Штучны розум (фільм)
«Шту́чны ро́зум» (англ.: A.I. Artificial Intelligence, таксама вядомы як AI ці A.I.[1]) — амерыканскі навукова-фантастычны фільм-драма рэжысёра, прадзюсара і сцэнарыста Стывена Спілберга, зняты ў 2001 годзе па матывам апавядання Браяна Олдыса «Суперцацак хапае на ўсё лета» (англ.: Super-Toys Last All Summer Long) з Хэйлі Джоал Осментам, Джудам Лоу, Фрэнсіс О’Конар, Сэмам Робардсам, Джэйкам Томасам і Уільямам Хёртам у галоўных ролях. У цэнтры сюжэта фільма — Дэвід, хлопчык-андроід, запраграмаваны на любоў. Спачатку за стварэнне фільма ўзяўся рэжысёр Стэнлі Кубрык яшчэ ў пачатку 1970-х. Напісаннем сцэнарыя займаўся цэлы шэраг аўтараў, улучаючы Браяна Олдыса, Боба Шоу, Іэна Уотсана і Сару Мейтланд. Фільм знаходзіўся ў стадыі вытворчага пекла цягам некалькіх гадоў з-за таго, што Кубрык лічыў камп’ютарную графіку тых гадоў недастаткова прыгожай. Здымкі фільма пачаліся пасля смерці Кубрыка, у 2000 годзе. Яго месца заняў Стывен Спілберг, якога заняцца кінастужкай угаварылі прадзюсар фільма Ян Харлан і жонка Стэнлі Крысціяна Кубрык. «Штучны розум» атрымаў у цэлым станоўчыя водгукі крытыкаў і быў намінаваны ў дзвюх катэгорыях на прэмію «Оскар» і ў трох катэгорыях на прэмію «Залаты глобус». СюжэтУ XXII стагоддзі глабальнае пацяпленне прывяло да раставання палярных ільдоў, затаплення берагавых ліній, што змушае ўрад ЗША прыняць законы, што строга абмяжоўваюць нараджэнне. З’яўляецца новы клас робатаў — чалавекападобныя андроіды, здольныя эмуляваць думкі і эмоцыі. Людзі і робаты называюцца як о́рга (арганізм) і ме́ха (механізм) адпаведна. Нягледзячы на волю, апошнія не маюць палітычнага і прававога статусу і могуць існаваць законна толькі пры наяўнасці ліцэнзіі[2]. Дэвід, прататып мадэлі, створанай кампаніяй «Кібертроніка», — хлопчыкападобны робат, запраграмаваны на любоў да сваіх чалавечых уладальнікаў. Кампанія тэстуе свой твор на адным з супрацоўнікаў, Генры Свінтане, і яго жонцы, Моніцы. Сын Свінтанаў, Марцін, быў змешчаны ў анабіёз да таго моманту, пакуль не знойдзецца спосаб вылечыць яго рэдкую хваробу. Нягледзячы на тое, што Моніку спачатку палохаў Дэвід, яна ўсё ж актывавала ў ім праграму праекцыявання любові. Дэвід таксама пасябраваў з Тэдзі, робатам-плюшавым мішкам, які клапоціцца пра дабрабыт андроіда. Пасля таго як лячэнне для Марціна было знойдзена, той вяртаецца дахаты, дзе настае саперніцтва паміж ім і Дэвідам. Марцін пераконвае Дэвіда пайсці ўначы ў спальню бацькоў і адстрыгчы ў Монікі пасму яе валасоў, але ў момант, калі Дэвід робіць гэта, бацькі прачынаюцца. На вечарыне ля басейна адзін з сяброў Марціна, спрабуючы актываваць праграму самаабароны Дэвіда з дапамогай нажа, моцна палохае яго. Дэвід чапляецца за Марціна, і яны абодва валяцца ў басейн. Нават на дне Дэвід працягвае трымаць яго. Ад патаплення Марціна ратуе Генры. Бацькі шакаваны дзеяннямі Дэвіда і турбуюцца пра тое, што яго здольнасць любіць таксама дала яму здольнасць ненавідзець. Генры пераконвае Моніку аддаць Дэвіда ў «Кібертроніку», дзе ён будзе знішчаны. Тым не менш, па шляху ў кампанію Моніка мяркуе пакінуць яго ў ляску разам з мішкам, каб усцерагчы яго ад разбурэння. Застаўшыся з Тэдзі, Дэвід успамінае казку Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа», якую яму чыталі бацькі, і вырашае адшукаць Блакітную Фею, каб тая ператварыла яго ў сапраўднага хлопчыка. Ён мяркуе, што мама палюбіць яго пасля гэтага. Адправіўшыся на пошукі, ён трапляе на шоу-імпрэзу «Кірмаш плоці», дзе састарэлых робатаў знішчаюць перад радасным натоўпам. Дэвід апынаецца на крок ад знішчэння, але гледачы, ашукаўшыся рэалістычным характарам Дэвіда, адзінага з усіх робатаў, хто маліў захаваць яму жыццё, адпускаюць яго. Пратаганіст уцякае адтуль разам з Жыгала Джо — робатам, што кінуўся ў бегі пасля вінавачання ў забойстве, якога не здзяйсняў. Джо, Тэдзі і Дэвід адпраўляюцца ў Чырвоны Горад — мегаполіс ЗША. Дзякуючы інфармацыі з галаграфічнай даведкавай сістэмы, што завецца «Доктар Ноу», героі дабіраюцца на верхнія паверхі Ракфелераўскага цэнтра ў часткова затопленым Манхэтэне. Туды яны трапляюць на амфібілёце, лятальным апараце, здольным таксама апускацца пад ваду, які яны ўкралі ў Чырвоным Горадзе ля паліцыі. У Манхэтэне Дэвід сустракае свайго стваральніка, прафесара Алена Хобі, які расказвае яму, што іх сустрэча — гэта эксперымент, што паказвае рэальнасць любові і жадання Дэвіда. Апроч таго, робіцца ясна, што зроблена ўжо шмат копій Дэвіда, у тым ліку і версіі жаночага полу. Дэвід усведамляе, што не з’яўляецца ўнікальным, і пачынае сумаваць. Запаўшы ў маркоту, ён спрабуе скончыць самагубствам, упаўшы з выступу хмарачоса ў акіян, але Джо ратуе яго на амфібілёце. Дэвід кажа Джо, што бачыў Блакітную Фею пад вадой, і хоча спусціцца да яе. У гэты момант Джо хапае паліцыя з дапамогай электрамагніта. Дэвід і Тэдзі спускаюцца на дно ў амфібілёце на пошукі Феі, якая аказваецца статуяй з атракцыёна на Коні-Айлэнд. Тэдзі і Дэвід апынаюцца ў пастцы, калі кола агляду Wonder Wheel падае на іх транспартны сродак. Мяркуючы, што Блакітная Фея рэальная, Дэвід просіць, каб яна ператварыла яго ў сапраўднага хлопчыка, паўтараючы сваё жаданне да таго моманту, пакуль яго ўнутраная крыніца сілкавання не сканчаецца. Так праходзіць дзве тысячы гадоў. Чалавецтва вымірае, а Манхэтэн пахаваны пад некалькімі сотнямі футаў лёду[3]. Робаты ператварыліся ў высокаразвітыя гуманоідныя формы[4]. Яны знаходзяць Дэвіда і Тэдзі, высвятляюць, што тыя з’яўляюцца старажытнымі робатамі, якія бачылі жывых людзей, і размарожваюць іх. Дэвід падыходзіць да замарожанай статуі Блакітнай Феі, якая трэскаецца і разбураецца пасля таго, як ён датыкаецца да яе. Атрымаўшы і асэнсаваўшы ўспаміны Дэвіда, футурыстычныя робаты рэканструююць хату сям’і Свінтан і тлумачаць яму з дапамогай інтэрактыўнай выявы Блакітнай Феі, што немагчыма зрабіць яго чалавекам. Тым не менш, па патрабаванні Дэвіда, яны ўзнаўляюць Моніку праз узор ДНК з пасмы яе валасоў, якую захаваў Тэдзі. Але яна можа жыць толькі адзін дзень, і гэты працэс не можа быць паўтораны. Дэвід праводзіць свой самы шчаслівы дзень з Монікай і з Тэдзі. Пад канец дня яна кладзецца спаць у апошні раз; Дэвід кладзецца поруч з ёй, заплюшчвае вочы і адпраўляецца «туды, дзе нараджаюцца мары». Робат-медзведзяня Тэдзі залазіць на ложак і глядзіць на Дэвіда і Моніку, якія засынаюць. Акцёры
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia