Этыка тэхналогій, тэхнаэтыка ці тэхналагічная этыка — раздзел прыкладной этыкі, які вывучае маральныя і сацыяльныя наступствы распрацоўкі, укаранення і выкарыстання тэхналогій. Тэхнаэтыка даследуе, якім чынам тэхналагічныя інавацыі ўплываюць на правы чалавека, грамадскія каштоўнасці, бяспеку і навакольнае асяроддзе. Тэхнаэтыка - гэта міждысцыплінарная вобласць даследаванняў, якая абапіраецца на тэорыі і метады з розных галін ведаў (камунікацыі, сацыяльныя навукі, інфарматыка і кібернэтыка, філасофія і інш), каб даць людзям магчымасць зразумець этычныя аспекты тэхналагічных сістэм і накірункі развіцця тэхналагічнага грамадства[1].
Ключавыя пытанні этыкі тэхналогій уключаюць:
- Адказнасць распрацоўшчыкаў: маральны абавязак стваральнікаў тэхналогій прадугледжваць патэнцыйныя рызыкі і мінімізаваць негатыўныя наступствы.
- Празрыстасць і тлумачальнасць: патрабаванне да тэхналогій быць зразумелымі карыстальнікам і забяспечваць магчымасць ацэнкі іх уздзеяння.
- Справядлівасць і дасяжнасць: барацьба з лічбавай няроўнасцю і забеспячэнне роўнага доступу да тэхналагічных дасягненняў.
- Канфідэнцыяльнасць і абарона даных: абарона асабістай інфармацыі ва ўмовах лічбавага грамадства
- Экалагічная ўстойлівасць: улік экалагічных наступстваў ад стварэння і выкарыстанні новых тэхналагічных сістэм.
Асаблівае значэнне ў сучаснай этыцы тэхналогій маюць пытанні, звязаныя з развіццём штучнага інтэлекту, біятэхналогій, аўтаматызацыі, вялікіх даных і інтэрнэту рэчаў. Новыя выклікі патрабуюць балансавання паміж інавацыямі і абаронай фундаментальных правоў і свабод чалавека. Этычныя аспекты тэхналогій становяцца прадметам рэгулявання як на ўзроўні прафесійных кодэксаў, так і міжнародных ініцыятыў.
Сення тэхнаэтыка знаходзіць прымяненне ў розных галінах тэхнікі, напрыклад:
- Адукацыйная тэхнаэтыка: мае дачыненне да этычных выклікаў, звязаных з выкарыстаннем тэхналогій у адукацыйных мэтах.
- Біятэхналагічная этыка: звязана з выклікамі, якія ўзнікаюць пры кланаванні, геннай інжынерыі чалавека і даследаванні ствалавых клетак.
- Экалагічная тэхнаэтыка: звязана з тэхналагічнымі інавацыямі, якія ўплываюць на навакольнае асяроддзе і жыццё, напрыклад геаінжынерыяй
- Нанаэтыка: этычныя і сацыяльныя праблемы, звязаных з развіццём тэхналогій змяненняў матэрыі на ўзроўні атамаў і малекул
- Ваенная тэхнаэтыка: этычныя праблемы, звязаныя з выкарыстаннем тэхналогій у ваенных дзеяннях.
Зноскі
- ↑ R. Luppicini and R. Adell. Handbook of Research on Technoethics. — Hershey: Idea Group Publishing, 2008.
Гл. таксама