Бельскі прывілейБельскі прывілей — прывілей, выданы вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам 1 ліпеня 1564 года на сойме ў Бельску Падляшскага ваяводства. Адзін з юрыдычных актаў, што ўдасканальвалі прававыя нормы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Апублікаваны ў час падрыхтоўкі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. пасля настойлівых просьбаў шляхты, якая намагалася пашырыць свае саслоўныя і палітычныя правы. Паводле прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах судовыя органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Абвяшчаў роўнасць шляхты перад судом і законам. Вялікі князь гарантаваў неўмяшанне адміністрацыі (ваявод і старастаў) у судовыя справы шляхты і абяцаў у хуткім часе выдаць на сойме новы статут, у якім прадугледжвалася ўтварэнне судоў, што выбіраліся шляхтай. Асобна агаворвалася, што правы царквы і духоўных судоў (каталіцкіх і праваслаўных) захоўваюць сваю сілу на падставе даўніх прывілеяў, якія мелі каталіцкія біскупы і праваслаўныя ўладыкі. У складанай палітычнай сітуацыі ў час Інфлянцкай вайны 1558—1582 гадоў на абмежаванне сваёй улады і прэрагатыў у судовых адносінах пайшлі не толькі вялікі князь, але і паны-рада і старасты (пераважна магнаты). Яны былі вымушаны адмовіцца ад сваіх судовых правоў і даходаў дзеля кансалідацыі саслоўя феадалаў. Усе палажэнні прывілея былі ўзяты з праекта новага статута. Аднак у Статуце 1566 г. яны сфармуляваны больш поўна і дакладна. Дапаможны, службовы характар прывілея выявіўся ў тым, што ў Статуце 1566 ён змешчаны як уводны закон і склаў з ім адзіны прававы акт. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia