Трапапаўза![]() Трапапа́ўза[1][2] (ад грэч. τροπος — паварот, змяненне і παῦσις — прыпынак) — пераходны слой атмасферы Зямлі паміж трапасферай і стратасферай магутнасцю 1—2 км, дзе тэмпература з вышынёй не змяняецца (ізатэрмія). У зямной атмасферы трапапаўза размешчана на вышынях ад 8—12 км (над узроўнем мора) у палярных раёнах і да 16—18 км над экватарам. Вышыня трапапаўзы залежыць таксама ад пары года (улетку трапапаўза размешчана вышэй, чым узімку) і цыкланічнай дзейнасці (у цыклонах яна ніжэй, а ў антыцыклоне — вышэй). Трапапаўза адыгравае важную ролю ў цыркуляцыйных і тэрмадынамічных працэсах трапасферы і стратасферы. Яна затрымлівае і перашкаджае пераносу аэразолей і вадзяной пары ад зямной паверхні ў стратасферу. Тут фарміруюцца воблакі верхняга ярусу. Трапапаўза абмяжоўвае развіццё кучава-дажджавых воблакаў, іх пранікненне ў стратасферу і надае ім форму кавадлы. У межах трапапаўзы ўзнікаюць струменныя плыні. Адначасова трапапаўза з’яўляецца бар’ерам пранікнення азону са стратасферы ў трапасферу. Трапапаўза з’яўляецца таксама слоем мінімальнай тэмпературы, дзе ўраўнаважваецца паступленне і расход праменнай энергіі. У тропіках трапапаўза высокая і халодная, у напрамку да палюсоў яе вышыня паступова памяншаецца і яна становіцца больш цёплай. КрыніцыЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia