Фрыдрых IV (граф Ціроля)
Фрыдрых IV Пустая кішэнь (ням.: Friedrich IV. mit der leeren Tasche; 1382 — 24 чэрвеня 1439, Інсбрук) — герцаг Пярэдняй Аўстрыі, граф Ціроля з 1406 года. З Леапальдзінскай лініі дынастыі Габсбургаў, заснавальнік цірольскай галіны Габсбургаў. БіяграфіяФрыдрых IV быў малодшым сынам аўстрыйскага герцага Леапольда III Добрага і Вірыдзіс Вісконці, прынцэсы Міланскай. У 1402 годзе Фрыдрых быў прызнаны герцагам, аднак толькі пасля смерці свайго старэйшага брата Вільгельма ў 1406 годзе ён, падзяліўшы землі з астатнімі братамі, атрымаў уласныя ўладанні — Ціроль. У 1411 годзе, пасля смерці іншага бяздзетнага брата, Леапольда IV, пасля чарговага падзелу габсбургскіх зямель, Фрыдрыху IV адышла таксама Пярэдняя Аўстрыя — Форарльберг і група невялікіх уладанняў, раскіданых па Эльзасе, Швабіі і паўночнай Швейцарыі. Першыя гады кіравання Фрыдрыха IV у Ціролі і Пярэдняй Аўстрыі адзначыліся абвастрэннем сацыяльных канфліктаў. Ужо ў 1401 годзе паўсталі сяляне кантона Апенцэля, незадаволеныя ўзмацненнем эксплуатацыі абатам Санкт-Галена. Войскі Фрыдрыха, пасланыя на дапамогу абату, былі разбіты сялянскім апалчэннем у 1405 годзе пры Штосэ. Гэта стала сігналам да пашырэння паўстання на Форарльберг, дзе яго падтрымалі практычна ўсе абшчыны гэтай вобласці. ![]() Затым паднялі мяцеж свабодныя сяляне заходняга Ціроля. Паўстанцы аблажылі Брэгенц. Фрыдрыху IV удалося ў Швабіі набраць новую армію, якая нанесла паражэнне паўстанцам у Форарльбергу. У 1408 годзе ўдалося заключыць мір коштам пацверджання забароны на аднаўленне разбураных паўстанцамі замкаў феадалаў. Апенцэль так і не ўдалося вярнуць у арбіту габсбургскай манархіі: у 1411 годзе ён увайшоў у склад Швейцарскай канфедэрацыі на правах кантона. Праўда, у 1408 годзе ў склад уладанняў Фрыдрыха IV увайшоў Лаўфенбург, былое ўладанне малодшай лініі Габсбургскага дому. Неўзабаве пасля завяршэння сялянскага паўстання пачалося супрацьстаянне Фрыдрыха IV і арыстакратыі Ціроля і Форарльберга. Мясцовае дваранства актыўна выкарыстоўвала цірольскі ландтаг для ціску на герцага і выбіцця з яго новых саступак і прывілеяў. У 1414 годзе Фрыдрых IV выступіў у падтрымку антыпапы Яна XXIII і быў ім прызначаны сцяганосцам (ганфаланьерам) Царквы. Пасля адрачэння Яна, Фрыдрых дапамог таму бегчы ў Шафгаўзен, які належаў яму, што выклікала канфлікт герцага з імператарам Сігізмундам, які на Канстанцкім саборы ў маі 1415 года, нягледзячы на маленні Фрыдрыха аб памілаванні, абвясціў няміласць Фрыдрыху IV і канфіскацыю яго зямель. Адразу ж мноства дваран і гарадоў абвясцілі Фрыдрыху вайну і напалі на яго землі. Больш за ўсё захапілі швейцарцы, якім імператар Сігізмунд абяцаў аддаць у леннае ўладанне ўсе землі, якія яны адбяруць у Фрыдрыха. На дапамогу Фрыдрыху прыйшоў яго брат, герцаг Унутранай Аўстрыі Эрнст Жалезны. Пры падтрымцы штырыйскіх войскаў і мясцовага апалчэння цірольскіх гарадоў удалося даць адпор імперскаму ўварванню ў Ціроль, аднак Фрыдрых IV быў вымушаны адмовіцца ад Ааргау — найстарэйшага радавога ўладання Габсбургаў, якое ў 1417 годзе ўвайшло ў склад Швейцарыі. У 1418 годзе Сігізмунд вярнуў Фрыдрыху большую частку яго ўладанняў. У 1420-х гадах сітуацыя ва ўладаннях Фрыдрыха IV, нарэшце, стабілізавалася. Гэтаму ў немалой ступені спрыяў пачатак прамысловай распрацоўкі сярэбраных рудняў Ціроля, якія далі прыток грашовых сродкаў і значна палепшылі эканамічнае становішча рэгіёна. Вялікае значэнне Фрыдрых IV надаваў падтрымцы гандлю і развіццю гарадоў, якія складалі галоўную апору ўлады герцага. Ён перанёс сваю рэзідэнцыю з Мерана ў Інсбрук, які да таго часу ўжо з'яўляўся найбуйнейшым гарадскім цэнтрам альпійскага рэгіёна. У Інсбруку ў 1439 годзе Фрыдрых IV і сканаў, пакінуўшы спадчыннікам малалетняга сына Сігізмунда. Шлюб і дзеці
Сын:
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia