Андэрс Цэльсій
Андэрс Цэльсій (шведск.: Anders Celsius; 27 лістапада 1701, Упсала, Швецыя — 25 красавіка 1744, Упсала, Швецыя) — шведскі астраном, геолаг і метэаролаг (у тыя часы геалогія і метэаралогія лічыліся часткай астраноміі). БіяграфіяПрафесар астраноміі Упсальскага ўніверсітэта (1730—1744). Ён прапанаваў шкалу Цэльсія, у якой тэмпература патройнай кропкі вады (гэтая тэмпература практычна супадае з тэмпературай плаўлення лёду пры нармальным ціску) прымалася за 100, а тэмпература кіпення вады — за 0. У 1745 годзе, ужо пасля смерці Цэльсія, шкала была перавернутая Карлам Лінеем (за 0 сталі прымаць тэмпературу плаўлення лёду, а за 100 — кіпенне вады), і ў такім выглядзе выкарыстоўваецца да нашага часу. Разам з французскім астраномам П’ерам Луі Мора дэ Маперцюі ўдзельнічаў у экспедыцыі з мэтай вымярэння адрэзка мерыдыяна ў 1 градус у Лапландыі (тады — частка Швецыі). Аналагічная экспедыцыя была арганізавана на экватар, на тэрыторыі цяперашняга Эквадора. Параўнанне вынікаў пацвердзіла здагадку Ньютана, што Зямля ўяўляе сабой эліпсоід, пляскаты ля палюсоў. Назіраў палярнае ззянне і апісаў больш за 300 сваіх і чужых назіранняў. Выявіў, што адхіленні стрэлкі компаса карэлююцца з інтэнсіўнасцю ззяння. На гэтай падставе зрабіў правільнае заключэнне, што прырода Паўночнага ззяння звязана з магнетызмам. У 1741 годзе заснаваў Упсальскую астранамічную абсерваторыю. Вельмі дакладна вымераў яркасць 300 зорак, выкарыстоўваючы сістэму аднолькавых шкляных пласцін, якія паглыналі святло. Бацька Андэрса Цэльсія, Нільс, і абодва дзяды, Магнус Цэльсій і Андэрс Споўл, таксама былі прафесарамі. Навукоўцамі былі і шматлікія іншыя сваякі Андэрса Цэльсія, у тым ліку яго дзядзька Улаф Цэльсій (1670—1756), тэолаг, батанік, гісторык і ўсходазнаўца. У гонар вучонага названы мінерал цэльзіян. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia