Будынак Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі
Будынак Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі — будынак у Мінску, размешчаны па адрасе вул. Грыбаедава, 22. Пабудаваны ў 1975 г. (архітэктары Л. Маскалевіч, Г. Ласкавая). АрхітэктураБудынак узведзены з цэглы, зборнага і маналітнага жалезабетону. У складанай кампазіцыі дамінуюць кантрасныя па вышыні і пластычным вырашэнні аб’ёмы канцэртнай залы і пяціпавярховага вучэбнага корпуса. Яны аб’яднаны на галоўным фасадзе вышынным лесвічным блокам асіметрычнай формы. Да асноўных аб’ёмаў прымыкаюць, утвараючы прамавугольны ўнутраны дворык, дапаможныя карпусы, дзе размешчаны майстэрні, склады, сталовая. Галоўны ўваход аформлены магутнымі пілонамі, што падтрымліваюць фае канцэртнай залы, якое навісае ў выглядзе кансолі. Рытм пілонаў падкрэслівае пластычна выразнае рабрыстае зашкленне фае. Спалучэнне шэрай паверхні жалезабетону, чырвонай і белай тынкоўкі — важны дэкаратыўны элемент збудавання. Аконныя праёмы чатырох верхніх паверхаў вучэбнага корпуса вылучаны строгім белым абрамленнем. Аб’ёмы комплексу аб’яднаны агульнымі вестыбюлем, гардэробам, лесвічнымі холамі. Планіроўка вучэбнага і дапаможных карпусоў калідорная. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны дрэва, метал, кераміка. На пляцоўцы перад уваходам, да якога вядзе шырокая лесвіца, устаноўлена бронзавая скульптурная кампазіцыя «Арфей» (скульптар В. Занковіч). Вестыбюль будынка ўпрыгожвае габелен «Музыка» (эскіз мастака А. Кішчанкі). Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia