Варанчанская сядзіба
![]() ![]() Варанчанская сядзіба — сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Варонча ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Быў спалены у ноч з 30 красавіка на 1 мая 1943 г. савецкімі партызанамі. Стварэнне і разбудова сядзібна-паркавага комплексуСядзібу заклаў у 1787 апошні наваградскі ваявода Юзаф Несялоўскі. Панскі дом і два бакавыя флігелі стваралі парадны двор з круглымі газонамі. Архітэктурны комплекс маёнтку дапаўняўся касцёлам Св. Ганны, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі забудовамі і паркам. Сам маёнтак — аднапавярховы прамавугольны драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам меў пераходны характар ад барока да класіцызму: барочная пластыка даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасцю класічнай ордарнай сістэмай, яе порцікамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі прамавугольныя вокны і прасценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі вылучаныя дзвюма чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі, якія накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканні параднай і жылой паловы дома звязваліся паміж сабою анфіладна. Парадная частка складалася з вялікай залы, вітальні, гасцінай, кабінету і іншых памяшканняў (у некаторых сцены і столь былі ўпрыгожаныя роспісам, кафлянымі печкамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася з некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лабірынт скляпенняў. Пасля смерці ваяводы ў 1814 г. яго сын Францішак Ксаверый Несялоўскі, генерал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладанні генерала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 г. прадала маёнтак Антону Мержаеўскаму. Дачкой Антона Мержаеўскага была Ізабэла (1876—1943), якая выйшла за Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) і так маёнтак Варонча стаў зямельнай уласнасцю Любанскіх (да 1939 г.). Іх дачка Аляксандра Аляксандраўна Любанская (1894—1943) выйшла замуж за Адама Чарноўскага (1876—1941). У 1939 г., калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, маёнтак Варонча быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Любанскім. Знішэчнне сядзібыУ час акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі з 1941 г. Ізабэле Любанскай і яе дачцэ Аляксандры Чарноўскай з мужам і дзецьмі, як адміністратарам іх былой маёмасці, нямецкай уладай было дазволена жыхарстваваць у маёнтку Варонча. Яны ўключыліся ў падпольную дзейнасць Арміі Краёвай і падтрымлівалі ўсіх, каму была патрэбна дапамога, у тым ліку яўрэяў, якія хаваліся ад немцаў у ваколіцы, і збеглых савецкіх ваеннапалонных[1]. У ноч з 30 красавіка на 1 мая 1943 г. трымальнікі сядзібы Варонча (8 чалавек — у тым ліку Ізабела Любанская (з роду Мержаеўскіх) (1876—1943), Аляксандра Чарноўская (з роду Любанскіх) (1894—1943), яе сын Юзаф Адамавіч Чарноўскі разам з жонкай Ядвігай і іх дзецьмі) былі забітыя савецкімі партызанамі ў сядзібным доме, а сам дом падпалілі[2][3][4][5]. Сядзіба ў Варончы была спалена разам з касцёлам. У жывых партызаны пакінулі толькі аднаго сына Аляксандры Чарноўскай — сляпога юнака Антонія Адамавіча Чарноўскага (1919—1985/1989), які пасля Другой сусветнай вайны застаўся жыць у Варончы, быў добры музыкант[6], зарабляў на жыццё музыкай на вяселлях і іншых падзеях, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Вацлавай (якая добра спявала і памагала мужу зарабляць музыкай) і быў пахаваны жонкай у Варончы на парафіяльных могілках. Побач з магілай Антонія Адамавіча Чарноўскага ў Варончы пахавана і яго жонка Вацлава Сяргееўна Чарноўская (03.03.1924—11.11.2006). Да сёння захаваліся бровар, касцёл і фрагменты парку. Ад колішняй сядзібы засталася толькі частка муру. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia