Беларуска-літоўская граніца
![]() Беларуска-літоўская граніца — дзяржаўная граніца працягласцю 678,819 км[1]. Пачынаецца ад патройнага сутыку з Польшчай на паўночным захадзе і цягнецца да патройнага сутыку з Латвіяй на паўночным усходзе. Сучасная граніца паўстала пасля распаду СССР, калі абедзве дзяржавы атрымалі незалежнасць. Першая спроба стварэння граніцы адбылася згодна з Маскоўскім дагаворам ад 12 ліпеня 1920 года, калі Савецкая Расія празнала за Літвой землі з Вільняй, Гродна, Лідай і Ашмянамі. Першая беларуска-літовіская граніца паўстала ў 1939 годзе, пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Яна супадала са старай літоўска-польскай граніцай. Паводле савецка-літоўскай угоды ад 10 кастрычніка 1939 года СССР перадаў Літве раён Вільні і Аранаў, а таксама вузкі пас зямлі ў бок Свянцянаў[2][3]. Пасля абвяшчэння Літоўскай ССР, 6 лістапада 1940 года ЛітССР атрымала курорт Друскенікі, гарады Свянцяны і Салечнікі, а таксама чыгуначную станцыю Гадуцішкі з навакольнымі вёскамі. Такі падзел рэспублік пратрываў да атрымання абедзвюма дзяржавамі незалежнасці, пасля чаго мяжа ператварылася ў дзяржаўную граніцу. На пачатку 1990-х паміж Беларуссю і Літвой разгарэлася тэрытарыяльная спрэчка за прыналежнасць чыгуначнай станцыі Адуцішкі. Станцыя хоць і знаходзілася ў савецкія часы на тэрыторыі ЛітССР, аднак адміністрацыйна падпарадкоўвалася Беларускай чыгунцы[4]. Толькі ўвосень 1994 беларускі бок, які раней патрабаваў ад Літвы грашовую кампенсацыю за выкарыстанне станцыі, перадаў яе Літве бязвыплатна. 6 лютага 1995 года ў Вільні быў падпісаны дагавор аб беларуска-літоўскай мяжы[5], ратыфікаваны Беларуссю 26 кастрычніка 1996 года. Дагавор юрыдычна вызначыў і замацаваў дзяржаўную мяжу на аснове «савецкай» лініі 1940 года[4]. 12 чэрвеня 1997 года ў раёне памежнага пераходу «Беняконі» ўстанавілі першы памежны знак. Устаноўку апошняга (1957-га) памежнага знака ажыццявілі 1 сакавіка 2006 года ў раёне возера Гілута ў Браслаўскім раёне. У чэрвені 2007 года дэмаркацыю завяршылі. Абмен канчатковымі дэмаркацыйнымі дакументамі адбыўся ў Вільні 19 чэрвеня 2008 года. Беларуска-літоўская дзяржаўная мяжа стала першай мяжой краіны ЕС з Беларуссю, на якой скончылі работы па дэмаркацыі. На мяжы працуюць 6 міжнародных памежных пунктаў пропуску (2 чыгуначныя і 4 аўтадарожныя) і 11 аўтадарожных для мясцовага руху (спрошчаных)[6]. Гл. таксамаЗноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia