Язэп Фларыянавіч Ціхінскі
Язэп Ціхінскі (28 верасня 1842, фальварак Фларэнтынаў, Антушаўская парафія, Рагачоўскі павет, Магілёўская губерня — каля 1922; псеўданімы: Язэп Бурачок, Бурачок) — беларускі лексікограф, карэспандэнт газеты «Наша ніва». Стваральнік самага вялікага слоўніка новай беларускай мовы XIX — сярэдзіны XX ст. Юзаф Ціхінскі, у беларусізаваным варыянце Язэп Ціхінскі або Язэп Фларыянавіч Ціхінскі, у расійскай канцылярскай традыцыі Іосіф Фларыянавіч Ціхінскі (руск.: Иосиф Флорианович Тихинский), з яе часам перакладаецца на беларускую як Восіп Ціхінскі або Восіп Фларыянавіч Ціхінскі. БіяграфіяНарадзіўся 28 верасня 1842 года ў фальварку Фларэнтынаў Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні ў шляхецкай сям’і. Бацькі Фларыян Ціхінскі і Антаніна з Ціхінскіх — парафіяне невялікага Антушаўскага касцёла. Маці была ўладальніцай спадчыннага засценка Мазалаў. Род Ціхінскіх вядомы з XVI ст., адгалінаванне роду Зянкевічаў (Зянковічаў) герба «Сякера» (Siekierz). Язэп скончыў нейкую навучальную ўстанову, атрымаў атэстат за № 11 670. У 1862—1864 гадах служыў у Магілёўскай палаце дзяржаўных маёмасцей памочнікам у гаспадарчым аддзеле, меў чын калежскага рэгістратара. Згодна з тагачаснымі правіламі, каб атрымаць чарговы — губернскага сакратара, трэба было выслужыць тры гады, пры бездакорнай службе — паўтары. Ціхінскі яго атрымаў, але хутка трапіў у адстаўку, магчыма звязаную з яго «польскім» паходжаннем. 25 студзеня 1867 года Магілёўская кантрольная палата пасылае прашэнне магілёўскаму губернатару «допустить к занятиям по найму» адстаўнога губернскага сакратара Ціхінскага. Згода магілёўскага губернатара, а потым і міністэрства ўнутраных спраў была атрыманая. Але ніякіх звестак пра яго далейшую чыноўніцкую кар’еру пакуль не выяўлена. У 1868 годзе 25-гадовы Ціхінскі бярэ шлюб з нашмат маладзейшай за яго Людмілай Яноўскай з маёнтка Прусін, Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1869 годзе ў Ціхінскіх нарадзілася дачка Ядвіга, а ў 1871 — сын Казімір. Абодва атрымалі добрую адукацыю ў расійскіх сталіцах — Ядвіга скончыла Бястужаўскія курсы ў Пецярбургу, Казімір — Пецярбургскі Аляксандраўскі кадэцкі корпус і Імператарскае Маскоўскае тэхнічнае вучылішча. Biełaruska-polska-rasijski sloŭnikПрацу па збіранні лексікі беларускай мовы для вялікага трохмоўнага «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» дробны памешчык Магілёўскай губерні Я. Ціхінскі распачаў яшчэ ў 1870-я гады. Яна была завершана аўтарам толькі ў 1900-х гадах. Аб гэтым сведчаць надпісы, зробленыя на старонках рукапісу: над літарай Д (daliczania − dalikacicca) складальнік пазначыў алоўкам «1 styc. 1906», над літарай К (kaczacca — kaczan) «4 listap. 1906» (933, 3r). Даследчык М. Ф. Гуліцкі ўказвае на своеасаблівасць слоўнікавай працы, паколькі ў ёй выкарыстоўваецца трохмоўе, што абумоўлена грамадска-палітычнымі ўмовамі Беларусі таго часу. «Развіццё слоўнікавага саставу беларускай літаратурнай мовы ў XIX ст. адбывалася ва ўмовах існавання на Беларусі так званага полілінгвізму, калі рускія і польскія словы мелі шырокі доступ і ўзбагачалі яе моўна-стылістычныя сродкі» . Ціхінскі імкнуўся адштурхнуцца пэўным сэнсе ад гэтых моў, пераважна абапіраючыся на наяўныя сродкі беларускай мовы. Праца над слоўнікам адбывалася на працягу 40 гадоў, з гэтай прычыны аўтар страціў зрок. (Аб тэмпе яго працы сведчаць некаторыя факты. З 1904 г. пачаў пісаць у наступным тэмпе: том А на кожным з 11 аркушаў па 16 старонак мае даты: 1, 7, 9, 12, 16, 18, 20, 25 верасня, 8, 9, 19 кастрычніка 1905 г., 37 аркушаў тома К напісаны з 1 лістапада 1906 г. па 26 мая 1907 г.; 96 аркушаў тома Т (каля 30 тыс. слоў) напісаны за год і г.д.). Пасля 1917 г. Ціхінскі цяжка хварэў і ў новых эканамічных умовах не меў магчымасці выдаць слоўнік за ўласныя сродкі. У 1921 г. рукапіс трапіў прадстаўніку навукова-літаратурнага аддзела Народнага камісарыята асветы Беларусі. Пасля заснавання Інбелкульта перададзены ў бібліятэку Інстытута. 16-томны рукапіс перакладнога «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» Ціхінскага ў 641 аўтарскі аркуш прадстаўляў на той час галоўную каштоўнасць Інстытута. М. Байкоў добра быў знаёмы з рукапісам слоўніка і адзначаў памер працы прыкладна ў 10 250 старонак на 150 тысяч слоў беларускай мовы. Нашаніўскі этапУ 1906 г. пачынаецца новы этап беларускага нацыянальнага руху — «нашаніўскі». Беларускі навуковец становіцца «пранумаратарам» (падпісчыкам) газеты і карэспандэнтам — адзіным на ўвесь Чэрыкаўскі павет. Усяго ў 1909—1912 гг. «НН» былі надрукаваныя тры яго допісы. Аўтара, «селяніна» Язэпа Бурачка, клапоцяць адвечныя для земляроба праблемы неспрыяльнага надвор’я («У нас весна ў гэтым гаду была доўгая, мокрая і халодная») і неўраджаю (хлеба па вёсках у гаспадароў ужо нема), беспрабуднага п’янства аднавяскоўцаў (ў нас такі звычай, што бацькі ды й дзядзькі зацягваюць дзяцей у шынкі). Відавочна Бурачку ў жыцці давялося сустрэцца з несправядлівасцю, бо шмат ўвагі удзяляецца гэтай тэме (з магазыну даюць крыху і то багацейшым і спрытнейшым, хто ведае каму і як пакланіцца; па якімсь там інтрыгам, памелі ахвоту памсціцца і нагадзіць яму) і г. д. Аднак часам селянін хутчэй саступае месца ліберальнаму абшарніку, які важную ролю ў жыцці краіны адводзіць развіццю асветы, парламенцкай дэмакратыі і земскаму самакіраванню, што прыносяць вялікую карысць для супольнага дабра, рэзка выступае супраць чарнасоценцаў і ўрадавага гвалту. У сваёй рабоце «Гісторыя і сучаснасць» Сцяпан Хусейнавіч Александровіч цытуе частку ліста ў «НН» селяніна з Прусіна Паўлюка Жучка, які пісаў так: «Прачытаўшы адзін № Вашай газеткі, мне вельмі захацелася, як беларусу, чытаць пісьмо гэтае ў сваёй роднай мове. Пасылаю мазалём дабытыя грошы і прашу высылаць з 1 ліпца 1909 г. гэту Вашу „Нашу Ніву“». Архіўныя пошукі дазволілі выявіць гэты ліст, ён заканчваецца так: «друкаваную літарамі рускімі вэдлуг такога адресу: на станцію Крычаў, Магілёў. губ, у маёнтак Прусін Ціхінскаму для Паўлюка Жучка». Адправіў жа ліст настаўнік Яўхім Варанцоў, герой нашаніўскай карэспандэнцыі 1910 г. з Прусіна. Цалкам магчыма, што пад гэтым псеўданімам хаваецца якраз Варанцоў, бо настаўнікам было забаронена выпісваць першую беларускую газету. Ліст Ціхінскага ад 31 снежня 1909 года, змяшчае звесткі пра календары «рускімі буквамі і польскімі» літарамі, высланыя рэдакцыяй даследчыку. Арыгінал допісу Ціхінскага у «НН» 1912 г. змяшчае просьбу «выслаць …10 календароў, як будуць надрукаваны…». Такім чынам, згаданыя дакументы сведчаць, што Ціхінскі імкнуўся не толькі сабраць багацці беларускай гаворкі, але і распаўсюдзіць друкаванае народнае слова. ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia