У 2010-х гадах краіны Еўропы ахапіў міграцыйны крызіс, выкліканы наплывам мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу. Крызіс суправаджаўся канфліктамі і ростам напружанасці паміж мясцовым і прышлым насельніцтвам, а таксама ростам ультраправых і антыісламскіх настрояў у грамадстве, у тым ліку ў Вялікабрытаніі.
29 ліпеня 2024 года ў дзіцячай танцавальнай студыі ў горадзе Саўтпарт (Мерсісайд) адбыўся нажавы напад, падчас якога трое дзяцей былі забітыя і яшчэ дзесяць чалавек атрымалі раненні[24]. На месцы здарэння арыштаваны 17-гадовы Аксель Рудакубана, грамадзянін Вялікабрытаніі руандыйскага паходжання. Яму прад’яўленыя абвінавачванні ў забойстве, у замаху і захоўванні халоднай зброі[25][26][27][28].
Ход падзей
Увечары 30 ліпеня на месцы трагедыі ў Саўтпарце адбылося ўсяночнае трыванне, на якім прысутнічалі тысячы людзей. Там і побач з месцам нападу былі пакінутыя кветкі і рукапісныя запіскі[29]. Таксама натоўп сабраўся каля мячэці[30], адбыліся сутыкненні з праваахоўнікамі[31]. Адзін паліцэйскі грузавік быў падпалены[32].
31 ліпеня ўспыхнулі пратэсты ў горадзе Хартлпул графства Дарэм. Пратэстоўцы кідалі ў супрацоўнікаў паліцыі яйкі і шкляныя бутэлькі[33][34]. Таксама была праведзеная акцыя пратэсту ля гатэля ў Олдэршоце, у якім размяшчаліся мігранты. Паліцыя Гэмпшыра паведаміла пра натоўп з 200 чалавек. Асобныя дэманстранты кідалі прадметы і вымаўлялі расавыя абразы[35]. Адбыліся таксама сутычкі ў горадзе Манчэстэр[36].
1 жніўня ў цэнтры Лондана пачаліся беспарадкі каля рэзідэнцыі прэм’ер-міністра. Праваахоўнікамі было затрымана каля ста чалавек[37][38].
Увечары 2 жніўня пратэстоўцы пачалі збірацца на Кільскай плошчы Сандэрленда для маршу па цэнтры горада. Дэманстрантаў суправаджала конная паліцыя ў ахоўным рыштунку. Сілавікі і пратэстоўцы пачалі сутыкненні ля мячэці на Сэнт-Маркс[39][40]. Удзельнікі акцый падпалілі паліцэйскі ўчастак[41][42]. Паралельна праведзена масавая дэманстрацыя ў Ліверпулі[43][44].
3 жніўня ў Англіі прайшлі масавыя пратэсты правых актывістаў[45][46]. У Лідсе каля 150 пратэстоўцаў скандавалі лозунгі «Мусульмане-педафілы прэч з нашай вуліцы» і «Спыніце лодкі»[47]. У Кінгстан-апан-Хал пратэстоўцы напалі на гатэль, у якім пражывалі мігранты, кідаючы цэглу і разбіваючы вокны[48], а ў Ліверпулі ўльтраправыя актывісты кідалі цэглу ў паліцыю[49]. Прайшлі масавыя арышты ўдзельнікаў беспарадкаў у гарадах Блэкпул[50] і Брысталь[51][52]. Зафіксаваны вулічныя сутычкі ў Белфасце[53].
4 жніўня пратэстоўцы паспрабавалі падпаліць гасцініцу Holiday Inn Express у горадзе Ротэрэм, дзе пражывалі ўцекачы. Асобы ў масках закідалі будынак прадметамі, разбілі некалькі вокнаў і падпалілі будынак[54][55][56]. Пазней пратэстоўцы напалі на другі гатэль, дзе таксама былі мігранты. Яны падпалілі дзвярны праём, разбілі вокны і закідалі паліцыю бутэлькамі з запальнай сумессю[57]. У Соліхале праведзена буйная пратэстная акцыя супраць мігрантаў[58].
4—5 жніўня разгарнуўся антыпратэстны рух, прадстаўлены антыфашыстамі і антырасістамі[59][60][61][62]. 5 жніўня ў Белфасце невядомыя напалі на краму[63]. 6 жніўня там жа людзі ў масках напалі на дамы і машыны мігрантаў[64].
7 жніўня ў розных раёнах Лондана прайшлі буйныя контракцыі праціўнікаў пратэстаў[65][66]. У Белфасце адбыліся вулічныя сутычкі пратэстуючых з паліцыяй[67]. Беспарадкі ў горадзе працягнуліся і 10 жніўня, якія ахапілі і іншыя гарады Паўночнай Ірландыі[68][69][70]. Тым часам прайшлі антырасісцкія дэманстрацыі ў Шатландыі[71].
Рэакцыя
Брытанскі дэпутат Прыці Патэл заклікала тэрмінова сабраць парламент, які сышоў на вакацыі[72].
5 жніўня прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер правёў сустрэчу з Надзвычайным урадавым камітэтам на фоне выступленняў супраць мігрантаў[73][74][75][76].