Ідыш-беларускі слоўнік
Ідыш-беларускі слоўнік — выданне, у якім змешчана лексіка найбольш вядомых слоўнікаў ідыша, частка неапублікаваных фразеалагічных матэрыялаў з архіва Ш. Рохкінд і В. Сосенскага, а таксама жывая лексіка ідыша[1]. Аўтар слоўніка — мастак-рэстаўратар Аляксандр Астравух. Выдадзены ў Мінску ў 2008 годзе тыражом 1000 экзэмпляраў. Гэта другі ідыш-беларускі слоўнік у гісторыі Беларусі (першы быў складзены ў 1932 годзе пры ўдзеле Самуіла Плаўніка). Падрыхтоўка і выданнеУ 1984 годзе Аляксандр Астравух трапіў у Мсціслаў, дзе, дзякуючы выкладчыку Алегу Хадыку, пачаў вывучаць ідыш[2]. У 1997 годзе ў Мінску адбылася сустрэча лінгвіста Довіда Каца з рэстаўратарам, пасля якой Аляксандр Астравух пачаў працу над слоўнікам. Лёс выдання вызначыў удзел яго ўкладальніка ў семінары па вывучэнні ідыша ў 1999—2004 гадах, які праходзіў у Вільні[3]. У 2008 годзе ў мінскім выдавецтве «Медысонт» выйшаў слоўнік, спонсарам якога выступіў прадпрымальнік з Санкт-Пецярбурга Андрэй Гарбенка[4]. Гэта другі ідыш-беларускі слоўнік за ўсю гісторыю Беларусі (першы быў апублікаваны ў 1932 годзе)[5]. 26 верасня 2008 года ў Мінску адбылася прэзентацыя выдання. Адам Мальдзіс назваў слоўнік «сапраўднай энцыклапедыяй яўрэйскага жыцця», а Пётр Садоўскі — «жывым святам душы»[6]. ЗместУ прадмове аўтар кажа, што мэтай кнігі было сабраць разам пад адной вокладкай усё найлепшае ў ідышы, яўрэйскі скарб, які быў раскіданы па розных краінах, мовах і друкаваных выданнях[4]. Слоўнік мае каля 25 тысяч слоўнікавых артыкулаў і 50 тысяч слоў. У выданне ўвайшла фразеалогія ідыша з прымаўкамі і прыказкамі, пажаданнямі і прывітаннямі, дражнілкамі і праклёнамі, загадкамі і скорагаворкамі, каламбурамі, цытатамі з яўрэйскіх песень, анекдотаў і літаратурных твораў. Пры складанні кнігі было выкарыстана шмат слоўнікаў, якія выйшлі ў свет у XIX—XX стагоддзях[7]. Выданне ўпрыгожана малюнкамі і здымкамі беларускіх сінагог[8]. ВодгукіУ аглядзе, апублікаваным у часопісе «Народ Книги в мире книг», адзначаецца, што выданне мае вялікі спіс бібліяграфічных крыніц, у які ўвайшлі не толькі граматыкі, падручнікі і слоўнікі ідыша, але нават зборнікі народнай музыкі і кулінарныя кнігі. Слоўнік дэманструе багацце як ідыша, так і беларускай мовы. Асаблівасцю выдання з’яўляецца запіс яўрэйскіх слоў лацініцай. Адзначаецца, што выданне мае рэдкі і каштоўны моўны матэрыял[9]. Вольф Масковіч у «Jews and Slavs» адзначае, што аўтар слоўніка, добра ведаючы беларускі дыялектны матэрыял і надаючы ўвагу запазычанням з славянскіх моў у ідышы, змог выправіць памылкі і недакладнасці, якія былі ў іншых слоўнікаў ідыша[10]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia