Трансвааль (песня)«Трансвааль, Трансвааль, зямля мая…» (у руск. арыг. «Трансвааль, Трансвааль, страна моя») — руская народная песня, якая ўзнікла на аснове верша Галіны Галінай. Гісторыя песніВерш «Бур і яго сыны» за подпісам «Галіна» змясціла 18 (30) кастрычніка 1899 г. пецярбургская газета «Новое время»[1]. Публікацыя суправаджалася прыпіскай, што твор атрыманы ў адказ на змешчаную ў газеце двума днямі раней выяву «Бур і яго дзесяць сыноў, узброеных для паходу»[1][2]. Верш стаў эмацыйным водгукам на падзеі англа-бурскай вайны, спачуваннем народу бураў. Неўзабаве ён быў перадрукаваны іншым пецярбургскім выданнем — часопісам «Родник», але без пазначэння аўтарства[3]. У пачатку ХХ ст. яго ўключалі ў розныя паэтычныя анталогіі[4][5]. Трапіўшы ў народнае асяроддзе, тэкст быў пераасэнсаваны і перароблены, у ім з’явілася згадка пра Трансвааль, якой не было ў аўтарскім арыгінале. У адной з першых песенных публікацый, якая адносіцца да 1912 г., тэкст утрымлівае зварот да Трансвааля як да краіны лірычнага героя («страна моя»), якая палае ўнутры яго («ты вся горишь во мне»)[6]. Але паралельна існавалі версіі, дзе Трансвааль называўся зоркай («звезда моя») у агні («ты вся горишь в огне»)[7]. Адрозніваліся і іншыя радкі. Песня атрымала папулярнасць у перыяд Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Мела пашырэнне і ў больш познія часы. Як аб важнай прыкмеце першай паловы ХХ ст. пра яе згадвалі К. Паустоўскі, М. Ісакоўскі, В. Шклоўскі, А. Фадзееў, Л. Касіль, М. Слонімскі[8]. Была вядомай і ў Беларусі. З успамінаў М. Ісакоўскага вынікае, што песня бытавала на Смаленшчыне[9]. С. Шамардзіна, жонка беларускага савецкага дзеяча Я. Адамовіча, згадвала яе як адну з песень, якую муж, ураджэнец Барысава, ведаў з дзяцінства, успамінаў і спяваў[10]. А. Мальдзіс у дзяцінстве чуў яе ад свайго бацькі ў в. Расолы[11]. Адну з версій песні ў другой палове 1940-х гадоў зафіксаваў на Лагойшчыне Ніл Гілевіч[12]. Мяркуючы з гуказапісаў пачатку ХХ ст., песня не мела аднолькавага музычнага вырашэння[13][14][15]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia