Алесь Каўрус
Алесь Каўрус, поўнае імя Аляксандр Аляксандравіч Каўрус (18 мая 1935, в. Брусы, цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць — 12 кастрычніка 2022, Мінск) — беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1965), дацэнт. БіяграфіяВучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. У 1959—1962 гадах працаваў настаўнікам у Мядзельскім раёне. Пасля навучання ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце ў 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1965—1968 гадах працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага педагагічнага інстытута, у 1968—1974 гадах — старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Балюча ўспрымаў знішчэнне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзілі савецкія ўлады, а таксама ўсеагульную русіфікацыю грамадскага і палітычнага жыцця, не прымаў антыбеларускую пазіцыю тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяроддзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях пастаянна адстойваў самабытнасць беларускай мовы, яе правы ў грамадскай сферы. У пачатку 1974 года Каўрус быў дастаўлены ў КДБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытута, якая знаходзілася пад ціскам парткаму і дырэкцыі, вынесла пастанову пра яго неадпаведнасць займанай пасадзе. У пратаколе пасяджэння рады ў прыватнасці запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяроддзі людзі, якія свядома становяцца на пазіцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду… Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, з якіх відаць, што гэта група (гаворка пра навукоўцаў з „Акадэмічнага асяродку“) сыходзілася ў поглядах, перыядычна збіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытанні ў закрытым парадку». Паводле загаду дырэктара ад 4 красавіка 1974 года Каўрус быў звольнены з працы. Былі вернуты з выдавецтва рукапісы яго манаграфіі і артыкулаў, яго прозвішча выкрэслівалася з публікацый іншых аўтараў. Прозвішча жонкі было выкраслена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», над якімі яна працавала як рэдактар. Наступная праца Каўруса была апублікаваная толькі праз 6 гадоў. Больш за паўгода пасля звальнення з інстытута Каўрус быў без працы. 17 кастрычніка 1974 года ўладкаваўся на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». З 1981 года працаваў на кафедры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У 1982—2006 гадах быў дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Даследаваў мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і іншае. Аўтар некалькі кніжак і больш як 250 артыкулаў. Бібліяграфія
УзнагародыЗноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia