Упанішады (санскр.: उपनिषद्, IAST: Upaniṣad) — старажытнаіндыйскія рэлігійна-філасофскія трактаты. З’яўляюцца часткай Ведаў і адносяцца да святых пісанняў, шруці. Іх асноўны змест палягае ў абмеркаванні прыроды Рэальнасці, Брахмана. Лічыцца, што ва Упанішадах выкладзена сутнасць Веданты, адной з шасці філасофскіх сістэм індуізму. «Веданта» азначае канец, завяршэнне Ведаў. Гэтым завяршэннем з’яўляецца безасабовы аспект Абсалютнай Ісціны, рэалізацыя якой — практычная мэта гэтага вучэння.