Адказнасць за напад узяло на сябе падраздзяленне тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» — «Вілаят Харасан».
Напярэдадні
7 сакавіка 2024 года Федэральная служба бяспекі Расіі абвясціла, што нейтралізавала ў Маскве звязаную з «Ісламскай дзяржавай» тэрарыстычную ячэйку, якая мела намер атакаваць сінагогу[4].
У той же дзень пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Расіі перасцярагло турыстаў ад наведвання масавых мерапрыемстваў у Маскве і Маскоўскай вобласці ў бліжэйшыя 48 гадзін у сувязі з верагоднасцю тэрарыстычных актаў[5]. Амерыканскія спецслужбы перадалі ў прыватным парадку расійскім чыноўнікам разведданыя, што Вілаят Харасан (філіял групоўкі ІД у Афганістане) рыхтуе напад у сталіцы[6].
22 сакавіка 2024 года ў «Крокус Сіці Холе» быў запланаваны канцэрт гурта «Пікнік» сумесна з сімфанічным аркестрам[8]. Было прададзена больш за 6000 квіткоў. Таксама ў зале праходзілі спаборніцтвы чэмпіянату і першынства Расіі па танцавальным спорце[9].
Каля 20:00[10], незадоўга да пачатку канцэрта,[11] да галоўнага ўваходу канцэртнай залы пад’ехала легкавая машына, з якой выйшлі некалькі чалавек (паводле звестак «Інтэрфакс» — да 5[12]) і адкрылі агонь з аўтаматаў[13]. Расстраляўшы ахову і некалькіх чалавек каля ўваходу[10], тэрарысты атакавалі гледачоў у фае[14]. У 20:03 нападнікі дайшлі да глядзельнай залы[10]. Там яны расстрэльвалі людзей ва ўпор[15] і сталі падпальваць крэслы, выкарыстоўваючы ёмістасці з бензінам[10]. У будынку прагучалі два выбухі[16]. Пачаўся пажар[17].
Людзі пачалі эвакуявацца праз выхады і падземную паркоўку на вуліцу і, па пераходах, — у суседні павільён № 2 і на станцыю метро «Мякініна». З павільёна № 3, у якім знаходзіцца канцэртная зала, былі эвакуіраваны ўдзельнікі і гледачы танцавальных спаборніцтваў, якія праходзілі ў зале № 19,[18] госці і супрацоўнікі гатэля «Акварыум»[19]. Відавочцы адзначалі, што некаторыя эвакуацыйныя выхады былі заблакаваныя[20].
Агенцтва ТАСС у 20:33 паведаміла, што маскоўскія падраздзяленні САХР і АМАП былі паднятыя па трывозе і накіроўваюцца ў «Крокус Сіці Хол»[21]. Акрамя таго, прыбылі 70 брыгад хуткай дапамогі[22]. Усяго да працы пасля тэракту былі прыцягнутыя 719 спецыялістаў і 213 адзінак тэхнікі[23]. Да 20:44 у будынку пачалося абвальванне даху[24], а тэрарысты здолелі пакінуць месца падзей[25] на легкавым аўтамабілі[26]. У 00:56 МНС Расіі паведаміла аб лакалізацыі пажару[27]. Глядзельная зала была цалкам знішчаная пажарам, ратавальнікі прыступілі да распілоўвання і разборкі ацалелых металічных канструкцый[28].
Паводле даных на 3 красавіка не менш за 145 асоб загінулі[29] і 551 паранены[30]. Пацярпелых прынялі 12 бальніц[31].
Наступствы
У Маскве і Санкт-Пецярбургу экстранна перапынены ўсе канцэрты[32], наведвальнікі некалькіх гандлёвых цэнтраў былі эвакуяваныя[33]. У гэтых гарадах, а таксама ў іншых рэгіёнах Расіі адменены масавыя, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, запланаваныя на наступныя выхадныя[34][35]. Таксама ў некаторых навучальных установах суботнія заняткі адменены або пераведзены на дыстанцыйную форму[35][36][37]. Расавіяцыя заявіла пра ўзмацненне мер бяспекі[38].
У першыя гадзіны пасля тэракту, яшчэ да высвятлення ўсіх падрабязнасцяў справы, расійскі палітык Канстанцін Малафееў параўнаў трагедыю з Норд-Остам, і паказваючы на Украіну заявіў, што трэба «скончыць гэтую вайну пераможным разгромам праціўніка»[39]. У падобнай рыторыцы выказаўся таксама былы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў[40]. Амерыканскія[41] і ўкраінскія[42] ўлады адмаўлялі гэтую інфармацыю.
Афіцыйны прадстаўнік ЗША паведаміў CBC News, што ёсць разведданыя аб датычнасці «Ісламскай дзяржавы»[43]. Пазней групоўка афіцыйна прызнала сваю адказнасць за тэракт, апублікаваўшы заяву ў афіліраваным інфармацыйным агенцтве Amaq[44][45].
Нападнікі
Раніцай наступнага дня чацвёра падазраваных (грамадзяне Таджыкістана[46]) былі затрыманыя ў Бранскай вобласці. Меркаваныя тэрарысты ехалі на белым «Рэно»[47]. Усяго, разам з памагатамі, было затрымана 12 чалавек[48]. Гэтыя асобы названы ўладамі непасрэднімі выканаўцамі тэракту. Імі апынуліся Мухамадсабір Файзаў, Шамсідзін Фарыдуні, Далерджон Мірзоеў і Саідакрамі Рачабалізода. Ужо 24 сакавіка яны паўсталі перад Басманным раённым судом горада Масквы і былі абвінавачаны ў тэрарызме[49]. Да падазраваных былі ўжыты катаванні[50]. Паведамлялася, што нападнікі былі завербаваныя праз Telegram-канал «Голас Харасана»[51].
22 сакавіка 2025 года, у першую гадавіну тэракту, побач з будынкам адкрыты мемарыял у памяць аб ахвярах трагедыі[58][59][60][61]. Аўтарам праекта манумента з’яўляецца ўладальнік кампаніі Crocus Group Арас Агаларов[59]. Праект падвергнуўся крытыцы сваякоў з прычыны адсутнасці фатаграфій і імёнаў загінулых[62].