Францішак Ксаверый Хамінскі
Францішак Ксаверый Хамінскі, Францішак-Ксаверый Гілярыевіч Хамінскі (польск.: Franciszek Ksawery Chomiński, руск.: Франц-Ксаверий Гиляриевич Хоминский; каля 1736[3] — 9 чэрвеня 1809, Вільня) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі, (намінальна) мсціслаўскі ваявода (1788—1795), мінскі губернскі маршалак (1795—1797), пісьменнік. БіяграфіяНалежаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Хамінскіх герба «Ліс». Нарадзіўся ў сям’і Гілярыя Канстанцінавіча Хамінскага (каля 1690 — снежань 1758), харунжага ашмянскага, старосты пагервянскага, уладальніка маёнткаў Гаўе, Верхняе і Рускае Сяло, і Ганны з Копцяў (каля 1700—1800, Рускае Сяло Дзісненскага павета), дачкі Міхала Копаця, старосты ашмянскага і пісара вялікага літоўскага[4]. Меў братоў Міхаіла (1729—1803), суфрагана жамойцкага, пісара вялікага літоўскага; Іаахіма, стольніка ашмянскага; Яна-Каспера, капітана саксонскіх войскаў, Ігнація (пам. пасля 1812), дэпутата Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, сясцёр Анелю-Брыгіту-Агнешку, якая замужам не была; Гертруду-Барбару-Францішку, якая была ў шлюбе з Францішкам Беліковічам; Юзэфу, якая з 24.02.1754 г. была ў шлюбе з Тадэвушам Карлавічам Сулістроўскім, падчашым ашмянскім. Навучаўся за мяжой[4]. У 1764 быў палкоўнікам у канфедэрацыі Чартарыйскіх, у 1768 — членам Барскай канфедэрацыі. Як прыбліжаны гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ездзіў з дыпламатычнымі даручэннямі ў Заходнюю Еўропу[5]. З 1770 па 1774 знаходзіўся з дыпламатычнымі місіямі ў Францыі і Германіі[4]. Служыў у войсках ВКЛ, з 5 студзеня 1775 па люты 1784 паручнік харугвы Булавы вялікай літоўскай і з 30.10.1775 па 27.06.1788 брыгадзір-камендант 2-й (пяцігорскай) брыгады нацыянальнай кавалерыі, з 10.12.1783 па 27.06.1788 генерал-маёр, камандуючы ў 1-й дывізіі Генеральнага штаба[4]. Генерал-маёр войскаў Вялікага Княства Літоўскага (1788—1795)[5]. Займаў пасаду пінскага судовага старосты ў 1782—1794 гг[5]. У 1780 і 1782 пасол на соймах ад Пінскага павета (у 1782 соймавы суддзя), у 1784 маршалак гарадзенскага сойма[4]. З 1786 па 1787 г. маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага[4][5]. Апошні ваявода мсціслаўскі з 31.05.1788[4] па 1795 г. — пасада была намінальнай, бо тэрыторыя былога Мсціслаўскага ваяводства па выніках першага падзела Рэчы Паспалітай ужо ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі[5]. Валодаў маёнткамі Каперавічы, Ігуменава і Паставы Дзісненскага павета (усяго на 1795 г. — 121 вёска і 2679 душ прыгонных муж. полу)[4]. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прадоўжыў палітычную кар’еру ў Расійскай імперыі. У 1795 на дваранскіх выбарах у Мінску быў выбраны першым губернскім маршалкам (прадвадзіцелем дваранства) Мінскай губерні (27.09.1795[4]—1797). У 1796, не праходзячы службы, адразу атрымаў высокі расійскі чын тайнага саветніка. У 1797 арыштаваны па падазрэнні ў змове супраць расійскага імператара Паўла I[5] пасля падачы адраса ад імя дваранства Мінскай губерні, якое «патрабавала вяртання ў кіраванні да ранейшых парадкаў Польшчы»[4]. Памёр 9 чэрвеня 1809 года ў Вільні, пахаваны на могілках Роса ў катакомбах[4]. Літаратурная дзейнасцьАўтар класіцыстычных вершаў, публіцыстычнага «Адказу» (1792). Ёсць меркаванне, што Хамінскі напісаў за Міхала Казіміра Агінскага большасць асветніцкіх паэтычных твораў, апублікаваных пад псеўданімам Слонімскі грамадзянін у зборніках «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і «Байкі і не-байкі» (1788). Перакладаў на польскую мову творы Гарацыя, Жана Расіна, Жака Дэліля, П’ера Карнеля[5]. Характарызаваўся як «…чалавек выключнага розуму…»[4]. У паперах Аляксандра Ельскага захавалася нізка загадак, прыпісаных аўтарству Хамінскага[6]. УзнагародыКавалер ордэнаў Святога Станіслава (1782) і Белага Арла (1785)[5]. Сям’яУ шлюбе з Соф’яй з Тызенгаўзаў (каля 1750 — пасля 1807), дачка Казіміра, старосты дыяменцкага. Яе першы муж Антоній Тамашэвіч Тызенгаўз (1756-19.02.1816), генерал войскаў ВКЛ, харунжы віленскі (1777), староста рагачоўскі, удзельнік Вялікага Сойма (1788—1792), удзельнік паўстання Касцюшкі (1794), кавалер Ордэна Св. Станіслава. Францішак Хамінскі нашчадства не пакінуў. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia