Трыумф смерці (карціна)
«Трыумф смерці» — карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага, напісаная каля 1562 года. Карціна ўяўляе сабой панараму выпаленай бясплоднай зямлі, на якой армія шкілетаў сее жах, хаос і смерць, падвяргаючы мірных жыхароў разнастайным катаванням. Асуджаныя ў страху разбягаюцца, хтосьці спрабуе даць адпор, а хтосьці проста іграе на лютні, імкнучыся не заўважаць таго, што адбываецца. Шкілет у цэнтры карціны на кані люта косіць людзей велізарнай касой, і звар'яцелы люд натоўпам бяжыць у сховішча, якое насамрэчы з'яўляецца велізарнай пасткай у форме труны. Усе без разбору — ад селяніна да караля — становяцца ахвярамі пераможнай смерці[1]. Свет гіне пад пахавальны бой званоў, у якія званяць шкілеты ў верхнім левым вугле карціны. Вялікая колькасць элементаў на карціне адлюстроўвае шматлікія аспекты паўсядзённага жыцця XVI стагоддзі — ад дэталяў адзення да папулярных забаў, такіх як ігральныя карты і нарды. Брэйгель намаляваў розныя музычныя інструменты, старадаўні механічны гадзіннік, сцэну палявання і пахавальны абрад, а таксама разнастайныя пакаранні смерцю — калесаванне, павешанне, абезгалоўванне, і нават утапленне з прывязаным да шыі жоранам. У «Трыумфе смерці» Брэйгель злучыў дзве розныя выяўленчыя традыцыі — звыклую для яго гравюру Паўночнага Адраджэння на тэму Скокаў смерці і італьянскую канцэпцыю Трыумфу смерці, якую ён мог бачыць на фрэсках Палацца Склафані ў Палерма і могілках Кампа-Санта ў Пізе[2]. Большасць мастацтвазнаўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што ў «Трыумфе смерці», як і ў іншых працах падобнай тэматыкі — «Вар'яцкай Грэце» і «Падзенні мяцежных анёлаў» Брэйгель выказаў грамадскія настроі трывогі і нявызначанасці, якія панавалі ў суровай атмасферы Іспанскіх Нідэрландаў напярэдадні Нідэрландскай рэвалюцыі. Гісторыя карціны прасочваецца да 1614 года, калі яна ўпершыню дакладна згадваецца ў вопісе маёмасці Філіпса ван Валкенісэ з Антверпена. Да 1745 года, змяніўшы некалькіх уладальнікаў, карціна апынулася ва ўласнасці Ізабелы Фарнезэ. Да 1827 года яна заставалася ў палацы Ла-Гранха, пасля чаго была перададзена ў музей Прада, дзе і захоўваецца дагэтуль. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia