Ілья Данілавіч Гурскі
Ілья́ Гу́рскі, поўнае імя Ілья́ Дані́лавіч Гу́рскі (26 красавіка 1899, в. Замосце, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 11 жніўня 1972) — беларускі пісьменнік, драматург. У 1927—1930-х гадах як загадчык Галоўліта БССР адказваў за цэнзуру ў беларускай літаратуры[2]. БіяграфіяНарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Замосце Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці). Скончыў Магілянскую народную школу. У 1914 годзе ў пошуках працы накіраваўся ў Петраград. Батрачыў у маёнтку непадалёк ад станцыі Любань Мікалаеўскай чыгункі (Наўгародская губерня). У 1915—1916 гадах працаваў падсобным рабочым на пякарні ў Петраградзе, потым качагарам на паравозе (Абухаўскі сталеліцейны завод)[3]. У 1917 годзе ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе. У 1919 годзе ўступіў ў партыю бальшавікоў і паводле партыйнай мабілізацыі трапіў у Чырвоную Армію. Ваяваў па Паўднёвым фронце ў час грамадзянскай вайны ў Расіі, пазней удзельнік польска-савецкай вайны. Быў паранены пад Растовам-на-Доне[3]. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь (БССР). З 1924 года працаваў у Галоўліце БССР, Галоўрэперткаме, Галоўмастацтве БССР. Уваходзіў у Рэспубліканскую камісію па праверцы ўцалелых прыватных бібліятэк, гімназій і іншых навучальных устаноў[3]. У сакавіку 1927 года стаў загадчыкам Галоўліта БССР[4], на гэтай пасадзе адказваў за цэнзуру ў беларускай літаратуры[2]. Таксама адказваў за цэнзуру тэатральнага рэпертуару на пасадзе старшыні Галоўрэперткама. У лістападзе 1929 года Гурскі дакладаў, што Галоўрэперткам выкрасліў з рэпертуару беларускіх тэатраў такія п’есы, як: «Дзядзька Якуб» Ф. Аляхновіча, «Нажыўся» І. Бэна, «Астап» А. Глобы, «Фанатык» У. Галубка, «Скарынін сын з Полацку» М. Грамыкі, «Айцец Мікола» і «Снягурачка» М. Ільінскага, «Тутэйшыя» Я. Купалы, «Слуцкая варона» М. Кудзелькі (М. Чарота), «Чаму змоўк гармонік над Дзвіной» Я. Рамановіча, «Апраметная» В. Шашалевіча, «Каля тэрасы» М. Грамыкі[5]. У 1932 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1935 годзе аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук. У 1935—1941 гадах — рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года, адказны сакратар газеты «Беларуская звязда» — органа Палітычнага ўпраўлення Заходняга фронту[3]. З 22 чэрвеня 1941 года па лістапад 1942 года служыў у Чырвонай Арміі. Затым разам з групай беларускіх пісьменнікаў быў дэмабілізаваны. У час Другой сусветнай вайны Ілья Гурскі быў адказным сакратаром франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», рэдактарам газеты «За свабодную Беларусь» і сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка». Пасля вайны, з 1944 па 1960 год узначальваў часопіс «Беларусь». Быў членам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1934), на працягу многіх гадоў быў членам прэзідыума саюза. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска[6]. ТворчасцьУ пачатку творчай дзейнасці Ілья Гурскі пісаў у асноўным драматургічныя творы. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930; пастаўлена ў БДТ-2 у 1931 г.), «Новы горад» (1932), «Маці» (1934), «Сваты» (1935; пастаўлена ў БДТ-1 у 1936 г.), «Патрыёты» (1939), «Хлеб» (1949), «Свае людзі» (1950; пастаўлена ў Пінскім абласным драматычным тэатры ў 1950 г.) і інш. Напісаў п’есу для дзяцей «Сварка» (1929), радыёп’есу «На крэсах усходніх» (1933), аднаактовыя п’есы «На варце» (1938) і «Клад» (1941). Многія з твораў аўтара былі пастаўлены аматарскімі драматычнымі гурткамі. Апавяданні Гурскі пачаў пісаць з 1934 года. Для іх, як і для п’ес аўтара, характэрна актуальная для таго часу тэматыка: індустрыялізацыя і калектывізацыя, калгаснае жыццё. Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць. Публікацыі 1930-х гадоў Ілья Гурскі пісаў у стылі вульгарнага сацыялагізму[7]. Займаўся цкаваннем і выкрыццём нацыянал-дэмакратызму ў час палітычных рэпрэсій[8]. У 1951 годзе выйшлі «Выбраныя творы» Ільі Гурскага. Аўтар кніг апавяданняў «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1955), «У вялікай дарозе» (1958), «Родная дарога» (1961); аповесці «Лясныя салдаты» (1945). Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка — барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтаму прысвечаны многія творы Гурскага, у тым ліку аповесць «Лясныя салдаты» і раман «У агні» (1952; новая рэдакцыя 1959 г.). Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі расказваецца ў рамане-хроніцы «Вецер веку» (1966, складаецца з чатырох кніг). У кнігах аўтара вельмі часта сюжэт пабудаваны на фактычным матэрыяле. У 1971 годзе напісаны раман-памфлет «Чужы хлеб». Перакладаў на беларускую мову Максіма Горкага, Антона Чэхава, Марка Твэна. Ацэнкі творчасціЛітаратуразнавец Іван Чыгрын адзначае вульгарны сацыялагізм у публікацыях Гурскага 1930-х гадоў[7]. Сымон Кандыбовіч піша пра ўклад Ільі Гурскага ў разгром нацыянальнага руху ў Беларусі ў 1930-х гадах[9]:
УзнагародыУзнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1969). Ушанаванне памяціІмем Ільі Гурскага названа вуліца ў Мінску, на будынку, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імем названа Нёманская сярэдняя школа (в. Магільна, Уздзенскі раён). Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia