Этымалагічны слоўнікЭтымалагічны слоўнік — тып лінгвістычнага слоўніка, у якім даюцца звесткі пра паходжанне слоў адной мовы або некалькіх роднасных моў адначасова[1][2]. Тыпы этымалагічных слоўнікаўАдрозніваюць два тыпы этымалагічных слоўнікаў: навуковыя (поўныя) і папулярныя (кароткія, школьныя)[2]. Навуковы слоўнік характарызуецца максімальна шырокім рэестрам, дакладным аналізам розных пунктаў гледжання на этымалогію пэўнага слова, наяўнасцю бібліяграфіі. У ім фіксуецца першаснае значэнне слова, узнаўляецца яго архаічная форма, паказваецца, як утварылася слова, якая прыкмета ляжыць у яго аснове і г. д. Кожны артыкул будуецца як разгляд этымалогіі аднаго слова (каранёвага або вытворнага)[2]. Папулярны слоўнік мае абмежаваны рэестр, вызначаецца агульнадаступным выкладам слоўнікавых артыкулаў, адсутнасцю бібліяграфічных спасылак[2]. Беларускія этымалагічныя слоўнікіУпершыню была пададзена беларуская лексіка на шырокім славянскім фоне ў «Этымалагічным слоўніку славянскіх моў» Ф. Міклашыча (Вена, 1886). Яна займае значнае месца і ў іншых слоўніках славянскіх моў: «Славянскі этымалагічны слоўнік» Э. Бернекера (1908—1913); а таксама фундаментальных слоўніках, работа над якімі вядзецца ў Маскве («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў: праславянскі лексічны фонд», 1974—2002, выпускі 1—29, выданне працягваецца), Кракаве («Слоўнік праславянскі», тамы 1—8, 1974—1984, 2001, выданне працягваецца), у Брне («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў», сшыткі 1—2, 1973—1980)[1]. Значны лексічны матэрыял беларускіх гаворак упершыню ўведзены ў этымалагічныя даследаванні ў працы «Караняслоў рускай мовы, параўнаны з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі» (1842) беларуса па паходжанні Ф. С. Шымкевіча[1]. Спробы этымалагізацыі беларускай лексікі ёсць у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча (1870). Шырэй пададзена беларуская лексіка ў «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» М. Фасмера (тамы 1—3, 1950—1958; рускае перавыданне з дадаткамі, тамы 1—4, 1964—1973, перавыданне 1986—1987, 1996) і ў «Этымалагічным слоўніку польскай мовы» Ф. Слаўскага (тамы 1—5, 1952—1982, выданне працягваецца), «Этымалагічным слоўніку ўкраінскай мовы» (тамы 1—4, 1982—2002, выданне працягваецца)[1]. Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тамы 1–14, 1978–2017, выданне працягваецца[2]). Выданне мае на мэце выявіць словаўтваральныя і семантычныя архаізмы і інавацыі, у тым ліку тэрытарыяльна абмежаваныя запазычанні і калькі з іншых моў, мясцовыя наватворы, асаблівае значэнне надаецца арэальнай характарыстыцы слоў[1]. У кожным з тамоў каля 3 тысяч слоўнікавых артыкулаў з навуковай бібліяграфіяй па прыведзеных словах, у якой улічана манаграфічная і часопісная айчынная і замежная літаратура. Аб’ектам разгляду ў этымалагічным слоўніку могуць быць і фразеалагізмы. Напрыклад, у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава (1981) растлумачана паходжанне каля 450 устойлівых словазлучэнняў сучаснай беларускай мовы[1]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia