Таццяна Паўлаўна Беразенская
Таццяна Паўлаўна Беразенская (нар. 17 верасня 1952, г. Каламыя, Івана-Франкоўская вобласць, Украіна) — беларуская мастачка. БіяграфіяНарадзілася 17 верасня 1952 года ў г. Каламыя Івана-Франкоўскай вобласці (Украіна). У 1970 г. скончыла мастацкую гімназію ў Будапешце (Венгрыя). З 1974 г. жыве і працуе ў Беларусі. З 1971 г. удзельніца рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак. Стартам творчых поспехаў многіх вядомых мастакоў, у тым ліку і Т. Беразенскай, стаў росквіт выдавецтва «Юнацтва», якое ў 1980-я гг. штогод выпускала больш за 150 назваў кніг[2]. Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 года[2]. ТворчасцьТворчасць Беразенскай звязана ў асноўным з кніжнай графікай. Створаныя ёю ілюстрацыі заўсёды арганічна пераплятаюцца з непасрэдным тэкставым матэрыялам. Аформленыя мастаком кнігі (многія выйшлі ў перакладзе на замежныя мовы) вылучаюцца запамінальнымі вобразамі, яркай дэкаратыўнасцю[2]. З ранніх работ графіка вылучаюцца ілюстрацыі да беларускіх народных казак «Лісіца-хітрыца» (1978), «Сядзіць мядзведзь на калодзе» (1981)[2]. У 1980-х — пачатку 1990-х гг. яна аформіла кнігі «Беларускія народныя казкі», «Мама мышка сушыла шышкі», «Жаронцы», «Беларускія народныя скорагаворкі», «Грузінскія народныя казкі», «Ох і залатая табакерка», «Цягнік-працаўнік» А. Дзеружынскага, «Хата, поўная гасцей» В. Зуёнка, «Азбука Васі Вясёлкіна» В. Віткі, «Казка пра цара Салтана» А. Пушкіна і інш[2]. З работ апошняга часу адметным з’яўляецца афармленне кніг для выдавецтва «Мастацкая літаратура». Гэта «Аз+Букі» (2004), дзе сабраны некалькі паэтычных цыклаў, якія ўяўляюць сабой вершаваныя азбукі, фактычна восем асобных кніг розных аўтараў. Цікавай з’яўляецца таксама аформленая Беразенскай кніга прыказак і прымавак «Мудрасць жыцця» (2007)[2]. Працягвае займацца ілюстраваннем менавіта казачнай літаратуры. Творчымі ўдачамі можна лічыць афармленне такіх кніг, як «Залатая яблынька» і «Вежа міру» (абедзве 2007)[2]. Удзельнічае ў афармленні часопіса «Вясёлка», стварае вокладкі для кожнага нумара выдання[2]. Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных калекцыях за мяжой[2]. УзнагародыУзнагароджана шматлікімі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў мастацтва кнігі[2]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia