Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч

Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч
Род дзейнасці юрыст, праваабаронца
Дата нараджэння 22 кастрычніка 1978(1978-10-22) (46 гадоў)
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
Медаль Ордэна Пагоні
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч (руск.: Владимир Николаевич Лабкович; нар. 22 кастрычніка 1978, Мінск, Беларусь) — беларускі праваабаронца, юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», увайшоў у шорт-ліст Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Праваабаронца года», палітвязень[1].

3 сакавіка 2023 года быў асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і буйнога штрафу[2].

Біяграфія

Уладзімір Лабковіч нарадзіўся 22 кастрычніка 1978 года ў Мінску ў сям’і інжынераў. Пасля заканчэння школы паступіў на юрыдычны факультэт Інстытута сучасных ведаў, скончыў яго ў 2000 годзе. Цягам двух гадоў працаваў юрысконсультам у розных арганізацыях[3].

Перш чым стаць праваабаронцам, У. Лабковіч заняўся палітыкай, уступіўшы ў 1996 годзе ў Партыю БНФ. У 1997 годзе, яшчэ студэнтам, ён стаяў ля вытокаў стварэння маладзёжнай апазіцыйнай арганізацыі «Малады фронт».

У 1998 годзе У. Лабковіч прыняў запрашэнне кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага стаць валанцёрам арганізацыі. З 2002 года пачаў стала працаваць у «Вясне». У першыя гады працы Лабковіч удзельнічае ў праваабарончых пікетах, ладзіць семінары і канферэнцыі, прысвечаныя праблеме абароны правоў чалавека ў Беларусі. З 2001 года «Вясна» пачынае назіраць за выбарамі, і Лабковіч актыўна ўключаецца ў кампанію, праходзіць спецыяльныя курсы для назіральнікаў.

28 кастрычніка 2003 года Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Вясны» ў сувязі з незадаволенасцю ўладаў актыўным удзелам яе супрацоўнікаў у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе. Рашэнне суда праваабаронцы назвалі палітычна матываваным.

У знак пратэсту кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, а таксама яго паплечнікі Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Алег Жлутко, Уладзімір Вялічкін, Мікола Лемяноўскі, Зміцер Салаўёў і Аляксей Колчын селі на падлогу ў зале суда і пачалі скандаваць: «Ганьба!» У выніку чаго былі выведзены з будынка суда і дастаўленыя ў Ленінскі РУУС горада Мінска. Там на іх склалі пратаколы за «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі».

У выніку 29 кастрычніка 2003 года суд Ленінскага раёна Мінска аштрафаваў Лабковіча на дзесяць базавых велічынь[3].

«Толькі нам вядома, што такое „Вясна“. Гэта не назавеш сям’ёй, бо гэта не паглынае ўсю сутнасць нашай каманды. Калі пасадзілі Алеся Бяляцкага [першае затрыманне ў 2011 г. — заўв.], я позна ўначы вярнуўшыся дадому, толькі тады зразумеў, што „Вясна“ — гэта той унутраны свет, які ёсць у кожнага з нас. „Вясна“ — гэта мы», — казаў Уладзімір Лабковіч.

Арышт і крымінальны пераслед 2023 года

У. Лабковіч быў затрыманы разам з жонкай Нінай 14 ліпеня 2021 года, у іх кватэры быў праведзены вобыск. Першапачаткова Уладзіміру Лабковічу разам з Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам былі прад’яўлены абвінавачанні па арт. 243 Крымінальнага кодэкса — «Ухіленне ад выплаты падаткаў». Праваабаронцам «Вясны» ставілі ў віну, што яны «не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым скрылі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццёўленых выплатах, асоб, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і якія ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам».

У канцы верасня 2022 года крымінальная справа ў дачыненні да Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых сябраў «Вясны» па ч. 2 арт. 243 КК была спыненая. Але праваабаронцаў не вызвалілі з-пад варты — ім прад’явілі новыя абвінавачанні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) па ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і ў фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы былі ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачанні за нявыплату падаткаў.

У лістах на волю Уладзімір Лабковіч усе паўтара гады ўтрымання пад вартай у СІЗА скардзіўся на пагаршэнне здароўя, а менавіта на пастаянныя галаўныя болі, бяссонніцу і зніжэнне зроку.

Суды па справе адбываліся ў 2023 годзе. Разам з У. Лабковічам судзілі Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча.

Падчас судовага пасяджэння 10 студзеня 2023 г. У. Лабковіч скардзіўся на дрэннае самаадчуванне — напярэдадні ў яго была высокая тэмпература — і заяўляў хадайніцтва аб перапынку ў судовым пасяджэнні; хадайніцтва было адхілена. Пасля перапынку на абед ён зноў паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне, і запатрабаваў выклікаць хуткую. Медыкі агледзелі палітвязня і заявілі, што ён можа ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні.

Падчас судовага пасяджэння праваабаронцаў «Вясны» трымалі ў клетцы і ў кайданах; з пісьмовых прылад ім дазвалялі карыстацца толькі стрыжнем.

Спрэчкі бакоў адбыліся 9 і 10 лютага, пракурор Аляксандр Кароль запрасіў для Уладзіміра Лабковіча 9 гадоў калоніі.

3 сакавіка 2023 года суддзя Марына Запаснік прыгаварыла У. Лабковіча да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і буйнога штрафу памерам 3000 базавых велічыняў (111 000 рублёў). Таксама суд пастанавіў спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (амаль 300 000 долараў), якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай групай».

Суддзя Святлана Бандарэнка разгледзела апеляцыйны пратэст пракурора і скаргі зняволеных праваабаронцаў на прысуд 21 красавіка 2023 г. у Мінскім гарадскім судзе: апеляцыйныя скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў пакінутыя без задавальнення, канчатковыя тэрміны не змяніліся.

2 траўня стала вядома, што У. Лабковіч быў пераведзены для адбывання пакарання ў папраўчую калонію № 17 г. Шклоў.

Рэакцыя на прысуд

На прысуд, вынесены вясноўцам, жорстка адрэагавалі іх калегі і іншыя праваабаронцы, міжнародная супольнасць і простыя беларусы. Эксперты ААН з гэтай нагоды таксама выступілі з заявай.

Урсула фон дэр Ляйен, старшыня Еўракамісіі[4]

«Я рашуча асуджаю прысуд рэжыма Лукашэнкі лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму і актывістам „Вясны“. Іх трэба вызваліць. Іх барацьба за правы чалавека і справядлівасць у Беларусі будзе працягвацца. Спробы прымусіць іх замаўчаць будуць правальнымі. Мы будзем несці іх галасы».

FIDH заклікаў да «жорсткай міжнароднай рэакцыі»[5] на прысуд праваабаронцам «Вясны»

«Пасля суда, які прайшоў з парушэннямі, нашы калегі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі прыгавораны да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Мы асуджаем гэты жорсткі і абсурдны прыгавор і заклікаем да жорсткай міжнароднай рэакцыі».

Лукаш Ясіна, прэс-сакратар МЗС Польшчы

«Польшча выступае супраць палітычна матываваных судовых працэсаў і заклікае да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных».

24 сакавіка 2023 года некалькі экспертаў ААН накіравалі ліст (BLR 1/2023[6]) беларускім уладам, выказаўшы асцярогі наконт таго, як праходзіў судовы разгляд, і адзначыўшы, што ён грунтаваўся на палітычна матываваных абвінавачаннях. «Вясна» дакументавала жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, якія аспрэчвалі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і адстойвала правы палітычных зняволеных.

У іншым лісце, адпраўленым 15 снежня 2023 года (BLR 10/2023[7]), эксперты ААН асудзілі прызнанне «Вясны» «экстрэмісцкім фармаваннем», адзначыўшы, што дадзеным чынам цэнтр рэпрэсавалі за яго праваабарончую дзейнасць. Яны таксама спаслаліся на атрыманыя імі паведамленні аб тым, што падчас судовага слухання супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча была адвольна затрымана незалежная замежная журналістка для таго, каб перашкодзіць ёй весці рэпартаж. Беларусь не адказала на абодва лісты.

Сям’я

На волі Уладзіміра чакаюць жонка Ніна Лабковіч і трое дзяцей — дачка і сыны-двайняты. Па словах Ніны, яны ведаюць, што іх бацька ў зняволенні.

«Сям’я, інтарэсы дзетак і мае для яго заўсёды на першым месцы. Мы заўсёды ведалі, што гэта наша плячо. Я заўсёды ведала, што ён мяне падтрымлівае. Уладзь — такі тата-тата, разумееце? Ён сапраўды цікавіўся справамі дзяцей. Для яго вельмі важна было прысутнічаць у кожным дні дзяцей, ведаць, чым ён можа ім дапамагчы, як падтрымаць.

Таксама на першым месцы ў яго — развіццё дзяцей. Наш умоўна старэйшы сын [смяецца, бо хлопчыкі — блізняткі] вельмі любіць пагаварыць пра космас, дыназаўраў, фізіку. І рабіў ён гэта толькі з татам, бо толькі ён вытрымліваў гадзіны размовы пра невядомае і цікавае, адказваць на ўсе пытанні. Уладзь чытаў ім казкі рознымі галасамі, выдумляў на хаду герояў з розных мульцікаў. Дзеці падчас гэтага так заўсёды смяяліся, што я казала, што яны не заснуць пасля гэтых казак. А яны рагочуць на палову кватэры, бо тата вельмі смешна гэта робіць.

Пры гэтым, Уладзь — строгі тата. Ён казаў, што трэба вучыцца, разумець межы, быць адказным чалавекам».

Крыніцы

  1. Уладзімір Лабковіч. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (3 сакавіка 2023). Праверана 20 кастрычніка 2024.
  2. Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны". Праваабарончы цэнтр «Вясна» (3 сакавіка 2023). Праверана 20 кастрычніка 2024.
  3. а б Юрист центра "Весна" - о своей работе и стимулах (руск.). Deutsche Welle (26 кастрычніка 2012). Праверана 20 кастрычніка 2024.
  4. Ursula von der Leyen on Viasna verdict.
  5. FIDH statement on Viasna verdict.
  6. Special Rapporteur on the situation of human rights in Belarus Ref.: AL BLR 1/2023.
  7. Ref.: AL BLR 10/2023.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya