасцю, павышаным цеплавым патокам, лакальнай гідратэрмальнай дзейнасцю. Уздоўж галоўнай восі хрыбтоў знаходзяцца рыфтавыя даліны з агаленнямі ўльтраасноўных парод, блізкіх паводле складу да рэчыва мантыі Зямлі. Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў уключае хрыбет Гакеля, Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, Амерыканска-Антарктычны хрыбет, Афрыканска-Антарктычны хрыбет, Цэнтральнаіндыйскі хрыбет (разам з Аравійска-Індыйскім хрыбтом), Аўстрала-Антарктычнае ўзняцце, Паўднёва-Ціхаакіянскі хрыбет, Усходне-Ціхаакіянскае падняцце (апошняе ў структурным дачыненні з’яўляецца хутчэй акіянічным валам[2]). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia